• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
09.10.2018 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Народ без Радзімы

Мы ўсе — людзі без Радзімы. Бо Радзіма — гэта месца, дзе цябе ўсе, абсалютна ўсе, да апошняга сабакі, разумеюць. І хто з нас, беларускамоўных, мог бы тут пахваліцца тым, што сустракае шмат разумення, стасуючыся з крамніцамі, жэсаўцамі ці прыходзячы на пошту?

Хто з нас мог бы сказаць, што размаўляе на адной мове з астатнімі? І нават рускамоўныя — хіба яны пачуваюцца “тутэйшымі”? За апошні час у Беларусі паўстаў страшнаваты “наваяз”, мова канцылярызмаў і штампаў. І побач з ім — людзі, якія кіруюць, выпісваюць распараджэнні і спаганяюць грошы на гэтым “наваязе”. “Сваімі” ў моўным сэнсе ў Беларусі могуць быць хіба яны. З той толькі акалічнасцю, што навакольная краіна іх не толькі не разумее, але і не любіць.

 

Мы ўсе — людзі без Радзімы. Бо Радзіма — гэта месца, дзе ўсё робіцца ў імя цябе. Дзе калі ты бачыш, як у парку спілоўваюць старую ліпу, то разумееш: ліпу тую спілоўваюць па тваім у тым ліку запыце. Спілоўвае гарадская адміністрацыя, да існавання якой ты спрычыніўся. На Радзіме любы закон пішацца для цябе і праз цябе. Дзе ўлада таму і ўлада, што ты і твае аднадумцы спрычыніліся да яе з’яўлення. Калі ты мяняеш месца жыхарства і бачыш нейкія незразумелыя табе рэчы, то кажаш сабе: так і мусіць быць. Бо так вырашылі тутэйшыя людзі.

А я тут — госць. І не мне вырашаць, як мусіць працаваць гэтая сістэма. Калі я чытаю, як у Берасці будуюць акумулятарны завод, а тамтэйшых людзей, якія выступаюць супраць яго, затрымлівае міліцыя — я чую подых знаёмага пачуцця. Ну як жа, мы тут госці. Мы тут нічога не вырашаем. Калі я бачу, што робіцца са спробамі светлагорцаў аспрэчыць мэтазгоднасць існавання завода беленай цэлюлозы, я зноў запэўніваюся: тое — не іх, светлагорцаў, радзіма. Заходнія інвестары тут маюць болей моцы, чым яны. Як было прыкра прачытаць допіс пісьменніцы Таццяны Заміроўскай, што цяпер жыве ў ЗША, пра тое, што адбываецца з яе родным дворыкам на Акадэміі навук. Але гэта наша рэальнасць. Застаешся ў Мінску ці ад’язджаеш на колькі гадоў — будзь гатовы, што нехта ўлезе ў твае стасункі з дзяцінствам і памяццю. Дзякуй Богу, францішканскі касцёл у Ашмянах яшчэ стаіць, яшчэ не зруйнаваны. Але калі-небудзь падкосяць і яго. І тады стасункі з горадам, у якім я нарадзіўся, можна будзе канчаткова прызнаць вычарпанымі.

Мы ўсе — людзі без Радзімы. Бо Радзіма — гэта месца, што прымае цябе проста за тое, што ты паходзіш адтуль. Яна любіць цябе за тое, што ты — яе сын. Яна лашчыць цябе і толькі потым — прыхадняў, якія не менш таленавітыя за цябе. Але яны — звонку. А ты — яе, родненькі. Але Беларусь — іншая. У Беларусі рэй вядуць менавіта тыя, хто не адсюль. Пакуль ты не праславішся яшчэ недзе, ты ніколі не будзеш ёй цікавы. Ты тут — пасынак.

Табе трэба скочыць утрая вышэй, чым усе заезджыя знакамітасці — проста каб Беларусь цябе заўважыла. І правіла тое паўстала не сёння. Так было спрадвеку. Віцяблянін Марк Шагал быў нашмат менш цікавы сваім сугараджанам, чым заезджая знакамітасць Казімір Малевіч. Малевіч жа прыехаў з Масквы! Малевіч таму можа атрымліваць заробак у разы большы, чым палучка Марка, які стварыў вучэльню, у якой Малевіч выкладае.

