Паляванне нельга запісаць у яго захапленні. Яму было проста цікава даведацца, што рухае людзьмі са стрэльбамі і ў камуфляжы. Гэта рэалізацыя старажытнага чалавечага інстынкту або проста моднае хобі заможных беларусаў? Забойства ці паляванне, высвятляе музыка, лідар гурта J:МОРС Уладзімір Пугач.
Мне заўжды хацелася зразумець, ці з’яўляецца шырокая індустрыя, звязаная з паляваннем, рэалізацыяй старажытнага чалавечага інстынкту, заснаванага на здабыванні ежы. І вось я зразумеў, што гэта — зусім пра іншае. Гэта хутчэй натуральная патрэба чалавека быць бліжэйшым да прыроды, а зусім не забіваць жывёл.
Паляванне, як высветлілася, — гэта адзін са спосабаў наблізіцца да прыроды. Сёння я сустрэў людзей са стрэльбамі і ў камуфляжы, людзей выдатных, спакойных, упэўненых у сабе, і зразумеў, што яны не пагражаюць папуляцыі звяроў, а наадварот, падтрымліваюць яе. І, мяркуючы па ўсім, толькі ім ёсць справа да таго, ці не галадаюць казулі і дзікі ў дваццаціградусны мароз. Так, час ад часу яны забіваюць, напрыклад, дзікоў, але ў астатні час яны падтрымліваюць і развіваюць іх папуляцыю. Падкормліваюць, клапоцяцца, ахоўваюць ад браканьераў — і статак дзякуючы намаганням менавіта паляўнічых выжывае ў цяжкіх зімовых умовах.
Але за паняткам «паляванне» ўсё ж стаіць справядлівы крывавы стэрэатып, таму што першапачаткова паляванне — гэта забойства жывёл. Хоць тэрміналогія — таксама досыць небяспечная штука (як юрыст па адукацыі я вельмі добра ведаю, як ёю можна маніпуляваць): можна забіваць людзей у Югаславіі касетнымі бомбамі, але калі пры гэтым прагучыць слова «дэмакратыя», то ты аўтаматычна перастаеш быць забойцам.
А наогул я лічу крывадушнасцю развагі наконт жорсткасці ў стаўленні да жывёл: свет уладкаваны так, што адны жывыя істоты жывуць за кошт іншых. Паняцце «харчовы ланцужок» прыдумалі зусім не тыраны.
Чалавек у харчовым ланцужку пазначаны, як «вузканосая малпа», аднак мы моцна адрозніваемся ад астатніх, раўнапраўных удзельнікаў харчовага ланцужка. Нашае адрозненне — інтэлект. Да яго нібыта павінна прыкладацца пачуццё адказнасці, але зусім неабавязкова, бо мы і так стаім вышэй за астатніх жывёл, а значыць, можам іх знішчаць. Што казаць пра жорсткасць да жывёл, калі часам людзі не могуць утрымацца ад генацыду. У Тасманіі, напрыклад, знішчылі 100% насельніцтва! І гэта толькі адзін прыклад.
Сёння я ўбачыў правільнае, на маю думку, гарманічнае стаўленне да жывёл. Так, гэтыя людзі паляўнічыя, але яны не зарабляюць здабычай, не б’юць звера проста каб выжыць. Для іх паляванне — гэта хутчэй жаданне быць бліжэйшымі да прыроды. Калі чалавека цягне да прыроды, ён абавязкова прыдумае сабе занятак.
Мяне вельмі цягне да прыроды: асабліва летам я праводжу шмат часу па-за домам. Узімку — пакуль не знаходжу нагоды. Горныя лыжы, праўда, люблю. А вось калі б я захапляўся паляваннем, то для мяне гэта было б падставай быць на прыродзе і зімой, бо гэта перыяд, калі звярам карысная прысутнасць паляўнічых: іх кормяць менавіта людзі са стрэльбамі.
Паляўнічыя стварылі сабе свой свет, які абавязвае іх знаходзіцца на прыродзе, пераадольваць снег, развозіць корм, працаваць фізічна, важдацца з кармушкамі, прыкормліваць жывёл, займацца іх улікам — гэтыя людзі дыхаюць не толькі здаровым марозным паветрам, але і сваім паляўнічым светам.
Я вельмі люблю зіму! Мне радасна і камфортна зімой: я не хаваюся дома ў плед, не ныю, як сумна і цяжка, калі на вуліцы маразы. Зіма — гэта ж выдатна! Я люблю зімовыя віды спорту. Зіма — найлепшы час для паездак у Гімалаі, што так вабяць мяне.
