20 траўня ў бібліятэку мястэчка Зялёны Бор, што на Смалявіччыне, прыехалі госці з Мінску. Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч і каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Мінскай вобласці Святлана Чакушка завіталі да мясцовых жыхароў з прэзентацыяй зборніка “Цытуй сваё”. Гэты зборнік стаў вынікам грамадскай кампаніі “Цытуй сваё!”, якая стартавала ў маі 2015 года. За гэты час кампанія сабрала больш за 250 цытат розных беларускіх мысляроў, літаратараў, навукоўцаў і гістарычных дзеячаў, якія дасылалі самыя розныя людзі. Па выніку працы, дзякуючы ахвяраванням дзясяткаў людзей, была выдадзена кніга і створана галерэя дызайнэрскіх маек з цытатамі на сайце sakolki.eurobelarus.info.
Наведвальнікі імпрэзы, сярод якіх было шмат школьнікаў, даведаліся пра гісторыю стварэння цытатніка, пабачылі працэс стварэння адмысловых саколак, а таксама актыўна паўдзельнічалі ў віктарыне на веданне цытатаў беларускіх мысляроў. Самыя разумныя і кемлівыя атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” Увогуле без падарункаў не застаўся ніхто.
Але, пэўна галоўнай разынкай падзеі сталі вершы і песні ў выкананні паэта, перакладчыка, барда Андрэя Хадановіча. Ён сапраўды захапіў і натхніў усіх прысутных сваім талентам і абаяльнасцю і не пакінуў ніводнага жадаючага без аўтографа.