Бабруйск стаў адным з першых гарадоў у рэгіёнах, куды прыйшоў папулярны сёння паб-квіз. Спрыяў гэтаму чалавек, які прайшоў школу «Схваткі» і «Мазгабойні», а цяпер піша пытанні да ўласных гульняў. Улетку Дзен Носаў ажыццявіў праект, які перамог на Кірмашы ідэй у Бабруйску, правёўшы шэраг гарадскіх віктарын на адкрытым паветры.
Мы пагутарылі з аўтарам барных віктарын «Аўdzienцыя» і «Ума Штурман», каб даведацца, як паб-квізы ўзбагачаюць гарадскую культуру і чаму іх так бязмежна любяць гараджане.
Ад Таркоўскага да Аўdzienцыі
– Дзен, як складваліся вашыя асабістыя стасункі з віктарынамі? Ці былі вы гульцом перад тым як стаць аўтарам?
– Так, я пачаў гуляць яшчэ ў часы знакамітай «Схваткі», калі нам даводзілася бегаць па горадзе і за горадам бесперапынна ўсю ноч. Штабныя гульцы выконвалі заданні пры камп’ютары, палявыя з ліхтарыкамі і мапамі ішлі на двор. Гэтая азартная гульня аказалася надзвычай папулярнай. Я не толькі гуляў, але і ўдзельнічаў у стварэнні заданняў. Неўзабаве з’явіліся барныя віктарыны, цікавасць да якіх не згасае вось ужо пяць гадоў. На гэтых гульнях забараняецца карыстацца інтэрнэтам ці дапаможнікамі, думаць даводзіцца сваёй галавою. Першай сярод паб-квізаў з’явілася «Мазгабойня». Гульня пачыналася ў сталіцы, але хутка распаўсюдзілася на іншыя гарады краіны. Дарэчы, першыя пазасталічныя гульні адбыліся ў Віцебску і Бабруйску. Прайшло некалькі гадоў, і пачалі распрацоўвацца іншыя варыянты гульняў. Так з’явіўся «Мелатрэк».
– Калі вы адчулі, што прыйшоў час стварыць уласную гульню?
– Пасля ўдзелу ў «Мазгабойні» і «Мелатрэку» выспела ідэя аўтарскай гульні, якую мне хацелася рабіць па-мастацку і цалкам пра мастацтва. Яшчэ ў падлеткавым узросце я захапляўся Таркоўскім, вырас на «Пінк Флойдзе» і «Бітлз», таму выбар тэмы не быў выпадковым. А менавіта – мастацтва зусім розных відаў і стыляў, але без таго, што клічуць «папсой». «Аўdzienцыя» стала трэцяй у гісторыі беларускіх барных віктарын і першай беларускамоўнай. Галоўнае яе адрозненне ад іншых віктарын – скразная тэма праз усю гульню, у якой пераплятаюцца ўсе віды мастацтва – музыка, кіно, літаратура, жывапіс. Без абмежаванняў у прасторы і часе. Абавязковы складнік – пытанні, прысвечаныя беларускай культуры.
– Ці ўплывае мова на фармат гульні?
– Можа, і ўплывае, але не ў першую чаргу. Калі хтосьці не валодае мовай, заўсёды ёсць магчымасць перакладу. Некалькі разоў на «Аўdzienцыю» завітвалі турысты з Расіі. Яны пачулі жывую беларускую мову, збольшага ўсё зразумелі. Аднойчы былі нават немцы, склалі палову сумеснай з беларусамі каманды і занялі трэцяе месца! Перадусім мы робім стаўку на арыгінальнасць гульні, структура якой патрабуе бясконцай увагі. Так, туры «Аўdzienцыі» пераклікаюцца паміж сабой, у заданнях закладзеныя скразныя падказкі, адказ на пытанне аднаго тура можа хавацца ў заданнях папярэдняга ці ў прамове вядоўцы. Гульня рэдкая – за тры гады мы правялі па 9 гульняў у Мінску і Бабруйску. Мастацкая тэма і мова, магчыма, больш уплываюць на аўдыторыю. У Бабруйску гульцы «Аўdzienцыі» збіраюцца ў тайм-клубе «1387» у камернай, эстэцкай атмасферы. А вось бабруйскі паб-квіз «Ума Штурман», які праводзіцца на дзвюх мовах, адбываецца на больш шырокіх пляцоўках, дзе можна, як звычайна на такіх гульнях, і выпіць, і закусіць.
– Такі класічны паб-квіз?
