• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
15.03.2016 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Што такое кніга

З вялікай цікавасцю прачытаў інтэрв’ю першага намесніка генеральнага дырэктара ААТ «Белкніга» Генадзя Сілінскага «Мінскаму кур’еру». Па адказах бачна, што чалавек гэта сапраўды кампетэнтны, добра ведае сферу, якой займаецца. Прадстаўнік «Белкнігі» кажа пра адраджэнне цікавасці да друкаванай кнігі ў Еўропе і ЗША – гэта якраз тое, што я бачу падчас сваіх вандровак і выступаў за мяжой. У той самы час гучаць зараз у Беларусі меркаванні, што па ўсім свеце адбываецца якраз падзенне інтарэсу да кнігі і што такім чынам кніжны гандаль у Беларусі заахвочваць не варта – усё роўна памрэ.

Але ёсць у гэтым інтэрв’ю адзін тэзіс, з якім, пры ўсёй павазе да Генадзя Сілінскага, хацеў бы паспрачацца. Ён кажа: «Але большасць людзей кніга ў першую чаргу цікавіць як носьбіт інфармацыі. І мы намагаемся, каб паход у нашыя крамы быў для іх прыемным і камфортным».

Эпоха, у якую мы жывём, сапраўды складаная для асэнсавання. У плане адносін чалавека і пісьменнасці яна нават больш нагружаная, чым Гутэнбергава пара. Тады змяніўся толькі спосаб выдання, але змены не закранулі тое, як чалавек ствараў пісаны тэкст (вынаходніцтва прыладаў, што істотна спрашчалі пісанне, адносіцца да іншай эпохі). Зараз жа адначасова рэвалюцыянавала ўсё.

У маладосці я пачынаў пісаць, клацаючы па электроннай друкарцы – гэтая пачвара рабіла аглушальны пстрыкат і вымушала маіх бацькоў вар’яцець. Потым з’явіўся Word Processor пад DOS. Цяпер усе мы (і я таксама) пішу пад таталітарную дыктоўку сродкаў праверкі арфаграфіі Word ды Open Office (асабіста я аддаю перавагу беларускай мове апошняга).

Што да чытання, дык тут таксама за нейкія 30 гадоў змянілася амаль усё – у маёй вёсцы дагэтуль захаваліся каштоўныя самадрукі, зробленыя напаўлегальна на ЭВМ: гэта «Пікнік на ўзбочыне» Стругацкіх, гэта «Майстар і Маргарыта» Булгакава. Любая сям’я савецкіх інжынераў памятае гэтыя самастойна пераплеценыя фаліянты, пажоўклыя старонкі якіх утрымліваюць адбіткі АЦПУ (давайце запомнім гэтую абрэвіятуру: «Алфавитно-цифровое печатающее устройство», скрыня памерамі з фатэль, старонкі якой не заўсёды былі фальцаваныя, часам яна друкавалася на рулоне, і потым тэкст трэба было разразаць). Потым прыйшла эпоха Lib.ru і тэкстаў, раздрукаваных на струменевых і лазерных прынтарах. Цяпер і гэтая эпоха скончылася. Цяпер рэй вядзе бібліятэка, з якой пампуюць усе, каб чытаць на планшэтах і кіндлах. У тым ліку пампуюць і мае тэксты, і я ўсведамляю, што нічога не магу з гэтым зрабіць. «Пірацтва – гэта выдатна, я сам ім цешуся», як сказаў некалі Бона.

Адчуванне таго, што кніга ператварылася ў «носьбіт інфармацыі», прыйшло да ўладаў упершыню ў Францыі ў другой палове XIX стагоддзя. Тады шырока ўведзены ротарны друкарскі станок зрабіў кнігу таннай і дазволіў спачатку Анарэ дэ Бальзаку, а потым Эмілю Заля зрабіцца кумірамі мільёнаў. Наклады іх кніг былі супастаўнымі з накладамі Le Figaro, з чаго нехта зрабіў выснову пра падабенства гэтых феноменаў – кнігі і газеты. Сучасная Беларусь дагэтуль жыве пад уплывам гэтай высновы. Кнігавыданне і кніжны распаўсюд дагэтуль падпарадкоўваюцца Міністэрству інфармацыі.

