Алесь
Пашкевіч
БУДЗЬМА
КНІЖНЫМІ!
Алесь (Аляксандр Аляксандравіч) ПАШКЕВІЧ нарадзіўся ў вёсцы Набушава, калі на роднай Случчыне (як і па ўсёй Беларусі) выбіралі бульбу – 11 верасня 1972 года. У 6 гадоў навучыўся чытаць, касіць (і выпіваць), аднак не ўпэўнены, што ўсё тое аблегчыла яму жыццё. Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і аспірантуру пры ім. Публікавацца пачаў, як ці не ўсе літаратары-гуманітарыі, у часы студэнцтва – у газеце “Чырвоная змена” (пры якой дзейнічала літаб’яднанне “Крыніцы” і якое некалькі гадоў узначальваў). Цяпер у тое ўжо не верыцца: у часы Шушкевіча і Кебіча “крынічанцы” заснавалі і выдавалі штомесячны чапопіс маладых літаратараў “Першацвет”, атрымліваючы ад дзяржавы ганарары і заробкі. Іншыя запісы ў працоўнай кніжцы – загадчык аддзела паэзіі часопіса “Нёман”, дацэнт філфака БДУ. Абараніў кандыдацкую дысертацыю па паэзіі (1998) і доктарскую па прозе (2002).
Паэт, празаік, літаратуразнаўца, публіцыст. Член Саюза беларускіх пісьменннікаў. Аўтар кніг:
- “Нябесная сірвента”, паэзія (1994),
- “Пляц волі”, дакументальна-гістарычны раман пра станаўленне беларускай дзяржаўнасці ў 10–20-х гадах ХХ стагоддзя (2001),
- “Круг”, раман-біяграфія пра лёс выдатнага беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі (2006),
- “Сімъ побѣдиши” (2012), раман і эсэ,
- літаратуразнаўчых манаграфій “Зваротныя дарогі” (2001) і “Канцэпцыя нацыянальнага быцця ў беларускай літаратуры” (2002), а таксама шэрагу публікацый у друку. Піша на беларускай мове. Вершы і проза перакладаліся на расійскую, украінскую, польскую, літоўскую, балгарскую, ангельскую і шведскую мовы.
З 2002 па 2011 гады – старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Дыпламант Міжнароднага Акадэмічнага Рэйтынгу папулярнасці “Залатая фартуна” (2008 г.). Лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Валянціна Пікуля (з уручэннем залатога медаля) за гістарычную праўду ў рамане “Пляц волі” (2009 г.). Узнагароджаны Прэзідэнтам Украіны ордэнам “За заслугі” (2008 г.).
Кнігі ў сеціве
Бібліяграфія

