З метадычнымі парадамі па Аршаншчыне

20 жніўня 2010 у межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» адбылася чарговая рэгіянальная паездка, прысвечаная правядзенню кансультацыйных сустрэч і круглых сталоў па праблеме аховы гістарычна-культурнай спадчыны.

Гэтым разам старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, намеснік старшыні Мінскага абласнога таварыства Зміцер Яцкевіч і даўні прыхільнік грамадскага аб’яднання і агульнанацыянальнай кампаніі «Будзьма беларусамі!», амерыканскі фотамастак Джон Кунстадтэр накіраваліся на Аршаншчыну.

Спачатку ў старадаўнім мястэчку Смаляны, у сельскім савеце, разам са старшынёй Галінай Карпушонак былі абмеркаваныя праблемы захавання гістарычна-культурных помнікаў, а тут і руіны замку Сангушкаў «Белы Ковель», былы дамініканскі касцёл і кляштар, Аляксееўская і ўнікальная драўляная Спаса-Аб’яўленчая царква. Гэта толькі аб’екты, якія маюць статус гістарычна-культурных каштоўнасцяў.

А акрамя ўсяго — местачковая забудова, рэшткі сядзібна-паркавага комплекса і магіла легендарнага Тамаша Зана, якая чамусьці служыць сапраўдным месцам паломніцтва толькі для палякаў, а беларусамі яна забытая, ды і рэдкі беларус ведае, хто такі Тамаш Зан, не кажучы пра месца яго пахавання. Каб не апека мясцовага сельскага савета, магіла даўно б прыйшла ў заняпад.

Была асобная гаворка пра перспектывы адраджэння дамініканскага касцёла, дзеля чаго з Сянно прыехаў пробашч Сенненскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы ксёндз Дзмітры Іваноў.

У Капысі сустрэча была са старшынёй Капыскага пасялковага савета Кацярынай Бацура, старшынямі сельскіх саветаў, на падведамственай тэрыторыі якіх размешчаныя помнікі гісторыі і культуры, прадстаўнікамі службаў аддзела культуры Аршанскага райвыканкама, настаўнікамі мясцовай школы, супрацоўнікамі філіяла Музея Янкі Купалы ў Ляўках і краязнаўцамі.

Цікава, што «Будзьма беларусамі!» ужо добра ведаюць у Капысі, тут з двума канцэртамі быў Зміцер Вайцюшкевіч. Таму, мабыць, сустрэча праходзіла ў асабліва цёплай атмасферы. Было шмат пытанняў, вострых і неабходных для абмеркавання, а гэта і ахова гістарычна-культурнай спадчыны, краязнаўчая праца, стварэнне новага музея. Было прынятае рашэнне пра неабходнасць вялікага круглага стала з комплескным вырашэннем праблем на базе райвыканкама з прыцягненнем прадстаўнікоў усіх зацікаўленных службаў і грамадскасці.