Усяго некалькі месяцаў мінула з таго часу, калі ў рамках праекта «Разам да справы», якую ладзіць кампанія «Будзьма беларусамі!» разам з Цэнтрам даследавання грамадскага кіравання SYMPA, у горадзе Горкі адбыўся кірмаш праектаў. І вось новая сустрэча – гэтым разам тут прайшло ток-шоў на тэму турыстычнай прывабнасці Горак і Горацкага раёна.
8 лістапада эксперты з Магілёва і Горак, мясцовыя актывісты і прадстаўнікі турыстычных і культурніцкіх устаноў сабраліся ў канферэнц-зале моладзевага культурна-забаўляльнага цэнтра «Амфітэатр», каб абмеркаваць пытанні развіцця сферы турыстычнага бізнесу ў рэгіёне.
Каб жыць у горадзе і развіваць такую ёмістую частку жыцця, як турызм, трэба ведаць, якія складнікі гарадскога і мясцовага асяроддзя могуць быць найбольш прывабнымі.
Перш за ўсё, у любой мясцовасці існуюць гісторыка-культурныя каштоўнасці, яны могуць быць як матэрыяльнымі – помнікі архітэктуры, прыроды, мастацкія рэчы і гістарычныя артэфакты, так і нематэрыяльнымі – мясцовыя абрады, традыцыі, нават менталітэт і мясцовыя гаворкі. Акрамя гэтага, існуе яшчэ і такі панятак, як «падзейны» турызм, калі людзей прываблівае нейкі фэст ці любая іншая падзея, якая можа быць рэгулярнай, штогадовай, ці разавай. Вельмі важна яшчэ і абмяркоўваць пытанні і праблемы развіцця турызму разам, бо грамадой лягчэй іх і вырашаць, ды і рэалізаваць многія задумы хутчэй могуць не інертныя дзяржаўныя структуры ці нават бізнес, а менавіта грамадскія ініцыятывы і актыўнасці.
Для грунтоўнага абмеркавання гэтай тэмы да ўдзелу ў дыскусіі былі запрошаныя адмыслоўцы ў галіне турызму, музейных спраў, краязнаўства і геаграфіі як з саміх Горак, так і з Магілёва. Ну і, безумоўна, самі жыхары гэтага горада, якім неабыякавае яго развіццё – культурнае і эканамічнае.
Спікерамі на сустрэчы выступілі: старшы навуковы супрацоўнік Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея Валянціна Варанцова, дырэктарка камунальнага прадпрыемства «Магілёўаблтурызм» Алена Карпенка і кандыдат навук, прафесар МДУ імя Куляшова, старшыня магілёўскага аддзела Геаграфічнага таварыства Ігар Шаруха. У звыклай ужо ролі мадэратара сустрэчы быў Аляксандр Агееў – кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры археалогіі і гісторыі МДУ імя Куляшова. Трэба дадаць, што і Аляксандр Агееў, і Ігар Шаруха яшчэ ўваходзяць у склад Савета па развіцці агратурызму пры Магілёўскім аблвыканкаме.
На думку ўсіх спікераў сустрэчы, Горкі маюць вялікі патэнцыял у развіцці турызму, які пакуль не вельмі актыўна выкарыстоўваецца.
Больш падрабязна пра цікавосткі распавяла Валянціна Варанцова. Яна пералічыла найбольш вядомыя аб’екты – Горацкую сельгасакадэмію, якая мае даўнюю багатую гісторыю і была сведкай усіх вядомых падзей, ад паўстанняў ХІХ стагоддзя да рэвалюцый і войнаў ХХ, Батанічны сад пры гэтай акадэміі, горацкі музей, адзін з найлепшых на Магілёўшчыне. З жалем яна згадала зруйнаваны не так даўно дом, дзе ў 20-я гады жыў Максім Гарэцкі, але ўвогуле цікавага ў горадзе вельмі шмат.