На маю ж думку, адзіным адказным за яго ведамствам мусіць быць Міністэрства культуры.

Рэч у тым, што апісаная вышэй рэвалюцыя метадаў дастаўкі тэкстаў аўдыторыі аднесла падыход, апісаны ў інтэрв’ю Генадзя Сілінскага, у мінулае. Большасць людзей ужо не цікавіцца кнігай як носьбітам інфармацыі. Больш за тое, у мяне ёсць суб’ектыўнае адчуванне, што праз перавытворчасць інфармацыі хутка выраз «цікавіцца інфармацыяй» будзе мець хіба што архіўнае значэнне: інфармацыі і яе сродкаў занадта шмат усюды, інфармацыя – у тэлефоне, заспамленым гандлярамі абутку, рэстарацыямі ды клубамі, якія закідаюць спажыўца смс, інфармацыя – у планшэце, інфармацыя нават на аўтобусным прыпынку, у ліфце, у вагоне метро. Мы бяжым ад інфармацыі, хаваемся ад яе, а не цікавімся гэтай пачварай.

Дык вось, дзякуючы працэсу, распачатым савецкім АЦПУ, кніжка раздрабілася на некалькі аватараў. Яе лічбавы складнік адасобіўся ад папяровага. Распаўсюд лічбавага складніка зрабіўся няспынным, гэта, уласна, немагчыма рэгуляваць. У сваю чаргу, праз перавытворчасць інфармацыі тэксты перасталі ўспрымацца як СМІ (тое сталася з Бальзакам ды з «Ругон-Макарамі» Заля) ды зрабіліся забавай эстэтаў, кшталту тых, хто захапляецца рэнесансным тэатрам. Падпарадкоўваць мастацкія тэксты Мінінфарму – тое самае, што вымушаць мімаў атрымліваць выдавецкія ліцэнзіі на іх спектаклі. Ну якое, праўда, уражанне пра рэальнасць можна атрымаць ад «Сфагнуму»? Гэта асобны герметычны свет, заглядаць у які варта, каб зразумець сябе, а не тое, як пабудаваная сістэма (разуменне пра апошняе з’яўляецца ў выпадку з літаратурай пабочным прадуктам першага). Я наважуся сцвярджаць тое ж пра «Час сэканд-хэнд» Святланы Алексіевіч, хай сабе асобным людзям патрабуецца пэўнае напружанне думкі, каб гэта ўцяміць.

З іншага боку, папяровы аватар кнігі ператварыўся ў статусную рэч, у гаджэт, прыналежнасць разумнікаў. Папяровая кніга сёння – гэта нешта з сусвету фільму Only Lovers Left Alive, героі якога рупяцца пра свае рэдкія кружэлкі, пра свае першадрукі Шэкспіра. Так, Генадзь Сілінскі мае рацыю ў тым, што цікавасць да папяровай кнігі па ўсім свеце расце. Але, што цікава, яна расце на фоне падзення цікавасці да інфармацыі, перавытворчасці яе. Такім чынам, мы маем справу з дзвюма рознымі з’явамі.

Давайце нарэшце зразумеем, што пасля АЦПУ і Lib.ru, пасля ўсёахопных сайтаў-мільённікаў, пасля навін, якія цяпер транслююць ужо проста на плошчы, кніга зрабілася антонімам, а не сінонімам сродку інфармацыі. Так, яна засталася медыумам, з гэтым не паспрачаешся, але гэты медыум транслюе ўласную медыйнасць, мастацкія законы поля, якія не маюць дачынення да класічнага медыяасяродку.

І, што галоўнае, змяніліся матывы, якія штурхаюць чалавека ў кніжную краму. У час хуткіх, «гарачых» (Маклюэн) медый жыццё, пра якое ты можаш прачытаць у любой кнізе, нават выкладзенай у інтэрнэт, – гэта жыццё мінулага. Гэта матэрыял, пра які ўжо не кажуць блогеры і Твітар (навіна ў якім, па маім назіранні, выклікае шоргат не болей 12 гадзін).