Мы ўсе — людзі без Радзімы. Бо Радзіма — гэта месца, дзе прайшло тваё дзяцінства. Гэта месца, дзе ты можаш прайсціся цяністымі алеямі, у якіх гуляў малым. І хто з нас на тое здольны сёння? Я нарадзіўся ў Ашмянах — горадзе, які быў адметны таўшчэзнымі ліпамі, што атачалі галоўную вуліцу. Ліпаў тых няма. Тым, хто нарадзіўся ў Мінску, яшчэ цяжэй, бо ландшафты дзяцінства і юнацтва скажаюцца тут штодзённа. Бо сербскія інвестары тут маюць больш вагі, чым спрадвечны і святы закон успамінаў.

Мы ўсе — людзі без Радзімы. Бо Радзіма — гэта месца, якое прыслухоўваецца да тваіх адчуванняў будучыні. Якой неабыякава, што ты думаеш пра альянсы, хаўрусы і мытныя дамовы, якія ўкладаюцца нібыта ў тваіх інтарэсах.

Калі аўтамабілі ў адзін дзень падаражэлі, а тыя, хто раней задумваўся пра пяцігадовую “Таёту”, пачаў усур’ёз прыцэньвацца да рускіх “Ладаў” — гэтая сітуацыя на некалькі месяцаў стала зразумелай кожнаму. Калі спатрэбіцца — нас лёгка далучаць да Рэчы Паспалітай. Ці Таёжнай угоды. Мы лёгка заўтра можам прачнуцца ў Руска-Кітайскай імперыі, на паўночна-заходніх яе землях. І так, дарэчы, ужо было. І колькі разоў! Кожны з дзесяці мільёнаў адчуе сябе закладнікам лёсу. Бо мы — не гаспадары на гэтай зямлі. У найлепшым выпадку — падаткаплатнікі. І ўсё на гэтым.

Кожны беларус хаця б раз у жыцці мусіць здзейсніць сваё “вялікае перасяленне”. З Глуска ў Магілёў. З Магілёва ў Мінск. З Мінска — у Маскву, Прагу ці Варшаву. Маршруты прадвызначаныя стагоддзямі нашай “безрадзімнасці”. Калі б Міцкевіч жыў у краіне, дзе ў яго быў бы хаця б малы шанец застацца ўлюбёным сынам — хіба б ён з’ехаў? Каб ідэю Скарыны з друкаваннем Бібліі на мове, зразумелай тутэйшым, прынялі (як прынялі Біблію Лютэра!) — хіба Скарына скончыў бы на пасадзе садоўніка караля ў Празе? Усе нашы вялікія асветнікі, усе нашы выбітныя дзеячы мусілі з’язджаць, каб захаваць амбіцыі. І чаму ты вырашыў, што ты нечым лепшы за іх? Ці што часы цяпер лепшыя за часы Міколы Гусоўскага?

Мы ўсе — людзі без Радзімы. І ў гэтым наша хіба, але ў гэтым жа наша моц. Бо, імкнучыся даказаць, што мы вартыя “людзьмі звацца”, мы мусім кожны раз пачынаць з пачатку. З’язджаць, ірваць жылы, “рабіцца людзьмі” недзе яшчэ. Там нас зневажаюць, там трэба бегчы з усіх сіл, каб проста заставацца на месцы (бы тая Аліса).  Але там прынамсі ёсць шанец, хай сабе нашым меркаваннем увесь час грэбуюць.

Адно прыкра: калі мы нарэшце нечага дасягаем там, у іншым жыцці, унутры назапашваецца такая стома і такая крыўда, што вярнуцца ў родныя мясціны, спусціцца да той самай рачулкі, скалечанай ушчыльненнем і гідкімі новабудоўлямі, прайсціся вуліцамі горада, у якім нарадзіўся і ў якім марыў выступіць хаця б раз, у нас ужо проста не застаецца моцы. Марк Шагал адмовіўся наведаць Віцебск, калі прыязджаў у СССР у 1973-м. Адным сказаў, што прастудзіўся, іншым — што не хоча бачыць, што “яны” зрабілі з Віцебскам ягонай маладосці.

І нам застаецца шукаць тыя ліпы, тую рачулку і тую Радзіму дзе-небудзь яшчэ.

