Хіп-хоп артыст Vinsent прадстаўляе песню «Жывы» і кліп на яе. Трэк увойдзе ў новы альбом артыста пад назвай «Vir».
“Мы радыя прадставіць першы сінгл з новага альбому. Кліп на песню „Жывы“ знялі рэжысёр Арцём Лобач і аператар Аляксандр Алейнікаў. Файна, што ў кліпе атрымалася адлюстраваць урбан, заняткі маладых людзей у горадзе. У нашым кліпе зняліся многія сучасныя маладыя і харызматычныя людзі. Яны дапамаглі адлюстраваць у відэа сэнс гэтае песні пра веру ў свае сілы, пра надзею, пра духоўную моц. Таксама гэты кліп у многім адлюстроўвае альбом „Vir“. Назва альбому гэта беларускае слова „вір“ ці беларускай лацінкай „vir“. Вір — гэта сімвал няспыннага руху, падзеяў вакол нас. Мне падаецца, альбом атрымаўся як той няспынны вір — хваля энэргіі, якая несумнеўна ўсё падхопіць і панясе наперад.”
Паўнафарматны альбом «Vir» будзе прэзентаваны ў інтэрнэце за два тыдні да канцэртнай прэзентацыі, якая адбудзецца 16 снежня ў мінскім клубе «Пляцоўка Хол».