Беларуская пісьменніца Вольга Гапеева трапіла ў шорт-ліст прэстыжнай нямецкай літаратурнай прэміі фонда Crespo «Wortmelden» 2022 года, паведамляе тэлеграм-канал Беларускай Рады Культуры.
Гэтую ўзганароду прысуджаюць з 2018 года за дыскусійныя тэксты, што маюць палітычнае значэнне.
Згодна з палажэннем прэміі, узнагарода і ўсе імпрэзы, што адбываюцца вакол яе, павінны пашырыць грамадскі дыскурс і стымуляваць дэбаты. Сёлета акцэнт дыскусій скіраваны на тое, ці мусіць літаратура актыўней у удзельнічаць у палітычных падзеях і ці можа творца працаваць па запыце — аператыўна рэагаваць на актуальную павестку.
Пяцёра шортлістараў — іх тэксты адабралі са 120 прэтэндэнтаў — 10 лютага распавядуць пра сябе і сваю творчасць падчас адмысловай вечарыны ў Лідаратурным доме Франкфурта-на Майне.
Вольга Гапеева раскажа ў тым ліку пра сваё эсэ «Абарона паэзіі ў часы пастаяннага выгнання», дзе яна разважае пра сувязь улады, гвалту і мовы на фоне актуальных падзей у краіне.
Пераможцу назавуць напрыканцы сакавіка, цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 19 чэрвеня.