У Кіеве з’явяцца вуліцы Уладзіміра Караткевіча і Кастуся Каліноўскага, піша «Еўрарадыё». Такія новыя назвы рэкамендавала экспертная камісія, іх падтрымалі ўдзельнікі анлайн-галасавання. Пры гэтым варыянт з Каліноўскім перамог у прапановах па перайменаванні і вуліцы Брэсцкай, і Астраханскай (і гэта не дзіўна — за Украіну ваюе беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага). Варыянт з Караткевічам перамог у прапановах па перайменаванні вуліцы Дабралюбава.
Плошча Герояў Брэста ў Кіеве будзе перайменавана / З архіву wikimapia.org
Тым часам плошчу Герояў Брэста ў Кіеве збіраюцца перайменаваць у Чарнабаеўскую, піша hromadske.ua. Яе так назвалі ў 1977-м у гонар абаронцаў Брэсцкай крэпасці лета 1941-га. Новая назва будзе ў гонар месца шматразовых перамог украінскай зброі — легендарнай Чарнабаеўкі ў Херсонскай вобласці.
Мінскі праспект можа стаць Літоўскім.
Анлайн-галасаванне па перайменаванні амаль трох соцень аб’ектаў працягвалася 15-19 чэрвеня. Далей вынікі разгледзіць Кіеўская гарадская рада.
Раней стала вядома, што «Мінскую» станцыю кіеўскага метро збіраюцца назваць «Варшаўскай», а «Берасцейскую» — «Бучанскай».
Прычына перайменаванняў — агрэсія Расіі супраць Украіны, а Беларусь — саюзнік расіян.