“Ляпісам” не можна граць у Беларусі, але іх песні гучаць на канцэртах. 7 мая ў мінскім R-club прайшоў трыб’ют гурта “Ляпіс Трубяцкой”. Улюбёныя песні спявалі хорам.
PunKrot {Пан Крот}
“Улетает юность cтаей белых лебедей!”, – завывае моцна спатнелы вакаліст гурта Punkrot, распрануты да адных майткоў. У залі танчаць пары і ўся гэтая дзея моцна нагадвае правінцыйную школьную дыскатэку. Атмасферу рок-канцэрта вяртае гурт “НЕ прислоняться the band”, які адзін у адзін зняў гучанне “Ляпісаў”. “Уздымайце вышэй рукі, бо зараз будзе іх “Маніфест”, наш “Маніфест”, – палымяна абвесціў лідар каманды і заля выбухнула.
НЕ прислоняться the band
IN VINO
У гэты вечар у асноўным гучалі песні з цяперашняга рэпертуару каманды Сяргея Міхалка. Але часам музыкі згадвалі і ранейшую творчасць “Ляпісаў”. “Хто быў у Афрыцы? А хто ў Сочы?”, – пытаецца вакаліст з “НЕ прислоняться” і далей гучыць і “Сочи” і “Африка”. У ход пайшлі нават Zdob si Zdob ды іх “Стоп-мафия”, якую малдаўская каманда праспявала разам з Міхалком.
Песню “Грай”, якую вырашыў выканаць гурт In Vino, іх вакалісту не давялося спяваць – за яго гэта зрабіла заля. Людзі, як скончылі спяваць, зацягнулі “Жыве Беларусь!”. Перапужаны такой праявай патрыятызму вакаліст ледзь не жагнаючыся папрасіў абыйсціся без палітыкі: “Спадзяюся мяне пасля канцэрта не закрыюць”, – заявіў ён, але працягнуў граць “Ляпісаў”. “Мы супраць гвалту, мы – за любоў! Тады – “Нафта”!”, – радасна паведаміў музыкант.
Re1ikt
Заслужана закрывалі канцэрт Re1ikt, якія шыкоўна выканалі “Зорачкі” ды яшчэ тройку “ляпісаўскіх” песень (было яшчэ “Харе”, той жа “Грай”, “Керч” і кавер на кавер “I Wanna Be Your Boyfriend”) ды паказалі свае творы, асабліва ўразіўшы публіку ўласнай інтэрпрэтацыяй “Ой, рана на Івана”. Гэта быў той выпадак, калі спявак падчас выканання жыве, памірае ды зноў нараджаецца на сцэне. “З вамі была група “Ляпіс Трубяцкой”!, – закрычаў на развітанне вакаліст Уладзімір Казлоў, а потым падумаўшы секунду дадаў: “Ну і група Re1ikt таксама”.