– Так, «Ума Штурман» задумвалася як бабруйская віктарына. Дарэчы, актрыса Ума Турман тут абсалютна ні пры чым. Ёй проста пашанцавала, што яе імя сугучнае назве гульні, у якой абыгрываюцца мазгавыя штурмы. Нам хацелася прыдумаць для гульні персанаж, і атрымалася дзяўчына-штурман, якая накіроўвае карабель падчас падарожжаў. «Ума Штурман» разлічаная на шырокую аўдыторыю любога ўзросту і складаецца з пытанняў пра ўсё на свеце. У гульні абавязкова гучыць беларускае слова: усе пытанні, датычныя Беларусі і Бабруйска, агучваюцца выключна па-беларуску. У адрозненне ад «Аўdzienцыі», якая праз складанае напаўненне праходзіць з вялікімі перапынкамі, «Ума Штурман» збірае аўдыторыю з перыядычнасцю раз на 2-3 тыдні.
Пабаў больш, чым гульняў
– Дзен, фармат паб-квізаў патрабуе пэўнага памяшкання. Ці паспяваюць з’яўляцца спецыяльныя пабы, асабліва ў невялікіх гарадах?
– Гаспадары пабаў заўважылі, які від адпачынку карыстаецца попытам, і пачалі імкнуцца ствараць умовы. У Мінску пабаў цяпер больш, чым гульняў. З выбарам праблемаў няма. У Бабруйску пакуль цяжэй знайсці прыдатнае месца. Калі мы толькі пачыналі гульні, у кавярнях прапаноўвалі максімум тэлевізар, і прыладзіць да сцяны вялікі экран было праблематычна. Але сітуацыя паціху змяняецца. Людзі ахвотна гуляюць, і нам пакуль удаецца знаходзіць зручныя пляцоўкі. Гаспадары пабаў таксама зацікаўленыя, каб да іх завітвалі вялікія кампаніі – удзельнікі віктарын не толькі гуляюць, але і замаўляюць нешта выпіць ці з’есці. У бабруйчан заробкі значна меншыя за сталічныя – хтосьці дазваляе сабе вячэру падчас гульні, а хтосьці толькі гарбаты пап’е. Але пабу ўсё роўна выгадна – гульня збірае вялікую кампанію. У лепшыя часы на «Уме Штурман» гуляла больш за 15 каманд, цяпер бывае 8-10. Кожная каманда налічвае ад 3-4 да 8-10 чалавек. У «Аўdzienцыі» камандай лічыцца кампанія ад 2-х чалавек і ёсць абмежаванне колькасці гульцоў да 5. Аўтарскі калектыў упэўнены, што ў шуме шматлюднага абмеркавання губляюцца тонкія нюансы мастацкасці і прыгажосці, якія могуць быць вельмі істотнымі для пошуку правільнага адказу.
Вулічныя віктарыны ўпрыгожваюць горад
– Сёлета на Кірмашы ідэй у Бабруйску вы прэзентавалі праект гарадской віктарыны на вольным паветры. Гэты фармат штосьці пераняў ад класічных паб-квізаў?
– Так, у пэўным сэнсе гэта было прыстасаванне фармату паб-квізу да адкрытых умоваў. Але схема гульні з падзеламі на туры засталася тая ж. Гарадскія віктарыны задумваліся ў выглядзе падтрымкі Бабруйскам статусу Культурнай сталіцы. З прычыны адкрытага фармату ў любы момант да гульні мог далучыцца хто-небудзь з мінакоў. Віктарыны насілі больш краязнаўчы характар – у кожным туры дамінавалі пытанні пра Беларусь і Бабруйск. Больш за тое, гораду быў прысвечаны асобны блок пытанняў. Гісторыя роднага места выклікае асаблівую цікавасць. Былі пытанні пра бабруйчан, архітэктурныя адметнасці, з гісторыі паходжання гарадскіх тапонімаў і шмат іншага, што ёсць у Бабруйску.
Улетку мы правялі тры гульні на тэрыторыі гарадскога парку, з адміністрацыяй якога ў нас склаліся добрыя працоўныя адносіны. Аказалася, што горад і гараджане прымаюць такі фармат. Больш за тое, патрабуюць працягу. Так што ў нейкім выглядзе мы будзем гуляць на вуліцах. Магчыма, напішам серыю дробных гульняў для мінакоў на 15-20 хвілін. Калі арганізоўваць нешта больш працяглае, трэба загадзя вырашыць усе тэхнічныя моманты, якія могуць узнікнуць праз надвор’е: каб сонца свяціла, але не засвечвала экран, каб быў навес на выпадак дажджу. У любым выглядзе гуляць варта, бо вулічныя віктарыны ўпрыгожваюць горад, узбагачаюць гарадскую культуру, ажыўляюць вуліцы.
