На сольным канцэрце ў “Рэактары” музыкі з “Петли пристрастия” пілі за юбілей палёту чалавека ў космас, здымалі на відэа прыхільнікаў, што парамі скакалі са сцэны ў натоўп і, канечне ж, гралі песні з новага альбома “Гипнопедия”, якія слухачы паспелі развучыць.
The Blackmail
Тыя, хто прыйшоў на прэзентацыю альбома “Гипнопедия” гурта “Петля пристрастия”, атрымалі прыемны падарунак. На разагрэве ў каманды Іллі Чарапко-Самахвалава выступіла каманда The Blackmail, якая дала фактычна сольны канцэрт. Хлопцы ўсе як адзін выйшлі на сцэну ў аднолькавых белых кедах і джынсах у абцяжку ды сыгралі песні з свайго будучага дэбютнага альбома. Вакаліст Максім Кульша чараваў на сцэне, хапаўся за сэрца, танчыў са сваёй гітарай і часам уваходзіў у транс… Да канца лета музыкі абяцаюць даць свой паўнавартасны канцэрт.
“Петля пристрастия” пачала свой сэт з жыццесцвярджальнай песні з прыпевам “Завтра тут станет гораздо теплей”. Ілля падзякаваў усім, “хто прыйшоў атрымаць супольны аргазм”, скінуў з галавы чырвоны каптурок, зняў акуляры і цалкам абстрагаваўся ад наваколля. “Я вас не бачу, але адчуваю, як дрыжаць кончыкі вашых пальцаў”, — спакойным голасам кажа Чарапко між песнямі, прымружваючы вочы, і выпівае разам з калегамі за юбілей палёту чалавека ў космас. Яго манера выканання часам нагадвае Фёдарава з “АукцЫона”, адчуванне ўзмацняецца падчас выканання новай песні “Чёрный квадрат”.
Нягледзячы на тое, што альбом з’явіўся ў сеціве за дзень да канцэрту, людзі ўжо ведалі песні на памяць. Але асабліва на ўра пайшлі песні з папярэдняга дыска “Всем доволен”.
На песеньцы “Идеального нету” Чарапко бярэ ў рукі відэакамеру і здымае сябе, музыкаў і прыхільнікаў, што залязяць на сцэну і скачуць у натоўп. Асабліва эфектна выглядала, калі скакалі парамі. Сярод людзей, што падалі, былі заўважаныя і музыкі з The Toobes, а на танцпляцы ў гэты час адрываліся хлопцы з “Разбітага сэрца пацана”. На выкананні “Дышать и смотреть” аматараў стэйдждайвінгу сабралося больш за дзясятак, так што ахоўніку давялося актыўна папрацаваць, каб вызваліць сцэну. “Нерест, рабяты!”, — пачаў ужо маліць лідар “Петли”, але стрымаць прыхільнікаў было не так проста. Тады гэтую няўдзячную справу музыка кінуў ды ўскрыкнуў: “Ян Кёрціс жыве!”. Супольны аргазм быў дасягнуты.
Магчыма, што альбом “Гипнопедия”, як і папярэдні дыск “Петли”, выйдзе ў Расіі. Пакуль жа яго можна спампаваць у інтэрнэце. Напрыклад, на сайце 34mag.net.