Унікальны абрад “Юр’я” прайшоў 4 траўня 2014 г. у в. Аранчыцы Брэсцкай вобласці. Папрысутнічаць на ім і ўзяць удзел у традыцыйных святочных дзействах запрасіў удзельнікаў праекта “У пошуках традыцыйнай танцавальнай культуры” Аранчыцкі дом фальклору.
Абрад пачаўся з выпечкі невялічкага каравая, у які дадавалася нямая вада. Мясцовыя жыхары называюць так ваду, якую бяруць з трох калодзежаў моўчкі. Лічыцца, што падчас свята Юр’я вада гэтая робіцца гаючай, дае моц і здароўе.
Каравай, шклянку вады і яйка клалі на талерачку, а талерачку — на ручнік. Бралі з сабой ікону і асвечаную вербачку і шлі на поле, пры гэтым спявалі юр’еўскія песні. Ужо дайшоўшы да поля, жанчыны пачыналі прасіць у Бога, каб ён даў сёлета добры ўраджай, каб радзіла добрае жыта. Поле акраплялі святой вадой і прамаўлялі тры разы словы на добрую ўрадлівасць і жыццё.
У гэты дзень і раса на полі лічыцца гаючай. Таму жанчыны бралі з сабой хустачкі і збіралі імі расу, а потым праціралі вочы і твар (вочы — каб зрок быў вельмі добры, твар — каб была прыгажосць). А каб быць здаровым цалкам, трэба пакачацца ў жыце.
Пасля яйка, сімвал жыцця па словах мясцовых жыхароў, закопвалі ў зямлю на добрае жыта. Жанчыны вадзілі карагод, спяваючы юр’еўскія песні.
Пасля абраду ўдзельнікі ішлі па вёсцы з музыкай і спявалі жартоўныя, пазаабрадавыя песні. Музыкі зладзілі танцавальную вечарыну, жанчыны паказалі мясцовыя адметнасці народных танцаў (кракавяк, “Страданні”, гапак, “Абэрак”, кадрылю на адно калена, імправізаваную польку) і праспявалі тры вясельныя і чатыры валачобныя песні.
Праект “У пошуках народнай танцавальнай культуры” стаў пераможцам другога этапу конкурсу культурніцкіх ідэй ад “Будзьма!” і пры арганізацыйнай дапамозе кампаніі ладзіць майстар-класы і танцавальныя вечарыны ў розных рэгіёнах Беларусі з мэтай вывучэння і адраджэння традыцыйнай танцавальнай культуры. Сачыце за навінамі на сайце ГКК “Будзьма беларусамі!”, раптам наступным пунктам экспедыцыі стане менавіта ваш горад ці вёска!
Тэкст — Вераніка Анцілеўская
Фота — Алена Прохарава