Не супернікі, а суседзі
– Калі браць у разлік стужку часу, паб-квізы ў Беларусі з’явіліся зусім нядаўна. Аднак ужо ў добрым сэнсе захапілі шматлікія гарады краіны. Чаму, на вашу думку, клубныя віктарыны так прыжыліся, а іх папулярнасць набірае моц?
– На гэтую тэму ўжо праводзіліся, я б нават сказаў, навуковыя даследаванні. Людзі, якія сур’ёзна над гэтым задумваліся, прыйшлі да высновы, што сучаснае жыццё істотна спрашчаецца. Вялікі аб’ём інфармацыі падаецца праз тэлебачанне і інтэрнэт у перапрацаваным выглядзе, які не патрабуе ад мозгу нейкіх высілкаў. Прыродай жа закладзена, што мозг мусіць працаваць. Большасць людзей любіць загадкі, а форма гульні дазваляе скарыстаць свае веды і здольнасці да разважанняў, супастаўленняў. У працэсе разваг ты можаш адказаць на тое, пра што зусім не ведаў, а гэта, безумоўна, вельмі ўсцешыць кожнага. Пытанні віктарын даволі часта патрабуюць лагічнага мыслення і ўважлівасці. І, канечне, клубныя гульні забяспечваюць жывую камунікацыю, стасункі, чаго многім людзям сёння таксама не хапае. Паб-квізы – гэта камандныя гульні. Каманды ствараюцца часам выпадкова, гульцы замацоўваюцца адразу альбо пераходзяць з адной каманды ў іншую, пакуль не знойдуць сваю. І яшчэ – у паб-квізах перамога сімвалічная, як і прызы, бо галоўнае – працэс. А іншыя каманды не супернікі, а суседзі, і вы адпачываеце разам – толькі за суседнімі столікамі.
Майстэрня цікавых пытанняў
– Колькасць гульняў паступова расце. Як зрабіць свой праект канкурэнтаздольным?
– Сапраўды, нават у бабруйчан ёсць выбар сярод клубных віктарын. Бабруйская сітуацыя з гульнямі адпавядае сюжэту анекдота, у якім англічанін на бязлюдным востраве будуе для сябе тры клубы, бо кожны джэнтльмен мусіць мець клуб, куды ён ходзіць заўзята, куды – раз-пораз і куды – ні нагой. Таму аўтарам даводзіцца адпавядаць. Прынцып ва ўсіх гульнях застаецца блізкім, толькі лічбы скачуць у колькасці тураў ці заданняў. Таму важна працаваць над антуражам, але наш галоўны інструмент – пытанні. Трэба больш пільна сачыць за іх якасцю. Асабіста я не сачу за канкурэнтамі, а імкнуся якасна рабіць сваю працу і прыслухоўваюся да пажаданняў гульцоў.
– А якія ў вас патрабаванні да пытанняў?
– Перадусім пытанні мусяць быць арыгінальнымі і цікавымі. Да прыкладу, пытанні для «Аўdzienцыі» адпавядаюць 100% унікальнасці, у асобных выпадках – нават 120%. Гэта значыць, што самі аўтары, на творы якіх мы спасылаемся, не здагадваюцца аб магчымасці такога пытання. Такое здараецца. Падчас інтэрв’ю Лявона Вольскага спецыяльна для «Аўdzienцыі» мы звярнулі ягоную ўвагу на падабенства адной з песняў «Спліна» да хіта N.R.M. Прычым кампазіцыя расійскага гурта з’явілася пазней. Лявон Вольскі ніколі не звяртаў увагі на гэты факт, аднак вымушаны быў пагадзіцца, што падабенства ёсць. У плагіяце, аднак, нікога абвінавачваць не стаў, а патлумачыў гэта законамі жанру і агульнымі музычнымі хадамі. Такім чынам, пытанні «Аўdzienцыі» аўтарскія, культуралагічна значныя, цалкам адпавядаюць мастацкай задуме гульні. Тым не менш фармат не патрабуе дакладных ведаў, як і ў большасці віктарын, падказку ці нават правільны адказ можна знайсці ў пабудове пытання. Складанне такіх пытанняў патрабуе ад аўтара майстэрства і ў нейкім сэнсе мастацтва. На «Уме Штурман» мы задаём больш простыя пытанні, на больш шырокія і папулярныя тэмы, але таксама пераважаюць аўтарскія. Не сакрэт, што для звычайных паб-квізаў часта бяруць пытанні з архіву «Што? Дзе? Калі?». Толькі іх інтэрпрэтуюць, падаюць па-іншаму.
