Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра тое, чаму сёлетнія парламенцкія выбары самыя кафкіянскія за апошнія 25 гадоў.
Я сачу за тым, як гладкія дзядзі і цёці атрымліваюць права галасаваць за напісаныя не імі законы, ужо 25 гадоў. Нягледзячы на замірэнне з Еўропай, на прарывы ў заходнім кірунку, гэтыя выбары былі самымі кафкіянскімі на маёй памяці.
Не тое каб я верыў, што розум (тым болей мой!) тут можа на нешта паўплываць. Але сія-тыя падсумаванні выказаць усё ж хочацца.
Відавочна, што настрой кампаніі вызначаўся тым, што сістэма нарэшце адчула сапраўдны, а не ўзяты з галавы аўтараў ТБ-страшылак, ціск. Прычым крыніцай гэтага ціску была не Еўропа, на якую можна традыцыйна не зважаць, а няпэўныя стасункі з Расіяй, а таксама скасаванне былога сацыяльнага кантракту: мы вам папіццот, вы нам не суяцеся ў дзяржаўныя справы.
Студэнцтва пачало паводзіць сябе няправільна.
Яшчэ на мінулых выбарах, у 2015-м, моладзі як чынніка не было ў прынцыпе, яна баялася адлічэння/размеркавання/за кантракты бацькоў, а тут, нагледзеўшыся, як “качае” Маскву, як і што кажа Oxxximiron у інтэрв’ю, пачала пераймаць суседзяў. Ролевая мадэль была ўспрынятая тым больш лёгка, што нават і свой “Навальны” з парай сотак тысяч фаловераў у “Тэлезе” ў наяўнасці. Што да бацькоў, дык тыя, здаецца, не ведаюць, што і казаць: сумы ў разліковых лістках не даюць ім адчування, што стабільнасць пратрывае і за свае кантракты трэба трымацца.
Future imperfect нашай знешняй палітыкі
Я б скалануўся ад замілавання, калі б у адказ на новыя варункі і выклікі наменклатура пачала паводзіць сябе па-новаму. З IT кропкава перабудавацца ж атрымалася, прычым як хутка! Тут жа можна было б хаця б прыкруціць звычайныя прыколы з датэрміноўкай, але паказчык працягваў па-старому расці і ўжо ў сераду люта злаваў краіну.
У нулявыя тое, што галасы не лічацца, а лёс “галасавання” вызначаецца ўначы вакол не надта надзейна закрытых скрыняў, было вялікай таямніцай, ведалі якую нават не ўсе журналісты. Я памятаю, як маладым і наіўным журналістам слухаў, што кажа Статкевіч пра сапраўдны сэнс “датэрміновага галасавання”, і дапускаў, што ў былога палітвязня проста развілася параноя. Сёння сутнасць працэдуры, мяркуючы па каментах на буйных парталах, дайшла да кожнага грамадзяніна. Той факт, што краіна не ўстала на дыбкі пасля двух пераканаўчых відосаў і адной фотачкі (з цудоўнымі ператварэннямі дзяржаўнага сцяга на апячатаным участку), азначае, што ўсе раззлаваныя прынялі гэтае спасціжэнне ў якасці новай нармальнасці.
Паняцце законнасці канчаткова сышло ў нябыт.
Гэтаксама як паняцце здаровага сэнсу.
І сумлення.
Калі назіральнікаў пазбаўляюць пасведчанняў пры маўклівай прысутнасці прадстаўнікоў АБСЕ, прычым пазбаўляюць роўна за тое, што тыя сумленна рабілі сваю працу — назіралі і імкнуліся прадухіліць парушэнні, — дык чальцоў ППНС, як і прэзідэнта, можна пачынаць прызначаць на сумесных паседжаннях райсаветаў і выканкамаў, і ніхто не палічыць гэта перагінам.
