«Беларуская Крыніца», №27, 10 жніўня 1933 года надрукавала цікавую карэспандэнцыю з вёскі Шальціны. Гэта ў Браслаўскім павеце каля Друі, цяпер Мёрскі раён. У гэтай вёсцы дзейнічаў гурток Беларускага Інстытута Гаспадаркі і Культуры, які актыўна займаўся асветніцкай працай.
Пагоня на вокладцы віленскага часопіса “Шлях моладзі”. Часопіс выходзіў накладам некалькі тысяч асобнікаў, яго чыталі ў Докшыцах, Мёрах, Чэрасах, Казянах, Будславе, у ваколіцах Друі і Варапаева.
Пад сьцягам Пагоні
Шальціны, Браслаўскага пав. Мала дзе ёсьць сяло, хутар у ваколіцы Гуртка Б.І.Г.іК. у Шальцінах, дзе б ня чыталі беларускай кніжкі ці газеты. Часта моладзь, якая ніколі ніякіх кніжак ня чытала, бярэ свае кніжкі з Гуртка і чытае. Песьня родная, што раз шырэй разлягаецца.
У апошніх часох драматычная секцыя Гуртка зрабіла аж тры прадстаўленьні ў суседніх сёлах: у Бабарыках, Гір’ятох і ў Якужох. Адыграны пераважна: «Гурток», «Конскі партрэт» і «Зьбянтэжаны Саўка». Найбольш людзей было ў Бабарыках, бо каля 350 асоб. У Гір’ятох, дзякуючы таму, што была благая пагода, слаба было разрэкламавана, а мяйсцовы польскі вучыцель зладзіў для нясьведамых сваіх сябраў Вейскага Ст. М. (Stowarzyszenie Młodzieży Wiejskiej, польская арганізацыя – К. Ш.) «забаву», было толькі 100 асоб.
У Якужох прадстаўленне адбылося пад голым небам. Пагода пекная. Глядзельня абстаўлена зеленяй. Сцэна аграмадная, удэкаравана вянкамі і ўзорыстымі дыванамі, а над усім, як заўсягды на нашых прадстаўленьнях бывае, у вяночку наша Пагоня з народнымі сьцягамі. Артысты йгралі без закіду, асабліва Г. Анішчанка. Уражаньне было дужа радаснае і ўрачыстае. Пасьля на сцэне адтанцавалі Лявоніху і распачаліся гульні.
Беларускае прадстаўленьне гэта ўрачыстасьць усяе ваколіцы, на яго йдуць усе, хто 20 гр. мае, а калі матка ня мае грошай, дык просіць, каб хоць ейных дзяцей пусьцілі паглядзець. Пашана роднаму слову, любоў роднай кніжкі пад сялянскай страхой даказвае, што народ наш жыве».
Г. Вайдзёнак.
Газета «Беларуская Крыніца» ўзята з інтэрнэт-сайта бібліятэкі імя Урублеўскіх (Вільня).