Віктар Марціновіч на budzma.by прыгадвае Някрасава і задаецца адвечным пытаннем: “Каму жывецца весела, вальготна ў Беларусі?”
Не так даўно ў аўтобусе ў Вільню стаў сведкам адной вельмі цікавай гутаркі.
Гаманілі два гастарбайтары, што ехалі на працоўную змену ў суседнюю краіну. Былі яны, здаецца, будаўнікамі-альпіністамі. Карацей, нешта звязанае з цяжкай работай на вялікай вышыні. І вось вынікала з іхных словаў, што плацяць ім не тое каб вельмі добра, але нармальна. Так, як даўно ўжо не плацяць у Беларусі. Што жывуць яны не тое каб надта камфортна, але прымальна. Каб захаваць сёе-тое для вяртання дадому. І што з сем’ямі сваімі яны не бачацца, і што доляю сваёй не тое каб вельмі задаволеныя. Але праз збег абставінаў кароткатэрміновыя кантракты на чужыне — адзінае, што ім застаецца.
Паступова іх размова перайшла да пытання, пазначанага ў назве гэтага артыкула. І ўзяліся яны прымяраць на сябе лёсы іхных знаёмцаў. І замяраць, шчаслівыя тыя ці не. І ніхто ў іхнай размове не быў абсалютна задаволеным.
“Час цяпер такі. Добра жывецца хіба што во гэным айцішнікам. Ну і міліцыі, зразумела”, — падсумаваў першы. “На пенсію ў 45, жытло ў крэдыт яшчэ могуць узяць”, — зазначыў другі. Я вырашыў не ўмешвацца ў гаману, не пераказваць слушныя словы пра “дабрабыт айцішнікаў”, якія не так даўно прачытаў у стужцы: маўляў, калі ў доктара ў шпіталі пантофель пераматаны скотчам, дык той доктар у пераматаным пантофлі будзе і нас з вамі, грэшных, лекаваць, і тых самых айцішнікаў, як бы яны сябе ні ўяўлялі нейкай асобнай блаславёнай кастай. Дабрабыт у краіне ці ягоная адсутнасць — гэта ж пра ўсіх.
Я не здолеў перастаць думаць над гэтым пытаннем, пастаўленым 150 гадоў у дачыненні да іншай краіны паэтам Някрасавым: “Каму жывецца весела, вальготна ў Беларусі?”
Як там у Някрасава? “Раман крычыць: памешчыку, Дзям’ян крычыць: чыноўніку, Лука крычыць: папу. Купчыне таўстапузаму, — крычаць братаны Губіны, Іван і Мітадор; Пахом крычыць: святлейшаму вяльможнаму баярыну, міністру гасудараву. А Проў крычыць: “цару”!”
З памешчыкамі у нас усё зразумела, іх як раскулачылі ў 1930-я, дык цяпер на іхнае шчасце можа прэтэндаваць хіба які рахманы дырэктар калгаса. Прычым прэтэндаваць вельмі кароткі час: прагнозныя паказнікі, лічбы па ўраджайнасці, тэрміны пагашэння крэдытаў ці якая-небудзь нечаканая праверка, якая зафіксуе недастаткова чыстыя азадкі ў кароваў — і ўсё, капец шчасцю. Пра фермераў нават успамінаць не хочацца — іхны хлеб дужа горкі, набрынялы штодзённым змаганнем з такой процьмай інстанцый, што нам і не снілася. Пра выкінутыя на зямлю клубніцы вы ж, напэўна, чыталі.
“Купчына таўстапузы” — гэта наогул не пра нас, бо няма ў Беларусі такога таўстапузага, які хаця б раз не выпраўляўся на экстрэмальнае пахудзенне па крымінальных артыкулах, фармулёўкам якіх парадаваўся б Кафка (напрыклад, “ілжэпрадпрымальніцтва”). То нават тыя, што [яшчэ] не сядзелі, “радасна, вальготна” дакладна не пачуваюцца.
Хто там наступны? “Міністры? Чыноўнікі”? Тыя мудрацы, з аўтобуса пра іх нават не згадвалі: чалавеку працоўнаму і так ясна, што дзяржслужба — гэта сінонім вечна перапужаных вачэй і непакою за ўласнае заўтра, не супастаўляльнага з непакоем нават нізкааплатнага гастарбайтара. Сёння ты ціснеш, заўтра — цябе. Недарэмна ж яны ўсе паўціскаліся ў замкнёныя катэджныя пасёлкі, каб нават у крамы нармальныя не хадзіць ды з такімі Дзям’янамі і Мітадорамі нават здалёк не бачыцца.
Я тут наўмысна не хачу кранаць паняцці “агульнае шчасце” ці “асабістае шчасце”. Хай індэксамі шчасця займаюцца сацыёлагі, мая задача — цалкам пісьменніцкая: зразумець, ці ёсць тут хто шчаслівы не дзякуючы трапятанню ранішніх прамянёў на суквеццях ліпы, а дзякуючы прафесіі, уласнаму статусу. Што там аўтобусныя казалі? “Міліцыя”? Калі шчаслівая катэгорыя — міліцыя, дык адкуль там столькі самагубстваў? “Цар”? Вось праўда, каму не зайздрошчу проста ні разу — дык гэта яму. Асабліва цяпер, у чэрвені 2019-га.
Някрасаў не дае нам адказу, хто ж на Русі 1863–1873 гг. шчаслівы. Тут ёсць авансы і намёкі — напрыклад, падслуханае Леніным абяцанне, што адзін з герояў, “семінарыст”, “народны заступнік”, калі-небудзь прынясе Расіі “шчасце” праз рэвалюцыю і асвету. “Семінарыст” сапраўды быў. І скарыстаўся ён Някрасавым як кабурой для расстрэльнага маўзера.
Канчаецца паэма Някрасава “пірам на весь мір” пасля смерці “дрэннага памешчыка”, пры тым, што з папярэдняй часткі бачна, што абяцаныя паплавы мужыкам не аддадуць. І ўсё будзе як было — то бок беспрасветна. І вось раптам той самы “семінарыст” Грыша пяе песню ўласнага сачынення — песню пра тое, што такое ягоны народ і краіна. Што “сэрца народнае зроблена з золата”, што сіла — у “спакойным сумленні” і “праўдзе” (“Бэн, гэта Даніла, ай нід хэлп”). Спеўшы гэта, Грыша Дабрасклонаў разам з аўтарам нечакана заключае, што шчасце — гэта і ёсць тая песня.
Парадаксальна!
Але калі падумаць — дужа прымяняльная да Беларусі. Мы — ёсць. Мы — “пад адным дахам”, і гэты дах — наш. Мы можам спяваць (хаця і спяваем рэдка) свае песні. То час працуе на нас. Шчасце будзе. І, магчыма, без усякіх семінарыстаў з наганамі. Хаця я асабіста прызвычаіўся шукаць яго выключна ў трапятанні ранішніх прамянёў на суквеццях ліпы.
Віктар Марціновіч, budzma.by