Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org стала выдаўцом кнігі Юркі Геніюша Смыком па сэрцы, якая днямі зьявілася ў Беластоку.
Пад адной вокладкай сабраныя літаратурныя і публіцыстычныя творы сына Ларысы Геніюш і выдатнага беларускага пісьменьніка, які заўчасна памёр у 1985 годзе. Кніга зьяўляецца найбольш аб’ёмным зборам ягоных тэкстаў, з выбарам розных жанраў творчасьці Юркі Геніюша. Раней у 1980 годзе ў Беластоку быў выдадзены зборнік яго паэтычнай лірыкі перакладзенай на польскую мову Na początku było tylko słowo. У 1992 г. выйшаў зборнік твораўМаці і сын – з творамі Ларысы Геніюш, а ў 1993 г. зборнік сатырычных фельетонаў і апавяданняў З маёй званіцы.
«Вельмі дбаў пра свае тэксты – піша ва ўступе да новай кнігі Міра Лукша – не дазваляў калечыць іх, дапісваць што-небудзь Празмерна ўражлівы, да болю сумленны, заплаціў за трагічнае жыццё хваробамі, стратай нерваў, заўчаснай смерцю ў свае пяцьдзесят. Перажыў сваю маці на два гады».
Выданьне кнігі Юркі Геніюша Смыком па сэрцы было магчымым дзякуючы прыватным фінансавым ахвяраваньням.
Калі Вы хочаце набыць кнігу пішыце тут: kamunikat@kamunikat.org
* * *
Афрыка
Чаму я чорны, чаму я чорны, мамо — хоць белы маю твар? Чаму мне вецер заўсёды ў вочы дзьме?
Афрыка наўкола, Афрыка — перастук бубноў. Дарэмна хаваць галаву ў пясок — ахвярай не змякчыш багоў.
Тум-да-та, тум-да-та, тум-да-та-там. Хто чорны, той карак свой проціў волі гне. Джунглі ж навокал, як у жудасным сне, енчаць, рагочуць, ляскаюць ікламі — дзяруць за жывое, каб быць пры катле, душаць за горла, захлынайся крывёю…
О-о-о! Чаму я чорны, чаму я чорны, мамо — хоць белы маю твар?
Доўгае вуха ўсюды — і тут, і там. Новым адкуль не падзьме, кожны подых пачуе, і дакладна прасочыць, якім крокам хто крочыць. Усё ловіць, хапае, усё на нітку матае, павуціну наснавала ўкруг.
Ці галосіць там-там, ці заенчыць душа, ці дзе слініцца ядам змяя…
О-о-о! Чаму я чорны, чаму я чорны, мамо — хоць белы маю твар?
Ільвы і сланы, глянь, на волі — без крат. Насарог трыбушыскам прымінае траву, буйвал з балота ўзняў галаву, іржавай плямай мільгануў леапард, зебра пасецца побач з антылопай гну.
I нават арлу і таму неўздагад, што тут — рэзерват…
I толькі гіены гагочуць. I шакалы смяюцца.
О-о-о! — Мамо!
Юрка Геніюш
Крыніца: Kamunikat.org