Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра працэс афармлення сучаснай літаратурнай беларускай мовы.
Да гэтых росшукаў мяне падштурхнула дыскусія з адным сталым адраджэнцам эпохі віленскай «Нашай Нівы». Ён па-сяброўску пачаў крытыкаваць мае пісаныя беларускай мовай творы за лексічную бледнасць. Маўляў, не тыя ты, хлопец, кніжкі чытаў у маленстве, не на тых ідалах беларускага літаратурнага стылю гадаваўся. І паколькі я заўсёды гатовы ўдасканальвацца, я пачаў распытваць у мастадонта Адраджэння, у каго ж вучыцца.
Гэта размова вельмі хутка ўперлася ў тое, што шмат якіх класікаў з сапраўды сакавітай мовай (напрыклад, Колас, напрыклад, Мележ) чытаць можна для таго, каб падгледзець, як гаманілі нашы дзяды і бабулі. Тыя, што жылі ў вёсках і ў горад выпраўляліся зрэдку, як госці. І іхны лексікон не надта прыдатны для аўтараў сучаснай прозы, з якіх хіба толькі Андрэй Горват яшчэ мае повязь з драўлянымі хатамі і вясковымі падворкамі. Калі перачытаць «віленскі» раздзел «На Замкавай гары» ў «Новай Зямлі» Коласа, бачна, што ягоны герой — гэта дзядзька, які ў Вільню імкнецца па касу (а не жыве ў Вільні).
Але калі казаць пра іншых віленчукоў (Змітрок Бядуля, ранні Купала і — калі гэта дапушчальна, з улікам няяўнай повязі з горадам, — Максім Багдановіч), дык іхная мова настолькі розніцца ад твора да твора, што пакідае жалезнае ўражанне, нібыта ніякага адзінага канону ў 1910-х яшчэ не выспела.
Так паўстае галоўнае пытанне гісторыі беларускай літаратуры — пытанне, якім, здаецца, ніхто дагэтуль ні разу сарамліва не задаўся.
У Англіі быў Шэкспір.
У Іспаніі — Сервантэс.
У Расіі — Пушкін.
Людзі, якія запачаткавалі канон і змусілі ўсіх наступнікаў гаварыць на сваёй мове.
Руская паэзія XXI стагоддзя дагэтуль размаўляе на мове, на якой 200 гадоў таму пісаў Аляксандр Сяргеевіч.
Дык ці быў у нас такі чалавек?
І хто ён?
Мы спрачаліся доўга, перабіралі імёны, і ніводзін з іх не пакідаў адчування неаспрэчнага заснавальніка літаратурнага канона. У пэўны момант спыніліся на Максіме Гарэцкім.
Вось здавалася б: а) шыкоўны лексічны дыяпазон; б) шмат гарадской лексікі, бо сам — «гарадскі»; в) зразумелыя тэмы, выдатныя «Дзве душы» — і ўсё, за выняткам «Віленскіх камунараў», не страціла актуальнасці.
Але тут я вырашыў пачытаць Гарэцкага менавіта як бацьку мовы і зразумеў, што не! Гэта не тая гаворка, на якой мы балакаем цяпер. «Дулька», «кіненыя» (не «кінутыя»), «наўпрэкі» — гэта толькі ў адным абзацы ягонай «Імперыялістычнай вайны».
То не Гарэцкі.
Перабіраючы імёны і знаходзячы ў 1920-х сіх-тых вельмі сучасных празорцаў (напрыклад, мова Уладзіміра Жылкі, мова напісанага ў 1920-я, не пазней, Уладзімірам Дубоўкам), давялося перайсці з 30-х у 50-я.
Тут здарылася нешта вельмі важнае — а менавіта з’явіўся масавы часопіс «Маладосць», які папулярызаваў творчасць актуальных беларускіх аўтараў новай хвалі. Наклад той, старой, «Маладосці» складаў 20 тысяч асобнікаў і для меркаванняў пашырэння канона зрабіўся вызначальным.
Наколькі б дасканалай ні была мова паэтаў 1930-х, пакуль іхныя творы не пачнуць чытаць дзясяткі тысяч, уплыў іх мовы не будзе настолькі адчувальным.
Менавіта ў «Маладосці» ў 1958 годзе быў апублікаваны першы ідэйна незаангажаваны «гістарычны дэтэктыў» — аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». Тэкст, які дагэтуль можа быць вычарпальнай метафарай для Беларусі — бо тут ёсць дзяўчына, якая мяркуе, што яе жыццё не складаецца, бо на ёй «ляжыць праклён», але на справе ўсе праблемы Надзеі Яноўскай аказваюцца вынікам гойсання банды пераапранутых родзічаў, якім хочацца адціснуць родавы маёнтак.
І вось на гэтай мяжы чытання тых, хто публікаваўся ў канцы 1950-х і пачатку 1960-х ты ўжо не бачыш у мове заганаў і толькі радуешся яе красе. Недзе сярод гэтай генерацыі і знаходзіцца ён, бацька канона.
І я рызыкую перахваліць тут Уладзіміра Сямёнавіча, але ці гэта не ён?
Віктар Марціновіч, budzma.by