Культуролаг Максім Жбанкоў паслухаў «Шанс/OFF» — «турэмны» альбом гурта «РСП» і напісаў на яго рэцэнзію для by_culture. Песні для альбома ўдзельнікі гурта напісалі ў лютым 2021-га падчас адбывання 15-ці сутак у жодзінскай турме.
«Разбітае сэрца пацана». «Шанс/off» (2022, 8 tcks)
Паслухаць альбом можна тут.
Свойская суполка пад кіраўніцтвам артыстычнага тандэму Дзяніс Тарасенка & Павел Гарадніцкі не першы год гуляецца ў правінцыйную весялуху. Лёгкія песенькі з дзёрзкімі жартачкамі ды дыскатэчнымі прыпевамі ў свой час стрэлілі на хвалі моды на трасянку. Мода сыйшла. А пацаны затрымаліся. Магчыма таму, што ў краіне запаволенага транзітыву ды адвечнага селектарнага экстазу інфантыльнае пацанства — натуральны стан свядомасці нацыі, якой ніяк не даюць пасталець. Чувакі, яшчэ па сто на гэты столік! А агуркоў не трэба. Мы самі агуркі.
Мілая акторская самадзейнасць магла б спакойна квітнець і далей. Але адбыліся выбары і прочыя сацыяльныя катаклізмы. Народ ламануўся на новае шоу. А яно раптам апынулася татальным тэрорам. Героі мінулай эпохі сышлі: хто ў музычныя фельетоны, хто ў брутальны гітарны лямант, хто ў камерны шоргат, хто ў гераічныя гімны. Збольшага разгубіліся ды згубіліся.
А «Пацаны» наадварот. Мяняцца ім не было ані рэсурсу, ані сэнсу: роля і лёс нарэшце сышліся. Чувакі насамрэч трапілі пад арышт за «падпольны» канцэрт. І заспявалі за кратамі, што маглі — свае пацанскія песенькі. Нібыта турэмны шансон.
Падчас канцэрта-прэзентацыі альбома 21 студзеня 2022 ў кіеўскім клубе «Сквот 17б»
Аднак расейскі шансон — а іншага звычайны слухач і не ведае — рэч спецыфічная і небяспечная. Ківач нізавога фальклору лётае тут паміж сентыментальным апяваннем няпростага жыцця і вульгарным рэстаранным угарам. Ягоныя два рухавікі — народныя жанры часоў несвабоды: лагерная лірыка ды дваравы рамантызм. Артыст у гэтым полі можа быць ці то ахвярным аўтарам з асабістым (хай сабе прымроеным, як у Высоцкага) досведам, ці то зухаватым лабухам з бадзёрымі куплетамі «на замову». Бясконцай Кацяй Аганёк. Два гэтыя вымярэнні суіснуюць побач. І перыядычна адно аднаму замінаюць. Хочаш паэзіі — а табе пра скокі. Хочаш скокаў — а яны грузяць грамадзянскай вершаванкай. Падключыць сюды яшчэ нацыянальны чыннік — справа для чэмпіёнаў: фармат замінае.
Гуляцца ў шансон цяжкавата — яго падрабіць амаль немагчыма. Зрэшты, крыху раней акурат на гэтым спаліліся Вайцюшкевіч ды Пукст. Гучалі неістотна. Не па-тутэйшаму. Бо наш сапраўдны шансон вышэйшага гатунку — не пра «чувіху клёвую» ці «сегодня снова на работу не пойду!» Ён пра «я стаю на мяжы, я іду па нажы...» Пра горкі смак траўматычнага існавання. Гераічную позу супрацьстаяння варожай уладзе пры адсутнасці іншай зброі. РСП. Фота: 34mag.net
А «Пацаны» згулялі ў «хутка-смачна»: восем аднастайных дэнс-нумароў амаль парадыйна аперэтачнага кшталту. «Всё Жодино пропитано вот этим», «и лишь горит моей любви фитиль», «а на свободе хочется пожить, а в хате очень хочется курить», «на шконке я глаза сомкнуть не в силах», «нельзя смириться и простить», «и слов прощения потом не говори...» Аўтары «Шанс/off» прайшли праз турэмны (адносна лайтовы) досвед. Аднак здолелі прапісаць яго толькі праз вінтажны рытм-бокс, ВІАшныя падпеўкі і свядома спрошчаныя слоўкі.
Зэкаўскі рашн-попс лёг на плечы, як добра адпрасаваная кашуля: зноў простыя куплеты, зноў дзіцячая летуценнасць, зноў пазнавальныя меладычныя структуры. Умца-умца, тыц-тыц-тыц. А зараз, хлопцы, усе разам: «Мотаю срок, вся жизнь песок, а я храню твой волосок!» (Без жартаў, найлепшы радок у альбоме!)
Гурт, падобна, трапіў ў закладнікі сваіх учорашніх шаблонаў. Краіна ляціць у чорную бездань паліцэйскага безмежаку, людзі ламаюць лёсы і губляюць блізкіх, суды кідаюцца бязмернымі выракамі, вусаты патрабуе больш хапаць і горш ламаць, цяжка знайсці годнага чалавека, хто б сам не адсядзеў ці перадачкі б не насіў, альбо сваечасова не ўцёк ад чорнай зграі. І вось пад гэты візуал цацачна-бураціністы «Шанс/off», прабачце, не кладзецца. Ну проста ніяк.
Што замінае? Свядомая другаснасць. Аўтаматычнае пісьмо. Культурная залежнасць ды стылістычная таксічнасць.
Зрэшты, «РСП» здольныя на адхіленні. Узгадайма хоць бы індастрыял-чытанку «Ашчушчэнія». Але ў «Шанс/off» — без шансаў: усё фатальна прадказальна.
Расейская штампоўка чарговы раз перамагла беларускі артыстызм. Пост-шансонным «Пацанам» варта змяніць хвалю вяшчання. Альбо канчаткова сысці ў аўтарамонт.