Віктар Марціновіч падводзіць на budzma.by вынікі сыходзячага года, цягам якога ў беларускім грамадстве адбыліся тэктанічныя змены.
2019-ы…
Ведаеце, а гэта быў харошы год.
Год вельмі прыкрых падзей у палітыцы, год выбараў, якія былі хаця не самыя ганебныя за ўвесь час назірання – не праз тое, што парушэнняў было болей, а праз тое, што бачных парушэнняў было болей, праз тое, што новыя медыя зрабілі прыхаванае яўным. Год, у які нават настроеная прыязна Еўропа не здолела закрыць вочы, як бы ёй таго ні хацелася, на тое, што Палата не выбіралася.
Віктар Марціновіч: У гульні без правіл перамагчы немагчыма
Год працягу прыватных катастроф, год выпарвання справядлівасці, год далейшага знікнення здаровага сэнсу. Год “справы медыкаў”, год “справы “журналіста Ч.”, якая, праз спецыфіку героя і паўсюднасць страху, не зрабілася “справай Вані Галунова”. Год, калі працягваліся веерныя арышты – і той, факт, што цяпер “бяруць” не палітычных змагароў, а грамадзян, што думалі, нібыта іхняя хата з краю, змяняе няшмат. Год далейшага прасавання чыноўнікаў, якія існавалі ў сістэме, што не можа кроку зрабіць без хабараў, і бізнесоўцаў, якім пэўны час дазвалялі даваць хабар, каб тыя назапасілі больш майна, якое можна адціснуць у адзін ахоп. Год далейшага збяднення насельніцтва, год беспрацоўя, адчаю і сацыяльнай роспачы.
Але ў той самы час год велізарных падзей у сімвалічным, паўпразрыстым, ледзь адчувальным.
Напрыклад, узяць кіно: тэндэнцыя цікавасці да свайго, закладзеная ў 2018 годзе “Крышталём” Дар'і Жук, падоўжылася на цэлы шэраг выбітных кінематаграфічных праектаў. Схема вываду прадукту да публікі ішла акурат па пракладзеных Дар'яй і яе камандай шляхах: спачатку перадпаказ у перапоўненым кінатэатры “Масква”, потым – ратацыя па беларускіх кінатэатрах. Засілле прышлых кінапраектаў скончылася, беларускае глядацкае кіно робіцца сапраўды беларускім, і дзякуй табе за гэта, 2019-ы!
Я не буду спыняцца на асобных падзеях у тэатры, літаратуры, выставачнай дзейнасці і адразу перайду да галоўнага.
Калі праз дзесяць гадоў нехта спытае мяне, чым быў найперш адметны 2019-ы, я адкажу так: гэта быў год, калі праз даволі штучныя знешнія выклікі большасць насельніцтва раптам упершыню адчула сябе беларусамі.
Віктар Марціновіч: Калі нашы перамогуць
Раней гэта было адзнакай адзінак, гонарам нонканфармістаў. Мова, Вільня, Абдзіраловіч, Багушэвіч, Ластоўскі, Гарэцкі, Драздовіч (экспазіцыя якога ў Нацыянальным мастацкім музеі карэнным чынам змянілася ў 2019-м). Яшчэ на этапе “БНР – 100” на трох замілаваных Адраджэннем і бацькамі-заснавальнікамі знаходзілася пяцёра тых, хто, па слядах тэлепрапаганды, сумняваўся ў карыснасці і БНР.
Выклікі, што ўзніклі ў 2019-м (ну, напрыклад, узятая з майго рамана “Мова” сітуацыя, калі Кітай дае РБ пазыку, каб тая разлічылася з крэдыторамі), вымусілі перайсці на нацыянальныя рэйкі (выраз з “Нарысаў гісторыі Беларусі”) нават тэлепрапаганду. А за ёй – самых зацятых савецкіх кансерватараў з ліку былых лектараў “обшчэства “Знаніе”. Бэкаюць, мэкаюць, памыляюцца, але шпрэхаюць, напінаючыся ад натугі. Я шмат разоў усміхнуўся, даведаўшыся, што зараз і міліцыянты спрабуюць “разгаварываць на беларускім языку”, прычым не простыя міліцыянты, а прызначаныя ў прадстаўнічыя органы ўлады.
Сімвал 2019-га – той самы камент пад навіной на “Анлайнеры” ці то пра пахаванне Каліноўскага, ці то снежаньскія пратэсты: “Жыве Беларусь!”. І сотні “плюсоў”, і меншасць – “мінусаў”. Яшчэ тры гады таму на “Анлайнеры” ўсё было б наадварот.
Змена – тэктанічная.
Цяпер беларускамоўнасць рызыкуе зрабіцца мэйнстрымам, прыкметай тых, хто трымае нос па ветры, прынамсі ў дзяржаўным эфіры.
І так, мой даўні прагноз пра дзве Беларусі, якія паступова робяцца адной, збыўся, і ўсё ідзе яшчэ далей. Мерапрыемствы, якія робяцца на Кастрычніцкай ці то ў абарону незалежнасці, ці то ў падтрымку перамоўнай пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з Пуціным, – таму яскравы прыклад.
Чытайце таксама: Дзве Беларусі робяцца адной
Хутка ўсе мы застанёмся за іхнімі плячыма. Хутка ўсе гэтыя гламурныя бычкі і дзевачкі са скрыні наблатыкаюцца “па-нашаму” так, што будуць увязвацца з намі ў моўныя спрэчкі ў Фэйсбуку і Інсце, куды ўсіх іх у гэтым годзе табарам прыгналі.
Уласна, для некаторых, магчыма, наспеў час роспачы, бо “беларускасць” прырастае людзьмі, для якіх яна – проста дапаможнік у прайдзісвецкай кар'еры.
Але калі памятаць пра тое, што мова жыве даўжэй за людзей, а ідэі часам важнейшыя за асабістыя амбіцыі, застаецца толькі паўтарыць (і, магчыма, узняць з гэтымі словамі келіх):
“Гэта быў харошы год”.
Віктар Марціновіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!