4 жніўня — 105 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. Аўтар рамана «Птушкі і гнёзды», шэрагу аповесцяў, апавяданняў і процьмы мініяцюр, сааўтар — разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам — знакамітай кнігі «Я з вогненнай вёскі...», Іван Антонавіч вылучаўся не адным толькі літаратурным талентам — у дадатак ён быў сумленным і прыстойным чалавекам. Пра што і сведчыць падборка «Народнай волі» кароткіх гісторый з доўгага жыцця Янкі Брыля.
Брыль і Сталін
Адзін высокі чыноўнік, які некалі працаваў у апараце ЦК КПСС у Маскве і курыраваў пытанні літцэнзуры, захацеў зачапіць Янку Брыля і таму напісаў (не называючы прозвішча), што, маўляў, ёсць у нас адзін пісьменнік, лаўрэат Сталінскай прэміі, які атрымаў прэмію асабіста ад Сталіна.
Успамінаючы гэта, Іван Антонавіч удакладніў: гэта яшчэ Канстанцін Сіманаў напісаў ва ўспамінах, як аднойчы Сталін пацікавіўся адносна яго, Брыля:
— А гэтаму прэмію трэба даць таму, што варты яе, ці таму, што піша так, як трэба?
— Таму што таленавіта, — адказаў Сіманаў.
Распавядаючы пра гэта, Іван Антонавіч рэзюмаваў:
— Такім чынам, ніякага «асабіста» не было.
Брыль і Чакоўскі
Драматург і былы супрацоўнік ЦК Алесь Петрашкевіч распавядаў. Пасля таго як Брыль непахвальна выказаўся пра трылогію «Блакада» сакратара праўлення СП СССР і лаўрэата Сталінскай прэміі Аляксандра Чакоўскага, які за свой раман атрымаў Ленінскую прэмію, з Масквы раздаўся званок: Брыля прыцягнуць да адказнасці, пра прынятыя меры дакласці.
Што было рабіць? Петрашкевіч, які загадваў аддзелам культуры ЦК, сабраўся да Машэрава.
— А я згодны з Іванам Антонавічам! — рэакцыя першага сакратара аказалася нечаканай. — Ніякі гэта не раман, я з цяжкасцю адолеў яго.
— Але як нам Брыля абараніць?
— Па тэлефоне пра тое не кажыце, — параіў Машэраў. — Пайдзіце да Петруся Броўкі і скажыце, каб падрыхтаваў пратакол, нібыта адбылося пасяджэнне прэзідыума Саюза пісьменнікаў, падчас якога Брылю было накладзена спагнанне. Але пратакол у асабістую справу Брыля не кладзіце, а патрымайце ў сейфе — пакуль у Маскве ўсё не супакоіцца.
Сказана — зроблена. І хоць Брыля нікуды не выклікалі і ні за што з яго не «спаганялі», у Маскве засталіся задаволены «прынятымі мерамі».
Перастрахаваліся
Раман «Птушкі і гнёзды» нейкі час не маглі надрукаваць, бо супраць выступаў сакратар ЦК КПБ Васіль Шаура, які меў злавесную мянушку «Вялікі маўчальнік». Ён тады месяц хварэў на грып, а ў выдавецтве баяліся друкаваць раман без ягонай згоды. Ужо потым, калі Шауру паведамілі, што Брыль значна перапрацаваў свой твор, той здзівіўся:
— Навошта? У гэтым не было неабходнасці.
Брыль і Броўка
Янка Брыль згадваў пра «анекдатычныя ў сваёй баязлівасці» заўвагі Петруся Броўкі адносна яго рамана «Птушкі і гнёзды»: «Ну, навошта табе любавацца іхнім пейзажам?»; «А гэтага зрабі сволаччу!»
Адваротны эфект
Пісьменнік Уладзімір Калеснік прыгадваў, як Брыль, рыхтуючы раман «Птушкі і гнёзды» для перакладу на рускую мову для больш далёкага чытача, які слаба ведае заходнебеларускія праблемы, лічыў патрэбным перапісаць твор і разам з тым вярнуць знятыя цэнзурай мясціны.
— Я дапісаў восемдзесят старонак, — казаў Іван Антонавіч, — ад чаго раман стаў карацейшы на трыццаць.
Цэнзарша
Журналіст Раман Ярохін прыгадваў, як аднойчы наведаў у бальніцы Янку Брыля і Кандрата Крапіву. Размова зайшла пра цэнзуру, і Іван Антонавіч, і Кандрат Кандратавіч з найбольшай «любоўю» згадвалі адну цэнзаршу, што, «шчыруючы», колькі дзесяцігоддзяў вяршыла лёсы твораў пісьменнікаў. І хоць Крапіве было за дзевяноста, а Брылю — за семдзесят, але абодва помнілі не толькі імя цэнзаршы, але ледзь не на памяць цытавалі асобныя абзацы і радкі, што яна выкрасліла і сорак, і пяцьдзясят гадоў таму.