 

Віктар Марціновіч, budzma.by

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства Гісторыя

Унучка пакаранага паўстанца, якая стала адной з самых вядомых у свеце жанчын-хірургаў

Геній медыцыны, адна з першых жанчын у свеце, якая атрымала званне прафесара хірургіі, яна ніколі не была на радзіме...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Новыя элементы ў спісе нематэрыяльнай спадчыны

На пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры...

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура

Новыя кнігі Уладзіміра Арлова да 105-х угодкаў БНР выдаў Kamunikat.org

«Вясну пачынаем дзьвюма новымі кнігамі Уладзіміра Арлова! «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча» — гэта працяг вядомай...

valiancina_shauchenka
Грамадства «Музыка»

«Kalychanka». Новая песня ад Лявона Вольскага

«Лірычная песьня пра тое, як нялёгка і як пачэсна быць Беларусам у гэты складаны, шчымлівы і балючы час», —...

Апошнія навіны

    Грамадства Гісторыя
    Унучка пакаранага паўстанца, якая стала адной з самых вядомых у свеце жанчын-хірургаў
    Грамадства
    Новыя элементы ў спісе нематэрыяльнай спадчыны
    Грамадства Літаратура
    Новыя кнігі Уладзіміра Арлова да 105-х угодкаў БНР выдаў Kamunikat.org
    Грамадства «Музыка»
    «Kalychanka». Новая песня ад Лявона Вольскага
    Грамадства Літаратура
    Адкуль мы ўзяліся: 7 кніг пра нашу гісторыю
    Грамадства
    У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі выяўлены метрычны запіс пра смерць Антаніны Ракасоўскай — маці Маршала Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага
    Гісторыя
    Пра што пісалі ў дзённіках беларускія рэвалюцыянеркі?
    Гісторыя
    Міты Другой Сусьветнай вайны. Да дня спаленьня Хатыні
    Культура
    «Сказаць, што я ў роспачы, гэта нічога не сказаць. Быццам бы жыццё абарвалося» Маргарыта Ляўчук мае праблемы з голасам
    Грамадства Літаратура
    Беларусы Швецыі падрыхтавалі аўдыяварыянт кнігі «Цудоўнае падарожжа Пыхыча й Шустрыка па Беларусі і яе гісторыі»
    Замежжа
    У Беластоку адкрылася фотавыстава святкаванняў Дня Волі ў розныя гады
    Грамадства Кіно
    Мінкульт адмяніў правядзенне кінафестывалю «Нефільтраванае кіно»
    Краіна
    Вуліца «БНР» замест 60 год СССР, Езавітаўскія чытанні замест Паскевіцкіх і шыльда Язэпу Няцецкаму замест Леніна на вакзале
    Культура
    Аўтарскія дыванкі і прыгожыя габелены прадставяць майстры народных рамёстваў на выставах у Віцебску
    Грамадства
    Святлане Алексіевіч заблакавалі банкаўскі рахунак у Германіі

Афіша

  • 23.03

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Прэзентацыя трэцяга тома трылогіі «Галасы Беларусі» ў Вільні

  • 23.03 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 23.03 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 23.03 — 31.03Выстава, прысвечаная мастаку кіно Яўгену Ганкіну, у Мінску
  • 23.03 — 31.03«У краіне мар». Выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло, у Мінску
  • 23.03 — 26.03«Штучны інтэлект: мастак ці машына?»: выстава ў Мінску
  • 23.03 — 26.03Выстава «Джаз! Каты! Вясна!» у Мінску
  • 23.03 — 26.03Выстава «Веснавыя святы, абрады і звычаі беларусаў» у Гродне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • У мастачкі Нікі Сандрас здарылася кровазліццё ў мозг. Ёй патрэбна дапамога
    • Абламейка: «У беларусаў па вялікім рахунку няма сяброў на гістарычным полі»
    • Ведаеце, на якой мове насамрэч размаўлялі ў Беларусі ў канцы 18 стагоддзя?
    • Ва Украіне з’явіўся сайт пра тое, чаму ў Беларусі ўсё так і беларусы такія
    • Пісьменніца Наталка Харытанюк запусціла відэаканал с урокамі ангельскай праз беларускую
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип