Некалі ў вёсцы віравала жыццё. Некалькі соцень жыхароў, ферма, аддзяленне паштовай сувязі, школа, бібліятэка, клуб, медпункт. Цяпер яны толькі на фотаздымках ды ва ўспамінах мясцовых жыхароў.
Вёска Дамуці знаходзіцца на ўскрайку Лынтупскага сельсавета, на мяжы Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцей і Літоўскай Рэспублікі.
Час не вернеш
На першы погляд Дамуці здаюцца густанаселенай вёскай. Уздоўж доўгай брукаванай вуліцы — дзясяткі дыхтоўных дамоў, многія з якіх здалёк здаюцца дагледжанымі і жылымі. Але варта падысці бліжэй, як становіцца зразумелым, што ў большасці выпадкаў гэта ўсяго толькі аптычны падман: на дзвярах — замкі, на двары — ні следу.
Заходжу ў першы дом, да якога вядзе нядаўна расчышчаная сцяжынка. Добразычлівай усмешкай мяне сустракае Валянціна Усцінаўна Хмылка.
— Апусцела вёска, чалавек пятнаццаць засталося, — уздыхае яна. — Даўней у адной сям’і столькі магло быць. Але час не вернеш, як ёсць, так і жывём…
Знаёмлюся з гаспадыняй бліжэй. Ёй сёлета споўніцца 75. Нарадзілася ў суседніх Масцянах (Гродзенская вобласць), там жа скончыла сямігодку. Усе дзіцячыя ўспаміны звязаны з вайной. Хоць была зусім маленькая, памятае выбухі, равы, у якіх даводзілася хавацца ўсёй сям’ёй. Калі Валянціне было дваццаць, выйшла замуж у Дамуці. І прыжылася тут назаўсёды. Усё жыццё адпрацавала цялятніцай на мясцовай ферме, якая налічвала больш за паўтысячы галоў буйной рагатай жывёлы.
— Што казаць пра саўгас, дамуцёўцы на сваіх падвор’ях трымалі больш за восемдзесят кароў, — успамінала Валянціна Усцінаўна. — А сёння толькі тры… І я ўжо не трымаю. Муж памёр пяць гадоў назад, а мае сілы не вечныя. Ды і без гаспадаркі спраў хапае — за цэлы дзень не прылягу, усё тапчуся. Павяжу, тэлевізар пагляджу, да суседкі праз некалькі хат схаджу. Але асабліва не разгонішся: большасць дамоў ужо, на жаль, без жыхароў…
Валянціна Хмылка
Паводле звестак кнігі “Памяць”, у перадваенным 1937-ым іх было 337. Колькасць двароў за гады Вялікай Айчыннай мала зменшылася — вёска не гарэла. У палон агню яна трапіла ў мірны час. У 1970-ым з-за неасцярожнасці мясцовага жыхара запалала хата брыгадзіра. Вецер разнёс бяду далей — было знішчана 7 хат.
Для вяскоўцаў гэта была сапраўдная трагедыя, якая і сёння стаіць перад вачыма Валянціны Усцінаўны. Але пра яе, як і пра іншыя сумныя падзеі, жанчына гаварыць не хацела. Са значна большым задавальненнем яна паказвала тоўстыя фотаальбомы са здымкамі, з якіх усміхаліся дзясяткі маладых аднавяскоўцаў, расказвала пра гаманлівае мінулае Дамуцёў, шматлікія вяселлі, хрэсьбіны.
Шчыруюць дамуцёўцы. Сярэдзіна ХХ ст.
Ці будуць яны тут яшчэ калі-небудзь?
Шчасце — займацца любімай справай
У цэнтры вёскі звяртае на сябе ўвагу драўляны будынак. У мінулым стагоддзі ён быў цэнтрам адпачынку дамуцёўцаў, прычым не толькі актыўнага (тут знаходзіўся клуб), але і разумовага. Да 2002 года ў адным з памяшканняў дзейнічала бібліятэка. На працягу сарака гадоў яе загадчыцай была Часлава Яраславаўна Масцяніца.
Часлава Масцяніца
Гэту жанчыну ведаюць і паважаюць не толькі ў Дамуцях і бліжэйшых вёсках, але і ў раёне. А ўсё дзякуючы яе актыўнай грамадскай дзейнасці. На заслужаны адпачынак пайшла з важкім стосам грамат.
— Дамуцёўская бібліятэка стала маім першым і адзіным месцам працы, — гаварыла Часлава Яраславаўна. — У 1962 годзе там было ўсяго некалькі паліц. З кожным годам і кніг, і наведвальнікаў станавілася ўсё больш. Мне вельмі падабалася з імі працаваць. На ўласным прыкладзе пераканалася, якое гэта вялікае шчасце ўсё жыццё займацца любімай справай.
Пад адным дахам з Чаславай Яраславаўнай доўгі час працаваў і муж Іван — у яго была пасада загадчыка клуба, па сумяшчальніцтве таксама выконваў работу кінамеханіка. Разам яны не толькі жылі, гадавалі дзяцей, але і ездзілі на раённыя пасяджэнні ды іншыя мерапрыемствы.
Разам Масцяніцы 48 гадоў. У Лынтупах жывуць два іх сыны.
— Яны — мая радасць і гонар, — праслязілася Часлава Яраславаўна. — Некалі я толькі марыць магла, што будуць побач. Аляксандр тры гады служыў на Далёкім Усходзе вадалазам, Валера выконваў свой грамадзянскі абавязак у Афганістане. Той час і ўспамінаць не хочацца. Кожны дзень сэрца было не на месцы, паўсюль мроіліся цынкавыя труны. Ад радыё ні дома, ні на рабоце не адыходзіла, са страхам чакала кожнай навіны з Афгана. З таго часу ў мяне толькі адна мара: каб усе былі жывыя і здаровыя.
Чаславе было ўсяго два гады, як ракавое супадзенне абставін забрала з жыцця маці. Яна, ні ў чым не вінаватая, ішла праз лес у Лынтупы і была застрэлена салдатам. Той, прыхаваўшыся ў кустах, такім варварскім чынам хацеў адпомсціць зусім іншай жанчыне. Але здалёк пераблытаў — і выстраліў. Смерць наступіла імгненна.
Бацька так і не ажаніўся. Не трэба і казаць, якім няпростым было дзяцінства. Яно прайшло ў вёсцы Дварчаны, што кіламетры за чатыры ад Дамуцёў. Сёння Ч. Я. Масцяніца часта бывае ў родным доме — даглядае сястру.
— Няўжо Вам ніколі не хацелася змяніць вясковае жыццё, поўнае гаспадарчых клопатаў і цяжкой фізічнай працы, на гарадское? — пацікавілася я.
— Не, не шкадую, што мы з мужам усё жыццё “прасядзелі ў кустах”, — усміхаецца Часлава Яраславаўна. — Шчаслівымі можна быць усюды. Гэта залежыць найперш ад чалавека, а толькі потым ад абставін.
Майстрыха на ўсе рукі
Сабіна Іванаўна Масленік ужо размяняла дзявяты дзясятак, але спрыту гэтай жанчыны можна толькі пазайздросціць. Яшчэ мае сілы трымаць невялікую гаспадарку — курэй і свінчо.
Сабіна Масленік
Калі б лёс склаўся па-іншаму, радзімай Сабіны Іванаўны магла б стаць не Заходняя Беларусь, а… Амерыка. Яе бацькі, якія нарадзіліся непадалёк ад Дамуцёў, спачатку пераехалі жыць у Літву, а пасля ў ЗША. Там, за акіянам, было іх вяселле, там яны планавалі будаваць жыллё і абзаводзіцца дзецьмі.
— Але ў роднай вёсцы засталася татава маці, якая так і не змагла змірыцца з ад’ездам самых блізкіх людзей, — расказвала Сабіна Іванаўна, трымаючы ў руках рарытэтны здымак з вяселля сваіх бацькоў. — Дзеля яе і вярнуліся. Кінуць бабулю адну не дазволіла сумленне. Гэта цяпер пры здаровых дзецях бацькі могуць дажываць век у прытулках. Даўней гэта да злачынства прыраўноўвалася.