Такім чынам, кніга сёння – гэта статусная прылада тых, хто шукае розуму, а не інфармацыі. Тых, хто хоча пашырыць геаграфічныя межы сваёй душы ды ёмістасць сэрца.

 

 

Віктар Марціновіч

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя Кіно

Беларуская батлейка: сціплае абаянне векавога мастацтва

Беларускія вучоныя перадалі ў дзяржархіў зняты 60 гадоў таму дакументальны фільм «Старажытны беларускі народны тэатр». ...

valiancina_shauchenka
Культура

Культура беларускай дудкі атрымае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

«Культура беларускай дудкі на Гродзеншчыне» будзе ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў...

valiancina_shauchenka
Мастацтва

Выстаўка «Станіслаў Жукоўскі: пункт прыцягнення — сядзіба» працуе ў НММ

У залах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь зараз працуе выстаўка «Станіслаў Жукоўскі: пункт прыцягнення...

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура

Сабіна Брыло пра магчымасць паэзіі ў часы катастрофаў. Новы выпуск падкаста «Адкуль бяруцца кнігі»

Гэта не мы пішам тэксты. Гэта тэксты гадуюць — і ратуюць — сваіх райтараў. У новым выпуску падкасту «Літрадыё»...

Апошнія навіны

    Гісторыя Кіно
    Беларуская батлейка: сціплае абаянне векавога мастацтва
    Культура
    Культура беларускай дудкі атрымае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
    Мастацтва
    Выстаўка «Станіслаў Жукоўскі: пункт прыцягнення — сядзіба» працуе ў НММ
    Грамадства Літаратура
    Сабіна Брыло пра магчымасць паэзіі ў часы катастрофаў. Новы выпуск падкаста «Адкуль бяруцца кнігі»
    Грамадства
    Усе жадаючыя могуць прыняць удзел у раскопках Старога Менска
    Гісторыя Асоба
    Генрык Дмахоўскі: скульптар двух кантынэнтаў, тройчы паўстанец
    Грамадства Музыка
    Паглядзіце, які кліп стварыў штучны інтэлект для гурта NaviBand
    Грамадства Асоба
    Міраслаў Лазоўскі: Беларуская нацыя можа сфармавацца адно на падставе шырокай культурніцкай працы
    Грамадства
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў на 27-28 траўня
    Грамадства Літаратура
    Паўдзельнічай ў конкурсе ад выдавецтва «Тэхналогія» і атрымай кнігу «На што хварэў Скарына» бясплатна
    Вандруем разам
    Вандруем з «Будзьма!»: што паглядзець у Лагішыне і Пагосце-Загародскім
    Гатуем з «Будзьма!» Навіны "Будзьма!"
    Кулеш па-палеску. Каша часоў Баторыя для вандровак і паходаў
    Замежжа
    Гайд па беларускім Кракаве: пляцоўкі, ініцыятывы, падтрымка
    Грамадства
    Абвешчаны збор сродкаў на стварэнне надмагільнага помніка Змітраку Бядулю
    Грамадства Музыка
    Першаму пілоту падрыхтавацца! Фонк па-беларуску і рок-рэлізы тыдня

Афіша

  • 29.05 — 28.05

    Беларускія выдаўцы і літаратары на міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве

  • 29.05 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 29.05 — 31.05Адкрыццё выставы памяці Ларысы Геніюш у Празе
  • 29.05 — 31.05Выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Таро» у Гданьску
  • 29.05 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 29.05 — 30.05Выстава Яўгена Шадко і Сяргея Грыневіча «ДЫЯЛОГІ» ў Вільні
  • 29.05 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 29.05 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Чаму варта шанаваць Каліноўскага? Разбураем міфы, створаныя прапагандай
    • Тэст: Пазнай гістарычны будынак па фотаздымку
    • Паглядзіце, які кліп стварыў штучны інтэлект для гурта NaviBand
    • Стэфан Баторый. Уладар, які асадзіў Івана Грознага
    • Міраслаў Лазоўскі: Беларуская нацыя можа сфармавацца адно на падставе шырокай культурніцкай працы
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип