9 ліпеня на Гродненшчыне, ў аграсядзібе “Фальварк “У Рыся” адбыўся Міжнародны этна-фестываль “Музыка нашых сэрцаў” з удзелам людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На гэтым унікальным мерапрыемстве, якое праходзіла ў жывапісным месцы Свіслачскага раёна, прысутнічала не меньш за тысячу гасцей. Арганізавалі свята дабрачыннасці гаспадары аграсядзібы Яніна і Рышард Казюкі. Яны падрыхтавалі для гасцей і ўдзельнікаў этна- фестывалю цікавую і разнастайную праграму, у якую ўключылі і выступленне рыцарскага клуба “Арыдан” і катанне на конях, паказальныя выступы лучнікаў і вогненнае шоу. Сваё мастэрства на этна-фестывале “Музыка нашых сэрцаў” прадэманстраваў і вядомы дудар Алесь Лось. Незвычайным хараством шыкоўных нацыянальных строяў, якім без перабольшвання пазайздросцілі б і французкія мадэльеры, здзівіў гасцей Ваўкавыскі “Тэатр моды”. На этнаграфічным падвор’і былі прадстаўлены шматлікія беларускія нацыянальныя вырабы.
У святочным канцэрце галоўнымі артыстамі былі маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі з розных куткоў Беларусі, а таксама былі госці з Украіны. Гаспадары запрасілі на фестываль і вядомыя этнічныя калектывы, якія на высокім узроўні прадэманстравалі сваё майстэрства.
Кампанію «Будзьма беларусамі!» на этна-фестывале “Музыка нашых сэрцаў” прадстаўляла паэтка Валянціна Восіпава, якая пазнаёміла гасцей і удзельнікаў дабрачыннага свята з сучаснай беларускай паэзіяй і з уласнымі вершамі. Сваеасабліва гучаў лірычны верш “Асоль” на cцэне, сімвалізуючай карабельную палубу.
АСОЛЬ
Ветразь, сарваны з рэй.
Мораў далёкіх соль.
Ты дзе, капітан Грэй?
Я тут! Я – твая Асоль!
З пяшчотай і дня і ночы
Стаю на пустым беразе.
Хай рэжа норд-ост вочы,
Чакаю пунсовыя ветразі!
Смяюцца людзі: “Асоль!
Хопіць табе тугі.
Пакінь састарэлы сон,
Твой Грэй у абдымках другіх!”
З пяшчотай і дня і ночы
Стаю на пустым беразе.
Хай рэжа норд-ост вочы,
Чакаю пунсовыя ветразі!
Ды камень такі ў грудзях,
Такі невыносны боль!
Сам-насам сумнеў і страх.
І ўсё ж – я твая Асоль!
З пяшчотай і дня і ночы
Стаю на пустым беразе.
Хай рэжа норд-ост вочы,
Чакаю пунсовыя ветразі!
Так горача! Можна згарэць!
І ўсё ж працінае золь.
Ты дзе, капітан Грэй?
Я тут! Я твая Асоль!
Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” арганізатары Міжнароднага этна-фестывалю “Музыка нашых сэрцаў”атрымалі сувеніры і адметныя пачтоўкі на роднай беларускай мове.
Завяршыў свята дабрачыннасці канцэрт Ірыны Дарафеевай і святочны феерверк.