Сабіна нарадзілася ў суседніх з Дамуцямі Куцішках і толькі з маміных аповедаў чула пра тое, якія прыгожыя ў Амерыцы славутасці і непрывычна гарачае надвор’е. Найбольш яе, маленькую дзяўчынку, уражваў той факт, што ў ЗША елі белы хлеб. У яе ж на стале і чорны быў не заўсёды…
Пасляваеннае дзяцінства Сабіна Іванаўна ўспамінае, не стрымліваючы слёз. Яе тата, зарабіўшы ў Амерыцы грошай, купіў у вёсцы сорак гектараў зямлі: марыў працаваць на ёй, забяспечваць дабрабыт сям’і. Але з прыходам Саветаў яго раскулачылі і “дапамаглі” знікнуць. Сабіна, чым магла, дапамагала маці, якая адна гадавала шасцярых дзяцей.
Замуж дзяўчына пайшла ў Трашчанішкі. Гэта вёска апусцела яшчэ ў мінулым стагоддзі: адны памерлі, іншыя выехалі. Застаўшыся там адзінымі жыхарамі, маладыя Масленікі вырашылі перабірацца бліжэй да “цывілізацыі” — у Дамуці.
Сабіна працавала на розных работах, але найбольшую колькасць часу прысвяціла ткацтву — вырабляла абрусы, дываны, фіранкі самых розных узораў… Іх скупшчыкі прадавалі па ўсёй Беларусі.
— Па тых часах зарабляла добрыя грошы, — прыгадвае жанчына. — Але ж іх і адпрацоўвала. Каб атрымаць прэмію, патрэбна было выканаць план — за месяц выткаць 120 метраў розных вырабаў. А тут і дзеці малыя, і гаспадарка вялікая… Але неяк спраўлялася.
Не адно дзесяцігоддзе майстрыха на заслужаным адпачынку. Сямнаццаты год жыве адна: муж памёр, дзеці раз’ехаліся. Але не сумуе — на гэта няма часу. Устае ў пяць гадзін, работу знаходзіць усюды — і дома, і на вуліцы. “Рух — гэта жыццё”, — сцвярджае справядліва.
І горка было, і соладка
Ядвізе Францаўне і Баляславу Людвікавічу Вайцяховічам па 82. Як і ўсім людзям такога мудрага ўзросту, ім час ад часу патрэбна медыцынская дапамога. Раней, калі ў суседнім будынку знаходзіўся фельчарска-акушэрскі пункт, вырашыць пытанне было прасцей. Але ў 2008 годзе яго напаткаў лёс паштовага аддзялення, бібліятэкі і клуба — установу закрылі. Цяпер даводзіцца выклікаць урача на дом.
Ядвіга і Баляслаў Вайцяховічы
— Вельмі баляць ногі, — дзялілася праблемамі са здароўем Ядвіга Францаўна. — А чаго было чакаць? Сорак гадоў адпрацавала на ферме — кароў даіла, быкоў адкормлівала. І зімой, і летам гумовыя боты з ног не здымала. А як па-іншаму? Вялікую сям’ю трэба было карміць.
Вайцяховічы летась адсвяткавалі ізумруднае вяселле — 55-годдзе сумеснага жыцця. У чым сакрэт іх дружных адносін?
— Сем’і ўмацоўваў час, у які нам давялося жыць, — лічыць гаспадыня. — Работы было столькі, што адзін з ёй ніколі не справіўся б. Вось і трымаліся адно аднаго, на першым месцы ў адносінах заўсёды была ўзаемадапамога. Праўда, усяго хапіла: і горка жылі, і соладка. Але ад праблем не збягалі, як цяпер гэта часта бывае, а разам пераадольвалі.
Вайцяховічы выгадавалі пецярых дзяцей, адзін з іх жыве з бацькамі — дапамагае па хатніх справах. Шмат радасці пажылым людзям прыносяць унукі, праўнукі. Жывуць яны далёка — у Англіі, Амерыцы, Літве… У вёсцы часта не бываюць. У новага пакалення новыя інтарэсы.
Такой жа думкі прытрымліваецца яшчэ адна доўгажыхарка — Ванда Эдмундаўна Лоўчык. Яе дзяцінства прайшло на Лучайшчыне. У 1952 годзе выйшла замуж у Дамуці, дзе ўсё жыццё таксама адпрацавала на ферме.
