Убачыў свет дыск «Калядны куфэрак» — плён супольнай працы парафіяльнага хору Fiat Мёрскага касцёлу пад кіраўніцтвам Анджэлы Кіпрушавай і капэлы Paparać (былы гурт Pete Paff).
Дыск змяшчае традыцыйныя калядныя песні, так званыя «калядкі». Нягледзячы на тое, што ўсе яны рэлігійнага зместу, гэта песні пабытовыя і ўжываюцца ў звычайным жыцці.
Асаблівасцю праекту з’яўляецца ўдзел у ім адначасова вядомага рок-музыкі Піта Паўлава і традыцыйнага народнага хору, а таксама ксяндза Крыштафа Міянкіны, які выступіў ня толькі ў якасці патрону праекту, але і выканаў адну з песень.
— Выглядала так, што нас запрасілі як экспэртаў. Але на самой справе у гэтым абмене мы атрымалі болей, чым яны, — кажа Піт Паўлаў. — Я ня вельмі рэлігійны чалавек, але належу да праваслаўнай канфэсіі. Гэта, аднак, не перашкодзіла вельмі хутка пабудаваць канструктыўныя прафесійныя і цёплыя таварыскія стасункі з усімі ўдзельнікамі хору.
17 песень былі запісаны за два дні непасрэдна ў касцёле. Асноўная музычная сіла праекту — Анджэла Кіпрушава, арганістка і дырыжор хору. Таксама ў запісу дыску ўдзельнічалі арганіст Дзмітрый Гарэлаў і скрыпачкі Валянціна Казакевіч і Марыя Кашкур. Капэла Paparać брала ўдзел у сямі творах, а партыі бас-гітары выканаў Глеб Галушка, прадусар апошняга альбому N.R.M. «Д.П.Б.Ч.».