Расійскі рок-гурт ДДТ адмовіўся выступаць на пляцоўцы ў Цюмені, дзе намалявалі літару Z. Пра гэта лідар гурта Юрый Шаўчук расказаў у інтэрв’ю журналісту Аляксандру Плюшчаву на яго YouTube-канале, піша «Еўрарадыё».
Юрый Шаўчук / obzor.lt
«Можа, забараніць наш канцэрт вырашылі, бо мы памянялі залу. У нас была зала заяўленая для канцэрту, і там яны намалявалі вялізную літару Z. Мы адмовіліся там граць, перанеслі канцэрт у іншую залу. Іншую залу нам ужо не далі», — распавёў Шаўчук.
Літара Z выкарыстоўваецца як сімвал расійскай агрэсіі супраць Украіны. У шэрагу краін яе публічнае выкарыстанне забароненае і караецца штрафамі.
Прэс-сакратар Цюменскага канцэртна-тэатральнага аб’яднання Наталля Рабкова ў каментары парталу 72.RU заявіла, што не ведае прычыны пераносу канцэрта.