На днях кіраўнік польскага МЗС Марыюш Каміньскі на міжнароднай канферэнцыі «Упраўленне межаў» у Вільні паведаміў пра тое, што пасля 2020 года Польшча прыняла 15 тысяч палітычных уцекачоў з Беларусі. Гісторык і архівіст Зміцер Дрозд на сваёй старонцы ў Фэйсбуку каментуе гэтыя ўражлівыя лічбы.
Фота са старонкі ў ФБ
— З 2020 года Польшча прыняла 15 тысяч палітычных уцекачоў з Беларусі... А колькі з’ехалі ў Польшчу і нічога не папрасілі? А колькі з’ехалі ў Літву, Украіну, Грузію ці яшчэ далей? Не ведаю, якім будзе далейшы лёс гэтых людзей.
Магчыма, праз год ці пяць яны будуць дзякаваць лёсу за тое, што з’ехалі адсюль. Магчыма, не за якія грошы не пажадаюць вярнуцца. І іншыя краіны здабудуць сапраўдных грамадзян. Як гэта было ўжо не раз, калі лепшыя людзі з нашай зямлі павінны былі з’ехаць альбо апынуцца ў турмах, канцлагерах альбо загінуць. Хутчэй за ўсё, для тых, хто быў прымушаны ўзняцца з месца і пачаць новае жыццё — гэта вялікі шанец. Шанец жыць.
Але для Беларусі як для дзяржавы гэта, безумоўна, цяжкая катастрофа, якую пакуль не разумеем ні мы самі, ні, тым больш, тыя, хто такім коштам утрымаў сваю ўладу. Дзяржава без грамадзян, здольных зрабіць самастойны выбар, здольных адстойваць яго, адрозніваць Дабро ад зла... Дзяржава без нацыянальнага, творчага, навуковага, прадпрымальніцкага, ды і ўвогуле чалавечага патэнцыялу... Дзяржава маўклівых вінцікаў... Дзяржава без будучыні.