Ведаеце што: я крыху стаміўся ўпікаць і павучаць. А таму пачну з таго, для чаго даўно наспеў час. Трэба нарэшце сказаць вялікі дзякуй “Газпраму” і “Трансгазу” за тое, што яны раскалтухваюць наш любімы горад, у якім асноўнай культурнай падзеяй вясны рызыкаваў стаць канцэрт Дзімы Білана.
Па ўсім бачна, што людзі чуюць канструктыўныя пажаданні і гатовыя да іх прыслухоўвацца.
Добра, што з’явіўся адзін куратар, а не журы, якое падзяляе адказнасць і дзейнічае ў фармаце савецкай мастацкай рады. Хай сабе на “Арт-Мінск” усё ж праціснулася некалькі тузінаў даволі спрэчных ці проста вучнёўскіх работ у стылі “я намаляваў пізаж” (калі ў Раўшана Нура была нейкая іронія — я яе не прачытаў).
І, канечне ж, было прыемна пабачыць рэакцыю на мастацтвазнаўчую экспертызу выставаў мёду! На адкрыцці “Арт-Мінска” працавалі дзве арт-інсталяцыі, якія “гандлявалі мёдам” і “піхалі фабрычны Кітай”. Складана, мусіць, было патлумачыць Стэфана Антанэлі, у чым вартасць і вастрыня гэтых мастацкіх выказванняў.
Далей я распавяду пра пяць экспанатаў асноўнай экспазіцыі “Арт-Мінска”, якія вы знойдзеце ў Палацы мастацтваў. Калі ласка, не забывайце, што ў Галерэі ДК у межах фестывалю ідзе паказ Уладзіміра Цэслера Cheese, а ў Музеі Азгура — выстава Таццяны Радзівілка “Тэрыторыя чысціні”, абедзве падзеі я рэкамендую. Поўны спіс пляцовак “Арт-Мінска” тут.
А зараз — мой суб’ектыўны выбар.
- Алесь Родзін. Сэрца
На добра праполатых і дрэнна ўгноеных градках беларускага выяўленчага мастацтва Родзін займае прыкладна тое месца, якое займала Святлана Алексіевіч на разорах літаратуры 10 гадоў таму. Да выбуху цікавасці, які спарадзіла Нобелеўская прэмія, у Беларусі яе яшчэ атачала маўчанне, у Расіі яе старанна не заўважалі, а ў Еўропе яна ўспрымалася як асноўны голас рэгіёна.
Чым прыкметны Родзін? Тым, што ўсяго-такі выпрацаваў сваю мову, якая спалучае ў сабе элементы коміксаў пра герояў, ацтэкскіх барэльефаў ды праваслаўнай іконы, а потым, падчас жыцця ў Нідэрландах, Францыі і Нямеччыне, назіраў за тым, як гэтая мова пранікае ў еўрапейскі кніжны дызайн, гарадскія графіці і афармленне хіпстарскіх кавярняў. Родзін — адзін з тых загадкавых людзей, якіх нямногія ведаюць у твар, але фрагменты светаўтвораў якога раскіданыя па сучаснай гарадской культуры. Я пазнаю пазычанне з Родзіна ў татухах маладзёнаў у Порта, у афармленні альбома Black Eyed Peas, у ві-джэінгу на канцэрце Chemical Brothers. “Сэрца” — адна з апошніх вялікіх карцін Родзіна, кожны квадратны сантыметр якой працяты інтэртэкстам і сэнсам. Назірайце самі.
