Аўтара шэрагу журналісцкіх расьсьледаваньняў падазраюць у распаўсюдзе асабістай інфармацыі, паведамляе «Свабода».
Жонка затрыманага Вольга Івашына паведаміла, што ператрус адбываўся ў крымінальнай справе пра распаўсюд асабістай інфармацыі. Больш падрабязнасьцяў адносна справы пакуль няма. Сілавікі падчас ператрусаў у хаце і на лецішчы журналіста забралі ўсе носьбіты інфармацыі (тэлефоны, ноўтбукі, кампутары), сім-карткі, банкаўскія карткі, кнігі, нататнікі, грошы і нават сьцяжкі, значкі і візытоўкі.
Пры гэтым Вольга падкрэсьліла, што сілавікоў вельмі цікавіла ўсё, што зьвязана з Украінай, хаця ў пастанове на ператрус нічога пра гэта няма.
Калі ператрусы скончыліся, Івашына павезьлі ў турму № 1 Горадні.
Дзяніс Івашын — горадзенскі журналіст, які вядомы расьсьледаваньнямі пра рэстарацыю ў Курапатах, удзел беларускіх сілавікоў у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны ў складзе прарасейскіх фармаваньняў, а таксама лёсе членаў «Бэркуту», якія ўцяклі з Украіны і пачалі службу ў беларускім АМАПе. Свае расьсьледаваньні Івашын публікаваў пераважна ў газэце «Новы Час».