Алена Карпенка заўважыла, што калі яна складае турыстычныя маршруты для розных груп, то прапаноўвае, ў тым ліку наведаць аб’екты ў Горках і ваколіцах. Але чамусьці турысты не вельмі хочуць сюды ехаць, ім больш цікавыя Мсціслаў, Крычаў, нават Шклоў. Прычым, з яе словаў, у тым жа Шклове людзей нават больш цікавяць не гістарычныя мясціны, а сучаснае сховішча для яблыкаў – тое, як яно абсталяванае і працуе. Шмат экскурсій цяпер прыязджае і ў найноўшыя жывёлагадоўчыя комплексы ў Александрыі, людзей усё больш цікавіць нешта новае і незвычайнае. Што да аб’ектаў у Горках, то хоць яны і цікавыя, але, магчыма, не надта «раскручаныя», ды і цяпер трэба шукаць нешта сучаснае, а паралельна ўжо можна праводзіць экскурсіі і па гістарычных аб’ектах. Важна паказаць такое, чаго няма ў іншых месцах, бо гістарычныя падзеі прыкладна аднолькавыя адбываліся ўсюды.
Тут жа самі горкаўцы згадалі, што ў іх ёсць рыбаферма, дзе вырошчваюць малькоў рыбы і потым выпускаюць іх у мясцовыя сажалкі і вадасховішчы. Прычым экскурсіі на саму ферму ўжо адбываюцца, хіба што можна яшчэ цікавей абыграць сам працэс выпуску рыбы ў возера, пашыраць інфармацыю пра магчымасць паназіраць за гэтым.
Безумоўна, была абмеркаваная і Горацкая сельгасакадэмія як турыстычны аб’ект. Больш глыбока разабраў яе патэнцыял Ігар Шаруха – ён згадаў, што гэта адна з першых вышэйшых навучальных установаў у Расійскай імперыі. На тэрыторыі Акадэміі, якая пачыналася як земляробчая школа, а потым інстытут, ажно з 1840 года бесперапынна працуе ўнікальная метэастанцыя, гэта адна з сямі такіх станцый у былой Расійскай імперыі і самая старая з іх. Яшчэ тут, амаль з самага існавання земляробчай школы, пачалі навукова распрацоўваць тэхналогіі меліярацыі. У ваколіцах Горак з 1850 года захавалася першая меліярацыйная сістэма, якая працуе і можа стаць турыстычным аб’ектам. Цікавы і той факт, што першы камбайн у Беларусі быў таксама зроблены ў Горках, у 30-я гады мінулага стагоддзя.
Як прыклад спадар Ігар прывёў Полацкі ўніверсітэт, таксама з даўняй гісторыяй. Там адносна нядаўна ўсталявалі, ці, можна сказаць аднавілі, вежавы гадзіннік, які па функцыях падобны да гарадскога гадзінніка ў Празе. Ён так сама аздоблены рухомымі фігуркамі, а ў якасці мелодыі выбівае студэнткі гімн «Гаўдэамус». Гэты гадзіннік стаўся вельмі запатрабаваным турыстычным аб’ектам, універсітэт пачаў больш сродкаў атрымліваць ад наведнікаў і паступова стаў напаўняць тэрыторыю рознымі іншымі цікавосткамі, скульптурнымі кампазіцыямі, нават зрабілі «жывую» механічную галаву па старых эскізах.
Увогуле, як заўважыў мадэратар сустрэчы Аляксандр Агееў, Горацкую акадэмію можна назваць горадаўтваральным ядром. Калі прааналізаваць замежны досвед, то вялікія навучальныя цэнтры, як той жа Гарвард, фактычна могуць «карміць» увесь горад, і гэтаму трэба надаваць большую ўвагу.
Яшчэ Ігар Шаруха закрануў тэму музейнай працы – ён прывёў прыклад краязнаўчага музея ў Моталі, дзе не проста дэманструюць экспазіцыі, а яшчэ і ладзяць майстар-класы для дзетак і дарослых па аднаўленні старых рамёстваў, як, напрыклад, ткацтва. Гэтая ідэя ў іх набыла такую папулярнасць, што ўжо нават з’явіліся планы на адкрыццё адпаведнага ліцэя.