- Сяргей Грыневіч. Паштоўка з Ялты
У чым палягае задача жывапісу пасля фатаграфіі — пытанне, з адказу на якое мусіць пачынаць мастак. Блізкае мне азначэнне будзе такім: задача сучаснага мастака ў тым, каб працаваць не з тэхнікай, а з сэнсам. Са стварэннем тых значэнняў, на якія ні фота, ні тэксты не здольныя. І, канечне, у выпадку з такім мастацтвам асноўным валарызавальным фактарам робіцца інтэрпрэтатар. Глядач, ягоны культурны багаж. На першы погляд “Паштоўка з Ялты” — выкананы ў сепіі партрэт стомленага Чэрчыля. Але два пустыя крэслы побач з Чэрчылем адсылаюць да іканічнага здымка з Ялцінскай канферэнцыі 1945 года. Побач з героем мусяць сядзець Рузвельт і Сталін, якіх няма. Далей звяртаеш увагу на твар Чэрчыля — ён выглядае значна старэйшым за той, на здымку. Нарэшце пераводзіш позірк на спінкі крэслаў: на ялцінскай фатаграфіі яны былі прастакутнымі, тут — скругленыя. То гэта не той час, не той Чэрчыль і не тыя крэслы. У маім разуменні карціна Грыневіча — пра сёння. Пра момант у гісторыі, калі новыя Рузвельт і Сталін хутчэй пачнуць вайну, чым збяруцца ў Ялце, каб ліквідаваць супярэчнасці. А Чэрчылю застаецца стомлена пазіраць на гэта з вечнасці.
- Сяргей Бандарэнка. Мядзведзь, які атакуе
Мы бачым раз’юшаную жывёліну, якая збіраецца атакаваць. Мядзведзь выяўлены пераканаўча, бронзавыя кіпцюры адпаліраваныя да бляску — усё гэта магло б быць заалагічным рэалізмам, калі б не чыталася як палітычны сімвалізм. Не трэба быць інструктарам па выжыванні ў лесе, каб ведаць, што мядзведзь ніколі не атакуе вось так, абапёршыся на левую лапу і выкідваючы правую проста перад сабой. Асацыяцыю падкрэслівае паўсфера, на якую ўскладзеная левая лапа жывёлы. Калі б тое быў трухлявы пень — яшчэ можна было падумаць, што гэта проста той добры мішка, з шакаладкі, прыклыпаў у Палац і там яму не далі мёду. Паўсфера надае працы геапалітычнае адценне, што ператварае яе ў метафарычны аповед пра штодзённасць. Сэнс сімвалаў тлумачыць не буду, зразумееце самі.
- Марына Капілава. Законны наследнік
Ці мусіць мастацтва заўсёды быць правакатыўным? Дасціпным? Шматзначным? Адказаў на гэтыя пытанні ў мяне няма. У чым я цалкам упэўнены — дык гэта ў тым, што мастацтва мусіць вярэдзіць душу, казаць пра праблемы, спараджаць рэакцыю. А для гэтага трэба мець сваю думку па ўсім спектры жыцця, а не толькі пра тое, як прыгожа ссохлы аер выглядае на фоне памёрзлай рэчкі. “Законны наследнік” — стылізаванае пад драўляную гатычную скульптуру выказванне, у якім кароль у кароне з шасцю круглявымі бубкамі прымае ад каралевы сына, на галаве ў якога прарастае карона з такімі ж шасцю бубачкамі. Дасканалая па форме рэфлексія на тэму генезісу ўладарання!
- Павел Вайніцкі. Дыханне сучаснага чалавека
Літаратура адрозніваецца ад публіцыстыкі тым, што, кранаючы штодзённасць, кажа пра навіны з тэлебачання так, каб тое не страціла рэлевантнасці і праз тры стагоддзі. Дасягаецца гэта ў першую чаргу фокусам погляду, які адсякае ўсё няіснае. Але поруч заўсёды ідзе мова — асаблівая мастацкая мова, адметнасць якой — не прыдатная для публіцыстыкі метафорыка. У гэтым сэнсе “Дыханне сучаснага чалавека” Паўла Вайніцкага, як і ўвесь ягоны трыпціх, — выказванне безумоўна глыбейшае, чым стансы пра дрэнную экалогію, фэйсбучную ментальнасць і інтэрнэтную балбатлівасць. І так. Усе мы жывём у процівагазах.
Віктар Марціновіч, budzma.by