Напрыканцы снежня ў выдавецтве «Янушкевіч» выйшаў па-беларуску славуты раман Габрыеля Гарсія Маркеса «Восень патрыярха», піша ў сваім тэлеграм-канале Беларускі ПЭН-цэнтр.
«Гэта вельмі важная кніга для сённяшняй Беларусі, якая прысвечана феноменам улады і адзіноты.
Маркес заўсёды будзе актуальным. Па-беларуску гэта другая кніга сусветна вядомага лацінаамерыканскага пісьменніка, гучнага прадстаўніка «магічнага рэалізму». Сяргей Шупа пераўвасобіў звышскладаны тэкст майстра прозы з Калумбіі ў найлепшым выглядзе, захаваўшы аўтэнтычнасць твора і сакавітасць мовы.
Прывабная і вусцішная «паэтычная проза» Маркеса працягвае серыю «Noblesse Oblige», якая за амаль 5 гадоў існавання пераконвае ў чытацкай цікавасці да творчасці нобелеўскіх лаўрэатаў. Мы выдалі 9 кніг, і большасць аўтараў у серыі ўпершыню загучалі па-беларуску», — пішуць @januskevicbooks.
«Восень патрыярха» — вялікі раман пра ўніверсальныя паняцці ўлады і адзіноты, які ўваходзіць у канон сусветнай літаратуры. «Паэтычная проза» нобелеўскага лаўрэата Габрыеля Гарсія Маркеса прадстаўляе даўжэзнае жыццё самотнага кіраўніка каралеўства смутку і тугі, які пад ціскам сваёй неабмежаванай улады становіцца яе вязнем. Ад міласэрнасці да падману, ад добразычлівасці да гвалту, ад страху перад Богам да надзвычайнай жорсткасці… Патрыярх, ён жа генерал сусвету, увасабляе найлепшае і найгоршае ў чалавечай прыродзе.
Набыць кнігу можна на сайце выдавецтва «Янушкевіч».