Па «справе тутбай» на волю выйшла галоўны рэдактар блока палітычных і эканамічных навін Вольга Лойка, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Вольга Лойка. Архіўнае фота
Таксама на волю выйшлі:
• намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека
• менеджэр Publishing Box Андрэй Аўдзееў.
Ім змянілі меру стрымання, абвінавачанні не знялі.
11 сакавіка з СІЗА-1 былі вызваленыя былы намеснік галоўнага бухгалтара TUT BAY MEDIA Марыя Новік, намеснік генеральнага дырэктара па агульных пытаннях Ірына Рыбалка і галоўны бухгалтар Анджэла Асад. Усе яны знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні.
Вядома, што ўсім траім змянілі меру стрымання. Прад’яўленае раней абвінавачанне не знятае.
Нагадаем, гендырэктар Hoster.by Сяргей Паўлішаў выйшаў на волю 1 верасня 2021 года. 13 студзеня гэтага года Юлія Чарняўская, удава заснавальніка тутбай Юрыя Зісера, была вызвалена з-пад хатняга арышту. Яны застаюцца пад следствам.