«Какі-малякі» — так назвалі выставу маладзёжнага авангарднага мастацтва стваральнікі. Карціны і фотаздымкі з’явіліся ў закінутым басейне «Лазурный» непадалёк ад завода карданных валаў, піша Hrodna.life. Мяркуючы па афішы, выстава працягнецца ўсяго два дні.
Сярод карцін — графіка і жывапіс на паперы і палотнах. На тэрыторыю басейна лёгка патрапіць, таму не ўсе творы дачакаліся адкрыцця. Яно прайшло 25 чэрвеня.
Басейн «Лазурный» на плошчы Савецкіх пагранічнікаў — першы крыты басейн Гродна. Ён быў адкрыты ў 1973 годзе для работнікаў завода карданных валаў, карысталіся ім і гараджане. Будынак закрылі ў 2013 годзе з-за аварыйнага стану. За гады прастою спартыўны аб’ект агульнай плошчай 2000 кв.м. пачаў разбурацца.
Камітэт «Гроднааблмаёмасць» некалькі разоў выстаўляў «Лазурный» на аўкцыён, але здолеў прадаць толькі ў 2018 годзе за 1157 рублёў (на той момант — $542).
На таргі тады падалі ўсяго адну заяўку. Хто стаў новым гаспадаром аб’екта, не паведамлялася. Басейн абяцалі адрамантаваць і адкрыць у 2021 годзе. Але новы ўласнік з задачай не спраўляўся, будаўнічыя працы так і не распачалі. Тэрмін дамовы з уласнікам заканчваецца ў снежні 2022 года.