Ёсць у Горках і «свежыя» цікавыя аб’екты. У горадзе існуе даволі вялікая суполка, каля трохсот чалавек, аматараў «скандынаўскай хадзьбы». Не так даўно сумесна з еўрапейскім фондам быў рэалізаваны праект па стварэнні адмысловай сцежкі здароўя. Такіх аб’ектаў у Беларусі яшчэ вельмі мала, і ў Горкі павучыцца тэхніцы хадзьбы прыязджаюць прыхільнікі гэтага віду актыўнага адпачынку і з іншых рэгіёнаў. Сцежка была пазначаная ўказальнікамі, абсталяваная інфармацыйнымі стэндамі, але нешта ўжо паспелі зламаць, некаторыя ўказальнікі не зусім карэктна выстаўленыя. Аляксандр Агееў, які да сустрэчы паспрабаваў прайсціся па такім указальніку, але зайшоў крыху не туды, пракаментаваў гэты выпадак. Ён зазначыў, што трэба больш заўважна гэты аб’ект пазначаць, каб ім маглі карыстацца не толькі групы пад кіраўніцтвам мясцовага інструктара, але і асобныя турысты. На такіх аб’ектах так сама можа зарабляць турыстычная сфера горада – бо калі нехта прыедзе прайсціся па сцежцы, ён жа зойдзе і ў кавярню, можа нават спыніцца ў гатэлі, набудзе нейкі сувенір ці выраб мясцовых рамеснікаў і гэтак далей. Свае паслугі могуць прапанаваць і мясцовыя аграсядзібы, іншыя турыстычная і музейныя аб’екты. Такім чынам, трэба ствараць адмысловыя кластары, у якіх розныя складнікі і ўдзельнікі будуць падтрымліваць адно аднаго, рэкламаваць іншых, накіроўваць турыстаў.
Пакрытыкавалі прысутныя мясцовую інфраструктуру ўстаноў харчавання. У Горках не вельмі шмат розных кавярняў і рэстаранаў, а тыя што ёсць, вельмі часта ў выходныя дні зачыненыя на спецабслугоўванне. Не найлепшым чынам ідуць справы і ў гатэльным бізнесе – у горадзе адна невялічкая гасцініца, якую, праўда, добра адрамантавалі да Дажынак. Аднак развіццё такіх сэрвісаў звязанае з попытам – калі яго няма, то і няма сэнсу ўкладацца ў пашырэнне.
Але ёсць яшчэ адзін станоўчы момант у Горках – сама мясцовасць Пра гэта згадала Алена Карпенка – яна заўважыла, што Горкі, у адрозненне ад шмат якіх іншых рэгіёнаў Магілёўшчыны, месцяцца ў экалагічна чыстай зоне, якая не пацярпела ад Чарнобыля, тут паблізу няма ніякіх прамысловых зон. Але ў той жа час адсутнічаюць санаторыі і падобныя ўстановы, і гэта пры тым, што тут ёсць свая мінеральная вада. Цяпер надзвычай запатрабаваны экалагічны адпачынак, і Беларусь прываблівае замежных турыстаў менавіта сваёй прыродай. Адзінае што такая інфраструктура патрабуе значных укладанняў, трэба больш зацікаўліваць інвестараў, рэкламаваць свае мясціны. Але экалагічнымі перавагамі слаба карыстаюцца нават самі мясцовыя жыхары – як заўважыла спадарыня Алена, у Горацкім раёне вельмі мала аграсядзібаў у параўнанні нават з такімі «радыяцыйнымі» раёнамі, як Быхаўскі ці Слаўгарадскі. Неабходна прапагандаваць гэтую сферу турыстычнага бізнесу, бо яна мае добрую перспектыву, плюс гэта яшчэ і спосаб самазанятасці мясцовага насельніцтва, калі бракуе іншых варыянтаў працаўладкавання.
Развіццю турыстычнай інфраструктуры – і аграсядзібаў, і ўвогуле сферы паслугаў – можа паспрыяць і так званы “падзейны” турызм, калі ладзяцца розныя фэсты, кірмашы, нават вялікія канцэрты. На пытанне мадэратара, што з такога існуе ў Горках, Валянціна Варанцова згадала толькі першакрасавіцкі жартаўлівы фестываль “Энеіда навыварат” – якраз аўтарамі гэтай паэмы ў свой час былі студэнты Горы-горацкага земляробчага інстытута. Але фэст ладзіўся ўжо даўно, дужа не пашырыўся, а затым яго ўвогуле “перахапіў” іншы горад.
