Вялікім галаканцэртам завяршыўся тыдзень франкафаніі ў Менску 20 сакавіка ў лінгвістычным універсітэце. Штогод ўвесну франкафоны ўсяго свету адзначаюць свята французскай культуры. Напрацягу пяці дзён шанавальнікаў французскай культуры па чарзе пррымалі залы бібліятэкі імя Пушкіна, Лінгвістычнага ўніверсітэту ды Дома дружбы. У кінатэатры “Цэнтральны” штодзень дэманстраваліся французскія кінастужкі.
Сваемі уражаннямі ды меркаваннямі падзяліўся адзін з арганізатараў свята франкафаніі ў Менску, фрацузскі выкладчык Федэрык, які стажыруецца ў Беларусі:
— Падчас арганізацыі сьвята мы сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі. Па большаму рахунку яны вызваны эканамічным крызісам, праз яго не заўжды хапае сродкаў на рэалізацыю тых ці іншых ідэяў. Але мы рабілі ўсё ад нас залежнае, каб дасягнуць станоўчага ўзроўню.
Фінальны канцэрт доўжыўся амаль тры гадзіны. Дзякуючы беларускім навучэнцам, тэатру “Demain le printemps”, Кацярыне Саковіч, паэтам, музыкам ды танцорам звычайны беларускі вечар набыў адценне французскай рамантычнасці. З асабліва яскравых відовішчаў хочацца адзначыць танцуючага прарэктара эканамічнага ўніверсітэту і самых маленькіх удзельнікаў канцэрту – вучняў 8-ай гімназіі г. Менску.
Канцэрт наведалі гэтаксама і госці з Францыі. Французскі выкладчык Даніэль:
— Гэта не першае свята франкафаніі, якое я наведваю. На жаль я прысутнічаў не на ўсіх мерапрыемствах. Мяне вельмі ўразіла літаратурна-музычная імпрэза “Францыя ў сэрцы Беларусі”. Я ведаю, што перакладаць вершы вельмі цяжкая справа, але ўдзельнікі паэтычнай вечарыны зрабілі гэта на выдатна. Што тычыцца галаканцэрту, ды й усяго тыдню франкафаніі, то гэта вельмі добрая магчымасць палепшыць культурніцкія стасункі паміж Францыяй ды Беларуссю.
Не згубілі магчымасьці падзяліцца ўражаннямі і беларускія франкафоны ды франкафілы. Студэнтка педагагічнага ўніверсітэту Наталля.:
— Мне вельмі спадабаўся гэты канцэрт. Тое, што ў нашай краіне існуе шмат людзей, якія шануюць французскую культуру – файна. Пабольш бы такіх сьвятаў.
Фінальны акорд прагучаў з вуснаў вядоўцы канцэрту: “Да наступнае сустрэчы ў наступным годзе, сябры!”