У Мінску затрыманы Сяргей Стрыбульскі, былы фігурант справы «Белага Легіёна» («справы патрыётаў»), піша «Еўрарадыё».
Сяргей Стрыбульскі / Фота з сацсетак
Праваабаронцам вядома, што сілавікі яго моцна збілі. Цяпер мужчына знаходзіцца на Акрэсціна.
Затрыманне адбылося яшчэ перад Днём Волі. Пакуль невядома, у якім статусе знаходзіцца Стрыбульскі і ў межах якой справы яго затрымалі.
Сяргей Стрыбульскі быў затрыманы вясной 2017-га, калі адбылася «зачыстка» былых сябраў «Белага Легіёна». Некалькі месяцаў ён правёў за кратамі. Спачатку затрыманых абвінавачвалі ў падрыхтоўцы да «масавых беспарадкаў», пасля — у «стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання». У выніку крымінальную справу закрылі за адсутнасцю складу злачынства. Стрыбульскі сярод іншых фігурантаў справы спрабаваў атрымаць кампенсацыю маральнай шкоды, але суд Маскоўскага раёна Мінска вясной 2018-га адмовіў. Пасля гэтага быў зварот у Камітэт па правах чалавека ААН.
Восенню 2021-га Сяргея Стрыбульскага затрымлівалі па абвінавачванні ва ўдзеле ў пратэстах.