Пра некаторыя праекты распавяла рэдактарка газеты “Узгорак” Галіна Будная – яны ў рэдакцыі неяк зладзілі “мазгавы штурм” на тэму магчымых гарадскіх фестываляў. Адзін з праектаў, што быў прапанаваны, звязваў саму назву горада Горкі са зместам фестывалю – узімку арганізаваць па ўсім горадзе разнастайныя ледзяныя і снежныя горкі, і праводзіць усялякія забаўкі, а заадно і кірмашы вырабаў рамеснікаў.
Яшчэ адна з тэмаў дыялогу – што можна прапанаваць і паказаць турыстам з Расіі, бо ўсё ж такі яны едуць у Беларусь як у замежную краіну і хочуць тут пабачыць адметнасці, а не тое самае, што ў сябе. На гэта Аляксандр Агееў нават прывёў прыклад: што калі прыязджае турыст з каталіцкай Польшчы, яму цікава паглядзець на цэрквы, а праваслаўнага расійца больш цікавяць касцёлы. Хоць у Горках можна адшукаць мясціны, непасрэдна звязаныя з расійскай гісторыяй – тут падчас Паўночнай вайны знаходзілася штаб-кватэра Пятра І, але ёсць і адрознае. Прысутныя згадалі, што расійскіх турыстаў можа зацікавіць гісторыя антымаскоўскага паўстання Кастуся Каліноўскага, а якраз тагачасныя студэнты і выкладчыкі Горацкай акадэміі актыўна ў ім удзельнічалі, нават у інстытуцкім дэндрапарку захавалася магіла Войцеха Дамарацкага, аднаго з удзельнікаў. Акрамя таго, па сведчанні мясцовых экскурсаводаў, расійскіх турыстаў здзіўляе і бянтэжыць амаль поўная адсутнасць беларускамоўных шыльдаў і ўказальнікаў вуліц – яны прыязджаюць у іншую краіну і ў той жа час быццам і не, усё як у Тамбове ці Варонежы. Не трэба цурацца свайго, бо калі няма нейкай разынкі ці перлінкі, цікавага будзе мала.
Часткова для пашырэння турыстычна-экскурсійных паслугаў можна выкарыстоўваць патэнцыял і спартовых аб’ектаў. Каля Горак ёсць конна-спартовая школа, якая сама па сабе можа быць турыстычным цэнтрам. У Горках пабудаваная лядовая арэна, нярэдка горад наведваюць спартоўцы – і на зборы, і на спаборніцтвы, але, па словах саміх горкаўцаў, тыя карыстаюцца хіба толькі ўстановамі харчавання. Алена Карпенка як дасведчаны арганізатар турпаездак параіла, каб мясцовы музей, ці іншы турыстычныя аб’екты, прапанаваў адміністрацыі лядовай арэны ўключаць у спіс паслугаў, што прадстаўляюць камандам, не толькі гасцініцу і харчаванне, але і экскурсійныя туры па мясцовых аб’ектах.
Цікавую і суперсучасную ідэю выказала Валянціна Варанцова: на яе думку, шмат турыстаў у Горкі можа прыцягнуць вялікая аэратруба, у якой можна лётаць з дапамогай паветраных струменяў. Такі від спорту вельмі папулярны цяпер у Еўропе, і гэты аб’ект можа стаць вельмі папулярным не толькі сярод экстрэмалаў, але і сярод звычайных людзей. Але гэта ўжо з разлікам на перспектыву і шчодрага інвестара.
Вельмі важна больш размаўляць, абмяркоўваць, прапаноўваць, бо так пачынаецца паўсюль – спачатку словы, а затым з’яўляецца разуменне неабходнасці нешта новае ўсталёўваць, будаваць, арганізоўваць. “У нас у Магілёве 20 гадоў таму таксама не было што паказваць, а было пра што гаварыць. А потым і касцёл адчынілі, і цэрквы, і помнікі пачалі з’яўляцца, аднавілі Ратушу, і цяпер ужо ёсць што паказаць. Але добра, калі гэта чуе ўлада, калі ёсць супольнае паразуменне, калі пачынаць размаўляць аб адным і тым жа, яно пачынае і рэалізоўвацца”. Не менш важна развіваць аграсядзібы, бо і яны могуць даць наведнікаў у музей, на іншы аб’ект, бо цяпер усё больш людзей жадае не проста адпачыць у адным месцы, хоць і экалагічным, але і паглядзець на нешта цікавае побач.