Ванда Лоўчык
— Запомнілася не работа, а адпачынак, — “пераключае” тэму жанчына. — Як бы ні стамляліся ў кароўніку, беглі ў клуб — і ў скокі. Так, мы, саўгасніцы, цяжка працавалі фізічна, але і творчасць не была нам чужой. Быў свой гурт самадзейнасці, які весяліў вяскоўцаў па святах, ладзіліся канцэрты, выступалі ансамблі. Такія падзеі заўсёды прыносілі нам, маладым, шмат станоўчых эмоцый. Нягледзячы на тое, што часам не было з чаго пашыць сукенку, каб адправіцца на мерапрыемства.
Час ад часу яны ладзяцца ў Дамуцях і сёння. Летась сіламі Лынтупскага Дома культуры тут праводзілася свята вёскі, пра якое мне захоплена расказваў не адзін доўгажыхар.
Настаўніца і вучань
Сям’я Браніславы Імпалітаўны і Іосіфа Сігізмундавіча Дубовікаў нарадзілася 48 гадоў назад. Ён, ураджэнец Варапаеўшчыны, прыехаў у Дамуці ў камандзіроўку нарыхтоўваць лес. Тут, у клубе, і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай.
— Вёска тады была сапраўдным “мегаполісам” — вяртаўся ў маладыя гады Іосіф Сігізмундавіч. — Школа была свая, паштовае аддзяленне, медыцынскі пункт… І паўсюль людзі, людзі… Спачатку для мяне гэта было непрывычным: я рос на хутары, жылі ўдваіх з маці (бацька памёр у вайну — аўт.). Не так даўно вазіў на сваю малую радзіму ўнукаў — хацеў паказаць, адкуль іх карані. Ад бацькоўскага дома засталося толькі каменне…
Браніслава і Іосіф Дубовікі
Іосіф Сігізмундавіч змяніў некалькі работ: працаваў лесніком, трактарыстам, а таксама на атамнай станцыі ў літоўскім Снечкусе (цяпер гэта горад Вісагінас). Браніслава Імпалітаўна 37 гадоў адпрацавала паштальёнам.
— Піскарышкі, Гроскаўшчызна, Трашчанішкі, Нежылішкі, — яна пачынае пералічваць вёскі, якія ўваходзілі ў зону абслугоўвання. — Ад гэтых населеных пунктаў засталіся толькі назвы. А раней там было так многа падпісчыкаў — заходзіла амаль у кожны дом. Што чыталі? Раённую газету, часопіс “Работніца і сялянка”, іншыя выданні. Разносіла вяскоўцам і пенсіі, але пажылых сярод іх было нямнога. Цяпер сітуацыя зусім іншая.
Толькі Браніслава Імпалітаўна пачынае гаварыць пра адказнасць і працавітасць цяперашняга дамуцёўскага паштальёна, як ён з’яўляецца на парозе.
Валерый Дрозд — самы малады (яму 45) і самы сучасны жыхар Дамуцёў. У яго аднаго ў вёсцы ёсць ноўтбук і спадарожнікавае тэлебачанне. Спрабуе выходзіць і ў інтэрнэт, але з-за слабага сігналу сувязі гэта не заўсёды атрымліваецца.
І ў Дамуці прыходзіць цывілізацыя
Валерый жыве ў вёсцы з 1998 года. Нарадзіўся непадалёк, у Куцішках, рана асірацеў. У Дамуці пераехаў, каб быць бліжэй да людзей — на яго радзіме жыхароў не засталося.
Абсяг працы ў паштальёна вялікі — вёскі Дамуці, Кавалі, Гайлюны, Пеляка… Шматкіламетровыя адлегласці пераадольвае часцей за ўсё на веласіпедзе. Мог бы і пешшу, але трэба спяшацца дадому, да гаспадаркі. Жонкі ў яго няма, самому трэба і карову падаіць, і па хатніх справах управіцца.
Доўга цягнулася размова ў хаце Дубовікаў. Засмучала адно: Дамуці ў іх упаміналіся толькі ў мінулым часе. Ні слова не было сказана пра будучае вёскі, яе перспектывы. Як сумна гэта ні гучала б, але іх няма. Ва ўсякім разе пакуль.
У дачнікаў прыязджаць сюды ахвоты мала, куды больш іх вабяць Вайшкуны, Станчыкі, Пешкаўцы і іншыя вёскі, якія размяшчаюцца паблізу ад знакамітых Блакітных азёраў.
