Заўтра ў віцебскай ратушы прэзентуюць фотавыставу «Сведкі эпохі», якая прысвечана знакамітаму віцебскаму фатографу Сігізмунду Антонавічу Юркоўскаму, паведамляе Звязда.
20 лютага спаўняецца 120 гадоў з дня яго смерці, а ў сакавіку — 120 гадоў з дня заснавання першага на тэрыторыі сучаснай Беларусі фатаграфічнага гуртка, які ўзнік у Віцебску, паведамілі ў абласным краязнаўчым музеі.
Фатограф з’яўляўся членам Імператарскага рускага тэхнічнага таварыства. У 1883 годзе ён стварыў шторна-шчылінны затвор для кароткіх экспазіцый, які дазволіў фатаграфаваць асобныя стадыі хуткіх рухаў, і стаў прататыпам затвораў сучасных малафарматных фотаапаратаў.
З 1870-х гадоў фотамайстар займаўся стэрэафатаздымкамі і нават вырабіў стэрэаскоп уласнай канструкцыі.
На выставе будуць прадстаўлены партрэты фотамастакоў, якія працавалі ў фотаатэлье Віцебска ў розны час, пачынаючы з канца XIX ст. Дадаткам экспазіцыі стануць фотаапараты ХХ стагоддзя.
Падчас працы выставы можна будзе пакінуць заяву на ўступленне ў фотаклуб і на запіс у школу-студыю.
У дзень адкрыцця наведвальнікі змогуць зрабіць партрэт у стылі эпохі мінулага стагоддзя ў музейнай фотастудыі.
Аляксандр ПУКШАНСКІ, Звязда