На чарговым, ліпеньскім, канцэрце “19-га а 19-й” у пасёлку Зялёны Бор адбыўся сумесны выступ паэта Алеся Плоткі і барда Рамана Яраша. Творчая калабарацыя здарылася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” спантанна, бо на канцэрт не здолела паехаць захварэўшая Таццяна Беланогая. Яе прысутнасць, аднак, была ўвасобленая добрымі пажаданнямі ад паэтаў і спадзяваннем на тое, што яна прыедзе ў месяцы наступным.
Выступоўцы нечакана для саміх сябе пабудавалі праграму ў форме “творчага дыялогу”, часта выконваючы творы ў адказ на тыя, што кагадзе прагучалі. Актыўнічала і публіка, жвава адказваючы на пытанні артыстаў пра Караткевіча ў песні. Падарункі ад “Будзьма беларусамі!” разляталіся спрытна, але самым шчырым і галоўным для адной з наведніц мерапрыемства стала песня, выкананая з нагоды яе дня народзінаў.
Пад канец імпрэзы была выведзеная формула беларускасці Барыса Грабеншчыкова (яшчэ б, бо ў словах “будызм” і “будзьма” адны й тыя ж зычныя і іх паслядоўнасць), а пасля спадар Валер, кіраўнік мясцовага ДК і ініцыятар творчых сустрэчаў, выканаў гімн мястэчка Зялёны Бор. Расчуленыя і зусім не стомленыя, творцы пакінулі гасцінны Зялёны Бор. Але ўсяго на месяц, да той пары, калі ў жніўні тут пройдзе наступная традыцыйная сустрэча!