Ад Дамуцёў запаведнік далекавата. Але гэта не азначае, што вёска “абдзелена” маляўнічасцю. Па суседстве — лес, які здаўна славіцца багаццем грыбоў і ягад, побач цячэ рака Страча (у ёй нават фарэль водзіцца!). Толькі гэта наўрад ці ўратуе сітуацыю.
“Калі б тут хоць ферма працавала, і то шансаў на амаладжэнне вёскі было б болей, — прагучала меркаванне. — А то ў Дамуцях, нават і пры жаданні, няма куды працаўладкавацца”.
Калі б… Гісторыя ўмоўнага ладу не прымае.
Разам 64 гады
Пагутарыўшы з самым маладым дамуцёўцам, накіроўваюся да найстарэйшых. Гэта сям’я Лоўчык — дзевяностагадовы Антон Імпалітавіч і дзевяностачатырохгадовая Алімпія Іосіфаўна. Нягледзячы на паважаны ўзрост, яны ў дэталях помняць даўнейшае вясковае жыццё — даты, прозвішчы, падзеі.
Антон і Алімпія Лоўчыкі
Гаспадар, які шмат гадоў адпрацаваў трактарыстам, найперш узгадвае Вялікую Айчынную. Надта шмат яна прынесла болю і перажываннў, каб нават праз 70 гадоў быць сцертай з памяці.
Антон Імпалітавіч і сёння не разумее, якім чынам перажыў вайну. У 1944 годзе ён аднаўляў чыгунку, якая праходзіла за вёскай. Укладваць шпалы даводзілася на ўчастку, поўным мін, якія засталіся “ў спадчыну” ад баявых дзеянняў. “Прафесіяналізму тут было недастаткова, спадзявацца можна было толькі на Бога і ўдачу”, — гаварыў А. І. Лоўчык.
У мірны час чыгунка стала неад’емнай часткай жыцця кожнага дамуцёўца. Да распаду СССР яны без аніякіх праблем маглі наведваць суседнюю Літоўскую рэспубліку — і пехатой, і на цягніку, які праходзіў некалькі разоў на дзень. Туды ехалі працаваць, адведваць шматлікую радню і проста купляць прадукты. Як было зручна!
Цяпер жа сітуацыя абсурдная. Да Літвы кіламетраў 7, а каб з’ездзіць па візу, трэба “адматаць” усе 350! Пры гэтым заплаціць немалыя грошы, а пазней праехаць да бліжэйшага пункта пропуску яшчэ не адзін дзясятак кіламетраў. Таму і даходзіла да таго, што вяскоўцы размаўлялі са сваімі “загранічнымі” родзічамі, не перасякаючы граніцы. Падыдуць з розных бакоў да ракі, якая раздзяляе рэспублікі, папытаюцца пра справы адно ў аднаго і назад вяртаюцца. А куды дзявацца?
Пра гэта мне расказвала дачка Лоўчыкаў Ганна. Яна ўжо на пенсіі, з 17 гадоў жыве ў Вільнюсе, але па чарзе з сястрой даглядае ў вёсцы бацькоў. Яны ў многім з’яўляюцца для яе прыкладам. Найперш — у майстэрстве ладзіць адно з адным.
— Тата з мамай у шлюбе 64 гады, — падлічыла дачка. — Колькі сябе памятаю, заўсёды жылі ў згодзе. У доме ніколі не чула абраз, брыдкаслоўя. У іх можна толькі павучыцца цярплівасці, узаемапавазе і працавітасці. Які тата майстар! Менавіта пра такога чалавека кажуць: у яго дзве правыя рукі. Сам, без ніякіх праектаў пабудаваў дом, усё зрабіў і ў доме. Мама — таксама малайчына, яшчэ той у жыцці “баец”. Некалькі гадоў назад яна зламала ў сцягне нагу. Урачы канстатавалі: у такім узросце шанцы на выздараўленне мінімальныя. А яна зноў стала на ногі. І гэта ў 94 гады.
Ганна настойліва заве бацькоў у горад, але яны катэгарычна адмаўляюцца і чарговы раз паўтараюць: “Лепей, чым у роднай вёсцы, нам нідзе не будзе”.
Дамуці — асаблівая вёска. Тут няма ніякіх архітэктурных і гістарычных славутасцей, але яна ўмее здзіўляць.
Паводле “Пастаўскага краю”