Раман
Калі Янка Брыль не напісаў яшчэ свой славуты раман «Птушкі і гнёзды», ягоны маладзейшы сябар Уладзімір Караткевіч пераконваў, каб Іван Антонавіч абавязкова ўзяўся за гэты жанр. «А вы седзіцё і граніце свае маленькія агаты, алмазікі, сапфіры. Увесь у каштоўных камянях, а слава ўсё не тая, якой належыць ёй быць, — пісаў Караткевіч Брылю. — Разумееце, кожны пісьменнік абавязкова павінен мець адзін-два раманы. Гэта як вежы на палацы, як купал на храме. Без гэтага і палац не ў палац, і храм не ў храм».
Брыль як літаратурны персанаж
Прыкладна ў 1946 годзе 15-гадовы Уладзімір Караткевіч напісаў трагедыю пра крыжацкія часы (як ён сам потым жартаваў, «раман з жыцця мамантаў»), і яму трэба было даць імя аднаму з герояў. А варта адзначыць, што літаратурныя прозвішчы пісьменніку-пачаткоўцу даваліся дужа цяжка. І раптам па радыё ён пачуў імя, якое падалося яму прыдатным, — так і з’явіўся літаратурны персанаж Янка Брыль. Караткевіч пасля кляўся, што не прачытаў у той час першай кнігі Івана Антонавіча. Тым больш што ягоны герой быў зусім не падобны да сапраўднага Брыля.
Узгадваючы анекдатычную гісторыю, Уладзімір Сямёнавіч пісаў: «Трэба будзе неяк дабрацца да гэтага забытага ў Оршы опуса ды спалiць яго... (А то зганьбiш i сябе, i, галоўнае, сябра. Уявiце сабе трагiчнага героя, напiсанага кiмсьцi з мяне або нават з маiм прозвiшчам. Жах!)».
Зрэшты, праз шмат гадоў такі літаратурны герой усё ж з’явіўся — у рамане «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» Уладзіміра Някляева. Прычым някляеўскі вобраз не толькі насіў прозвішча Уладзіміра Сямёнавіча — ён нават спісаны быў з яго. Чаго некалі асцерагаўся сапраўдны Караткевіч.
Як Караткевіч пісаў свой Збор твораў
Тым разам у Каралішчавічах адпачывалі Уладзімір Караткевіч і Янка Брыль. Іван Антонавіч патрабаваў ад маладзейшага сябра, каб той пісаў і пісаў. І Караткевіч сапраўды пісаў, але — звычайны ліст, пра што аднойчы выпадкова даведаўся Брыль. І вось шпацыруюць яны чарговым разам, Іван Антонавіч зноў кажа, што Караткевіч павінен працаваць і працаваць. Уладзімір Сямёнавіч у адказ:
— Я і пішу!
— Ведаю, што ты пішаш — паглядзеў і нават прачытаў! Ты павінен пісаць першыя тамы свайго Збору твораў, а не трынаццаты і чатырнаццаты, дзе будуць лісты.
Фота на памяць
З ліста Янкі Брыля да Уладзіміра Караткевіча: «У дарозе, паміж Камянец-Падольскам і Вінніцай, клаў на лапаткі такога тоўстага, слізкага і вясёлага здаравяка, як Саша Адамовіч! (Гэта засведчаць табе ў свой час Калеснікавы)».
Сапраўды, як згадваў Іван Антонавіч, ва ўсіх літаратурных вандроўках Адамовіч, інтэлігент у акулярах, знаходзіў час і месца, каб сілаю памерацца. Гэта было ў ягоным характары — каб абавязкова перамагчы наймацнейшага. Іншая рэч, што не заўсёды гэта яму ўдавалася. Дый Брыль быў не з тых, хто любіў прайграваць. Таму агульны іх сябар Уладзімір Калеснік, дасылаючы потым фотаздымкі, зрабіў наступным чынам: Брылю даслаў фота, дзе зверху ён, Адамовічу — фота, дзе зверху ён.
Караткевіч і Брыль
Янка Брыль быў перакананы, што «Леаніды не вернуцца да зямлі» Уладзіміра Караткевіча можна было выдаць кнігай яшчэ ў той час, калі раман быў напісаны, а так прыйшлося чакаць дваццаць гадоў.
— Проста трэба было хітра дзейнічаць, — тлумачыў Іван Антонавіч. — Я хацеў напісаць рэцэнзію, каб выратаваць раман, але Валодзя, калі мы разам былі ў выдавецтве, сказаў, што ад усяго адмаўляецца. З тым і пайшлі. Кажу яму пасля: «Што ж ты дзядзьку, які на руках цябе цераз балота нясе, нагамі ў жывот б’еш?!»
Несуцяшальная парада
У часы, калі пасля разноснай крытыкі ў Караткевіча апускаліся рукі, Брыль настойліва ўгаворваў маладзейшага сябра не паддавацца чорнаму настрою і — пісаць, пісаць, пісаць. Той на гэта агрызаўся:
— Па вашай скуры пісаць бы! Бо хто ж друкаваць будзе?!
У адказ Брыль цытаваў Хемінгуэя:
— Пішы сумленна, і некалі цябе прызнаюць, хоць і пасля смерці, што ўжо больш сумна.
Традыцыя
Янка Брыль са скрухай гаварыў, што многія яго лісты да Караткевіча згублены і што ўвогуле традыцыя не захоўваць лісты ўзнікла ў 1930-я гады. Брыль згадаў аповед Вольгі Іпатавай, школьная настаўніца якой навучала, што лісты захоўваць нельга:
— Арыштавалі аднаго чалавека, а ў яго знайшлі лісты да сябра. Арыштавалі й сябра.
Іх «Евангелле»
Канец 1960-х. Сакратары Саюза пісьменнікаў Янка Брыль, Іван Мележ і Пімен Панчанка напісалі ліст у ЦК КПБ з прапановай, каб кнігі на рускай мове для Беларусі выдавалі маскоўскія выдавецтвы, бо на вялізныя наклады рускамоўных кніг ідзе столькі паперы, што на беларускамоўныя выданні амаль не застаецца. І далей адважныя сакратары СП пералічылі кнігі, якія з’ядаюць найбольш паперы. Сярод іх — «Маладая гвардыя» генеральнага сакратара Саюза пісьменнікаў СССР і двойчы лаўрэата Сталінскай прэміі Аляксандра Фадзеева.
Рэакцыя Машэрава была прадказальнай:
— Ды як яны наважыліся?! Глядзі, на што замахнуліся! На наша Евангелле!
Справа Янкі Брыля
Неяк спытаўся ў Івана Антонавіча: ці можа быць у КДБ справа на яго?
— Вядома ж, павінна быць, — адказаў Брыль, — бо я і ў палоне быў, і ў газеце «Раздавім фашысцкую гадзіну» працаваў, а рашэнне пра гэта прымалася ў ЦК...
Узгадаў яшчэ, як за савецкім часам жартаваў, што калі б прапанавалі на выбар — ордэн Леніна ці на адзін вечар справу, што заведзена на яго ў КДБ, дык абраў бы другое. І распавёў такую гісторыю: калі на пачатку 1990-х старшынёй саюзнага КДБ быў Вадзім Бакацін, малдаўскі пісьменнік Іон Друцэ звярнуўся да яго з просьбай паглядзець сваю справу. Бакацін, запрасіўшы Друцэ да сябе і паказаўшы на папку, папярэдзіў:
— Вы, вядома, можаце паглядзець, але я вельмі вам не раю, бо расчаруецеся ў многіх сябрах.
Друцэ думаў усю ноч, а раніцай адмовіўся глядзець сваю справу.
— Іван Антонавіч, а вы як паступілі б? — запытаўся я.
— Я б прачытаў.
Тры прароцтвы
Брыль, які ў 1939 годзе быў прызваны ў Войска Польскае, увосень таго ж года патрапіў у нямецкі палон. Там адзін расійскі ваеннапалонны, гледзячы на лініі ягонай рукі, прадказаў будучаму народнаму пісьменніку Беларусі, што яго патаемная мара абавязкова здзейсніцца; па-другое, у яго будуць дзве жонкі; па-трэцяе, ён пражыве 96 гадоў.
— Адкуль ён мог ведаць пра маю мару?! — пытаўся Іван Антонавіч. — Я нікому пра гэта не казаў, хоць друкавацца пачаў у 1938 годзе...
Патаемная мара Брыля сапраўды здзейснілася — ён стаў не проста пісьменнікам, а беларускім пісьменнікам. Што ж тычыцца другой варажбы, дык жонка Ніна Міхайлаўна смяялася:
— Я згодная, каб ты пражыў 96 гадоў, але навошта табе другая жонка?!
І насамрэч, два іншыя прароцтвы не спраўдзіліся: у Івана Антонавіча была толькі адна жонка, і пражыў ён на сем гадоў меней, чым наваражыў ваеннапалонны.
Завяшчанне
Пасмяротны Збор твораў Янкі Брыля пачынаецца беспрэцэдэнтна — «Завяшчаннем». У гэтым зборы не хапае многіх ранніх апавяданняў і нарысаў. Такім чынам было ўлічана жаданне самога Івана Антонавіча, агучанае ім за два гады да смерці: «Калі — магчыма і пажадана — дойдзе да пасмяротнага выдання майго Збору твораў, вельмі прасіў бы ўсіх, ад каго гэта будзе залежаць, улічыць мае няспешна прадуманыя меркаванні наконт зместу гэтага выдання». І далей катэгарычна і падрабязна пра тое, што не варта друкаваць, з пералікам і пазнакай: «Яны свой век аджылі».
Сяргей ФЁДАРАЎ