Пры канцы ўдзельнікі дыскусіі падсумавалі вынікі сустрэчы.
Ігар Шаруха параіў больш выкарыстоўваць філіял Польскага музея ў Леніно, прадумаць агульную інфраструктуру мясцовага турызму, выявіць і “пазбіраць” цікавыя дробязі, з якіх і складаецца агульны імідж места. Не трэба забываць на спонсараў, напрыклад, тут ёсць вядомы брэнд “Малочныя горкі”, ім можна прапанаваць зладзіць нейкую падзею, звязаную і з назвай Горкі, і з малаком.
Не баяцца эксперыментаваць, прыдумляць і рабіць нешта новае параіла Алена Карпенка. У сваю чаргу яна паабяцала горацкі напрамак часцей уключаць у экскурсійныя туры і ўжо адзначыла для сябе некаторыя мясцовыя цікавосткі. Але яна яшчэ і параіла больш актыўна задзейнічаць сацыяльныя сеткі, каб распаўсюджваць інфармацыю пра мясцовыя падзеі, аб’екты праз інтэрнэт. Паводле досведу спадарыні Алены, цяпер адбываецца ўздым турыстычнага бізнесу, ужо ў Мінску і нават у Магілёве бываюць моманты, калі немагчыма знайсці вольнае месца ў гатэлі ці нават зняць кватэру. І хутка гэта можа прыйсці і ў раённыя цэнтры, таму ўжо трэба рыхтавацца і думаць наперад, тым болей што Горкі – памежны з Расіяй рэгіён, а асноўная частка турыстаў якраз адтуль.
Валянціна Варанцова пагадзілася, што ў Горках не хапае інфармацыйнага поля, не ўсе і не заўсёды выкладаюць свае фотаздымкі з розных падзей, а гэта цяпер можа быць найбольш цікавым. Яна адзначыла, што вельмі задаволена сённяшняй сустрэчай, бо з’явілася шмат новых ідэй, згадаліся ўжо забытыя, але цікавыя.
Агульныя тэзісы дыскусіі агучыў Юрый Стукалаў – каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” на Магілёўшчыне:
Па-першае, трэба развіваць падзейны турызм; па-другое – выкарыстоўваць эксклюзіўную інфраструктуру, як той жа рыбакомплекс, развіваць структуру маркіроўкі маршрутаў, указальнікаў; і па-трэцяе, спрабаваць аб’ядноўвацца і працаваць разам, перанакіроўваць да іншых, рэкламаваць адно аднаго. Таксама вельмі важна падцягваць моладзь, далучаць да справы, бо звычайна менавіта маладыя могуць прапанаваць новыя ідэі і маюць вялікі энтузіязм іх ажыццявіць. Але галоўнае – не забывацца на сваю адметнасць і непадобнасць, заставацца беларусамі.
Прыемным і нечаканым дадаткам да сустрэчы сталася ўручэнне рэгіянальнаму прадстаўніку кампаніі “Будзьма беларусамі!” Юрыю Стукалаву ганаровай граматы ад магілёўскага абласнога аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства. Юрыя адзначылі “за ўклад у папулярызацыю магілёвазнаўства, арганізацыю цікавых мерапрыемстваў, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці” і з нагоды пяцігоддзя магілёўскага Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, які Юрый узначальвае. Грамату ўручыў Ігар Шаруха – старшыня магілёўскага аддзела Геаграфічнага таварыства.
Пасля асноўнай часткі ўдзельнікі сустрэчы, традыцыйна для такіх імпрэзаў, запоўнілі анкеты-апытанкі і прыватна паразмаўлялі за кубачкамі кавы і гарбаты.
Тэкст і фота – Алесь Сабалеўскі