Мабыць, бліжэй за ўсё да прыроды мне даводзілася быць менавіта ў Гімалаях. У непальскім каралеўскім нацыянальным парку Чытван праводзяць забаўныя сафары. А 6-й раніцы сядаеш на слана з паганятым, цябе вязуць па джунглях. Раз-пораз ты нарываешся то на дзікіх сланоў, то на мядзведзяў, то на аленяў. Пасля абеду той жа сцежкай, з тым жа правадніком ідзеш пешшу. Адчуванні вельмі вострыя, скажу я вам — бо ты ўжо разумееш, каго можаш тут сустрэць, таму наперадзе цябе ідуць двое мужыкоў з дубінкамі і глядзяць, ці не выйдзе раптам насустрач які-небудзь насарог. А перад пешым шпацырам ты праходзіш інструктаж: убачыўшы насарога, уцякай зігзагам і хавайся за карані вось гэтых дрэваў, калі што.
Ці, памятаю, плывем на каноэ па рацэ (там жа, у Непале), а ўздоўж берага дзеткі купаюцца, жанчыны мыюць бялізну, мужыкі спрабуюць вудзіць рыбу — звычайная карціна. Толькі метрах за пятнаццаць ад іх кракадзілы плаваюць. Я насцярожыўся, кажу гіду, маўляў, давай скажам паненкам, якія мыюць бялізну, што кракадзілы побач, а то і дзеткі іх тут у небяспецы… «Не турбуйцеся, — кажа мне гід. — Яны самі ўбачаць. Прывыклі, жывуць так усё жыццё».
Дарэчы, згадаў пра мужыкоў, што вудзілі рыбу, і падумаў, што ёсць яшчэ адзін стэрэатып, звязаны з паляваннем і рыбалкай. Лічыцца, што рыбарства — менш жорсткі занятак за паляванне. Зрыванне памідора з градкі можна таксама давесці да абсурду: “Гэтая салата памерла, каб ты яе з’еў”. Стэрэатып і толькі. І яшчэ крывадушнасць, пра якую я казаў вышэй: у свеце ўсё ўладкавана такім чынам, што мы жывем за кошт іншых — нічога ў гэтым дрэннага няма.
Не хочаш насіць сабалінае футра і лісіныя шапкі — не насі! І, адпаведна, не забівай ліс і собаляў. Але тваё рашэнне ніяк не паўплывае на ўсю сітуацыю, таму што людзі ядуць мяса, рыбу, п’юць малако і ім усё роўна патрэбныя шкуры. Добра дзе-небудзь у Брусэлі сядзець і разважаць, што табе не патрэбная шапка з собаля, а пажыві ты на Енісеі, дружа, пры 45-градусным марозе! Што ты пасля скажаш?
Ці гарманічныя паняткі «вегетарыянства» і «беларус»? Не ведаю. Гарманічныя вегетарыянства і канкрэтная асоба, калі паміж імі ёсць гармонія. Але ўсё ж статыстыка кажа пра тое, што вегетарыянства больш распаўсюджана ў паўднёвых краінах, дзе ёсць шырэйшы за беларускі спектр расліннай ежы, здольнай замяніць жывёльныя бялкі.
Вось і пра мяса загаварылі. Хаця паляванне і здабыча мяса сёння не моцна знітаваныя, а старажытны паляўнічы інстынкт чалавека трансфармаваўся ў штось больш актуальнае. Кар’ерныя гонкі, імкненне да дабрабыту, барацьба за жанчыну… Змяняецца вонкавае, сутнасць застаецца ранейшай. І мне здаецца, я зразумеў сёння, што паляванне — гэта не жаданне забіць, а імкненне забяспечыць дабрабыт сабе і сваёй сям’і. Кожны дзень мы выпраўляемся на паляванне. І кожны па сваё «мяса».
Калі б у мяне былі ліцэнзія і стрэльба, сёння я пайшоў бы паляваць… на ваўка. Так, на ваўка, гэта было б сапраўднае супрацьстаянне. Я цешуся надзеяй, што змог бы стаць годным яму супернікам.
Дзякуй кампаніі «Элитавто», афіцыйнаму прадстаўніку Volvo, Polaris і ААТ “Руская механіка” ў Беларусі і асабіста генеральнаму дырэктару кампаніі Голаду Валерыю Пятровічу, а таксама егеру Ждановічу Анатолю Іванавічу за арганізацыю паляўнічага майстар-класа.
Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч