У чарговым выпуску на сваім Youtube-канале паэт, перакладчык, знаўца літаратуры Андрэй Хадановіч расказвае пра знакамітую камедыю Арыстафана «Лісістрата».
Падчас Пелапанэскай вайны, калі афінцы пачынаюць цярпець паразы, пацыфіст Арыстафан піша сваю знакамітую «Лісістрату».
Жанчыны Афінаў (а таксама Спарты ды іншых полісаў) змаўляюцца ды абвяшчаюць «сексуальны страйк», адмаўляючы мужчынам, пакуль тыя не спыняць вайну. Падзейнічала. Вайна была скончана. Як казалі бітнікі 60-х, make love not war!
Нехта потым назаве Арыстафана протафеміністам. Нехта, наадварот, скажа, што ён смяецца з жанчын, якія яшчэ не бачаць сябе рэальнай сілай і глядзяць на свет «мужчынскімі» вачыма. Так ці інакш, па ходзе п’есы жанчыны змяняюцца, усё больш вераць у свае магчымасці — і ўрэшце дабіваюцца міру.
Як жанчыны становяцца галоўнымі гераінямі ў барацьбе за мір і чаму праз 25 стагоддзяў «Лісістрата» застаецца актуальнай расказвае Андрэй Хадановіч.