– Паб-квізы ўзніклі ў Еўропе. Як лічыце, беларускі варыянт гульні набыў адметныя рысы?
– У адрозненне ад аўтараў «Мазгабойні», я не гуляў у паб-квізы за мяжой. Магу спасылацца толькі на досвед, здабыты падчас пошуку інфармацыі, калі вывучаў, як гульня выглядае ў той жа Англіі ці Германіі. Ад таго варыянту, якім задумваўся паб-квіз, беларуская версія істотна адрозніваецца. Магчыма, таму, што нашыя аўтары глыбей падыходзіць да арганізацыі гульні – пры агульным падабенстве кожны імкнецца прыдумаць нешта сваё, цікавае, фантазійнае ці эксклюзіўнае. Магчыма, пытанні цікавейшыя і больш закручаныя.
– Віктарынай можна папулярызаваць любую тэму?
– Дакладна. У некаторых віктарынах пэўнай тэме прысвячаюць цэлы тур. Праводзяцца нават тэматычныя гульні, у якіх разглядаюцца спорт, музыка 80-х, ды што заўгодна. У такім фармаце задумвалася «Аўdzienцыя» – не асобна кіно, не асобна музыка, а мастацтва ўвогуле як з’ява ў жыцці чалавека. Віктарына дазваляе падымаць незвычайныя тэмы, нагадваць забытыя рэчы, падбухторваць цікаўнасць. Цяпер, дарэчы, з’явілася шмат тэматычных гульняў на беларускай мове, прысвечаных гісторыі і культуры краіны.
– Які патэнцыял мае беларуская гісторыя ў дачыненні да клубных віктарын?
– Відавочны патэнцыял з вялікім аб’ёмам цікавай інфармацыі. Беларусь – краіна ў цэнтры Еўропы з тысячагадовай гісторыяй, і за гэты час тут шмат што адбылося. Іншая рэч – узровень гістарычных ведаў. Тыя ж ангельцы добра ведаюць сваіх каралёў і могуць адрозніць Карла І ад Карла ІІ. У нас з гэтым цяжэй. Да пэўнага часу гісторыя нам практычна не выкладалася. Да прыкладу, я яшчэ з таго пакалення, якое вучылася ў савецкай школе, дзе Рэч Паспалітую падавалі не інакш як польскую навалу. Цяпер гістарычная памяць у беларусаў даўжэйшая, і цікавасць да гісторыі можна падтрымліваць у тым ліку і гульнямі.
– Клубныя віктарыны задумваюцца перадусім для гараджан. А ці могуць яны стаць турыстычным прадуктам, калі ўлічыць, што частка пытанняў носіць лакальны характар?
– Гарадская віктарына ў першую чаргу ствараецца для гараджан. Таму пытанні лакальнага характару – абавязковая ўмова. Некаторыя гульцы нават абураюцца, калі няма нічога беларускага ці бабруйскага. Турыстам на такіх гульнях можа быць цікава, калі яны хочуць апынуцца ў мясцовай тусоўцы, пачуць мову. На бабруйскіх гульнях былі госці з Расіі, са Швейцарыі, Іспаніі, Украіны. Праўда, швейцарцы і іспанцы былі ў выглядзе былых бабруйчан. Добра, калі іх нехта суправаджае і ёсць магчымасць перакладу. Напрыклад, калі бабруйчане прыводзяць на гульні сваіх замежных сяброў і падчас гульні апякуюцца імі. А для турыстаў, якія хаця б трошкі ведаюць мову, паб-квіз можа стаць цікавым досведам і нават мэтай наведвання краіны. Паб-квіз можа быць і прадуктам унутранага турызму. Па сваёй краіне варта паездзіць і «пакаштаваць» розных гульняў, параўнаць, адчуць розніцу, і некаторыя кампаніі так ужо робяць. На прыкладзе Мінска бачна, што папулярнасць паб-квізаў у Беларусі проста зашкальвае. Здавалася, іх і так ужо шмат, але з’яўляюцца ўсё новыя прапановы. Таму турыст зможа знайсці віктарыну на любы густ, прыехаць і паўдзельнічаць. І не толькі ў сталіцы, але і ў іншых вялікіх і малых гарадах Беларусі.
Яна Шыдлоўская