27 лютага ў Мінску ў новым корпусе завода «Луч» на вуліцы Натуралістаў, 3 адкрыўся музей, які будзе захоўваць каштоўныя экспанаты, звязаныя з гісторыяй вытворчасці гадзіннікаў у нашай краіне. У рамках адкрыцця «Луч» прэзентаваў гадзіннікі «Аднастрэлачнік 3.0», якія могуць знаходзіцца ў вадзе на глыбіні 30 метраў.

Калі раней зазірнуць за кулісы адзінага гадзіннікавага завода Беларусі можна было толькі падчас рэдкіх групавых экскурсій, то ў хуткім часе любы жадаючы ў суправаджэнні экскурсавода зможа на свае вочы ўбачыць вялікую экспазіцыю.
У музеі завода «Луч» атрымалася сабраць больш за 100 мадэляў гадзіннікаў розных гадоў, першае вытворчае абсталяванне, інструменты для працаёмкай работы гадзіннікавых зборшчыкаў (калісьці гэта былі толькі пінцэты і адвёрткі) і архіўныя фотаздымкі, пачынаючы з 50-х гадоў, калі толькі прыступілі да будаўніцтва завода.
Адзін са знакавых экспанатаў музея – мініяцюрны жаночы гадзіннік «Зара», з якога пачыналася гісторыя «Луча» ў Мінску ў 1955 годзе. Бо першапачаткова прадпрыемства было нацэлена на вытворчасць гадзіннікаў менавіта для жанчын. Мадэль «Зара» лічылася самай маленькай і вытанчанай з тых, што выпускаліся ў СССР. Гэты і многія іншыя арыгіналы гісторыі ўдалося захаваць дзякуючы прыватнай калекцыі завода, і многія экспанаты існуюць у адзіным экзэмпляры. На Мінскім гадзіннікавым заводзе чакаюць вялікую цікавасць да музея і з боку замежных турыстаў, і з боку жыхароў Беларусі. І разлічваюць на тое, што цяпер гэта месца стане галоўным экскурсійным аб’ектам гадзіннікавай вытворчасці.
Да адкрыцця музея «Луч» прымеркаваў прэзентацыю трэцяй версіі гадзіннікаў-аднастрэлачнікаў, якія ўжо сталі легендарнымі і нязменна карыстаюцца вялікім попытам. У гэты раз дызайнеры паклапаціліся пра тое, як гаспадары хранометраў будуць вызначаць час па адной стрэлцы, што адказвае і за хвіліны, і за секунды. Стылёвую падказку з дзяленнямі, у якой лёгка разабрацца, размясцілі прама на цыферблаце паміж лічбамі 12 і 1.
У 3.0 версіі аднастрэлачнікаў 15 мадэляў з рознымі дызайнерскімі і каляровымі рашэннямі, сталёвы корпус, мінеральнае шкло павышанай трываласці на цыферблаце і некалькі варыянтаў раменьчыкаў на выбар: ад натуральнай скуры да плеценага бранзалета з нержавеючай сталі.
Традыцыйна ў гэтых мадэлях выкарыстоўваецца аўтэнтычны гадзіннікавы механізм 1801.1, які цалкам вырабляецца і збіраецца на заводзе «Луч». У адрозненне ад першай версіі беларускіх аднастрэлачнікаў, якая была выпушчана ў 2016 годзе, трэцяя валодае вільгацеаховай 3 bar.
Паводле прэс-рэлізу