Зміцер Вайцюшкевіч у адзін дзень пабачыў кантрасты жыцця. Два выступы: адзін перад школьнікамі мястэчка Бобр Крупскага раёну Мінскай вобласці, другі – у доме састарэлых г.Орша Віцебскай вобласці – адбыліся 6 лютага.
Шчырымі ўражаннямі падзяліўся Зміцер Вайцюшкевіч:
За 3 гадзіны – радасць усяго жыцця. У мястэчку Бобр дзеці ніколі не чулі пра мяне. Калі я папрасіў падняць рукі тых, хто мяне не ведае, то 99% паднялі рукі. Дзеці спявалі, традыцыйна крычалі. А старшакласніцы нават падарылі кветкі, што значыць для мяне вельмі многа. Цікавым для мяне было тое, што баброўскія дзеці нашмат лепей ведалі бураўкінскую “Калыханку”, чым мінскія, але пры гэтым вельмі дрэнна разумелі беларускую мову. З дзецьмі мы пабывалі і на Кубе, і ў Японіі. Гэткі “Бобр-Эйрлайнс”.
Выступу ў Оршы, у доме састарэлых, я баяўся. І дарма. Наогул, канцэрты для такіх дамоў варта рабіць. Не трэба баяцца, што там старыя і хворыя. Публіка ўспрымала вельмі добра і беларускую мову, і сам канцэрт. Было бачна, што людзям вельмі не хапае культурных мерапрыемстваў. Апладысментаў было вельмі многа, асабліва спадабаліся песні пра гарэлку. Сабралося чалавек 40-50. Доўга не хацелі адпускаць. Наогул, запрасілі прыязджаць хоць адзін раз на паўгоду. Раю ўсім творцам не забываць наш скарб мудрасці і наведваць іх як мага часцей. І дзякуй, што кампанія “Будзьма беларусамі!” дапамагае працаваць з усімі людзьмі Беларусі, не забываючыся ні на кога”.
Выступы Змітра прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”