Калі галасы не лічацца, асноўнымі крыніцамі дэстабілізацыі, адзінымі істотнымі гульцамі робяцца назіральнікі. Бо важна не тое, за каго і як галасуюць, але як менавіта выніковыя лічбы з’яўляюцца ў пратаколах. Выглядае, што вертыкаль гэтую небяспеку ўсвядоміла, і перад асноўнай кампаніяй я б чакаў масавых рэпрэсій для тых, хто мог бы зафіксаваць парушэнні ўлетку.
Відавочна, што гэтая парламенцкая кампанія не была элегантнай: слова “мудак”, напрыклад, дагэтуль не гучала ні разу.
Істотна ўжо цяпер зразумець, якой будзе наступная кампанія.
Ёсць дзве стратэгіі правядзення прэзідэнцкіх выбараў: “як у 2001 годзе”, з мінімумам кандыдатаў, максімальным нядопускам канкурэнтаў на фармальных падставах, выбарам паміж Ганчарыкам і Лукашэнкам, і “максімальна дэмакратычны” варыянт 2010 года, калі кандыдатаў было шмат і стаўка была на тое, што яны перасварацца міжсобку. Кампанія 2010 года была выбарамі ўпэўненых у сабе ўладаўзяўцаў. Кампанія 2001 года — вынікам знерваванасці і ўсеагульнай параноі (чаму так адбылося, зразумее любы, хто памятае, што адбывалася ў 1999 годзе).
Зыходзячы з гэтага я б прадказваў максімальна “некрасівы” варыянт на лета 2020-га. Альтэрнатывы ў бюлетэнях не будзе. Па ўсіх магчымых кандыдатах, палітычна ангажаваных медыях, штабах і (асабліва!) назіральніках прас пачне хадзіць непасрэдна вось цяпер.
Адна з асноўных ідэйных заманух, прыдуманая як замяняльнік сацыяльнага кантракту (бо папіццот няма адкуль узяць), ідэя кансалідаваць пратэстную грамаду вакол моцнай улады, што супрацьстаіць спробам скрасці суверэнітэт, не спрацавала. Па-першае, дзякуючы своечасовым “злівам” з усходу, па-другое, таму, што Зянона не пераплюнеш, па-трэцяе, таму, што веры ўжо проста няма, ні ў кога.
То, не могучы заставіць сябе палюбіць, будуць вымушаць сябе баяцца. Магу толькі паўтарыць слоган “Гульні тронаў”: “Winter is coming”.
Ці магчыма нешта супрацьпаставіць таму, што адбываецца і яшчэ будзе адбывацца (асноўнае — наперадзе)?
Як на мяне, асноўная думка, якую трэба засвоіць тым, хто чакае перамен: у гульні, правілы якой увесь час адвольна змяняе адзін з бакоў, перамагчы немагчыма. Калі за сістэмай застаецца права называць надта старанных назіральнікаў злачынцамі, а потым яшчэ і караць іх згодна з уласнаручна напісанымі кодэксамі, выбары жніўня 2020га ўжо цяпер можна лічыць праведзенымі “як заўсёды”.
І пакаваць валізы, не чакаючы пафасу і трагізму чарговай плошчы.
“На што спадзявацца? — спытаецеся вы. — Чым грэць сэрца?”
СССР у 1986 годзе здаваўся такім жа натуральным і трывалым, як прырода, як закон, па якім дрэвы растуць у лесе. Зрынуць камуністаў не было магчымым ні на выбарах, ні падчас пратэстаў пасля. Хай сабе нешта такое і лунала ў паветры (як і цяпер).
І менавіта чыгунная ўпэўненасць у тым, што ўсё можна і ўсё будзе маўкліва з’ездзенае, і прывяла камуністаў да скону, а людзей — да цуду. Магчыма, гэты цуд аднойчы адбудзецца і ў нас. Не магу выключаць, што мы з вамі паспеем яго пабачыць.
Віктар Марціновіч, budzma.by