Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Сармат», прысвечанага шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.
Большасць шляхты не мела палацаў з паркамі, княскіх тытулаў, не трымала гетманскай булавы ў руцэ. Засцянковая, шарачковая, убогая, збяднелая, шляхта-галота... Гісторыя захавала шмат эпітэтаў, але — мала апісанняў. Бо не кожны такі шляхціч умеў нават пісаць!
Распавядаем, як яны жылі, на што мелі права, у чым адрозніваліся.
Казалі, што калі ў беднага шляхціча сабака разлёгся на падворку, то сабачы хвост — абавязкова будзе ўжо на зямлі суседа. Або знакаміты прыкол з «Пінскай шляхты»: лупцаваць шляхціча, маўляў, можна, але — на дыванку, не на голай зямлі — каб «з гонарам»!
Вось з такіх прыколаў і сатканая збольшага наша памяць пра шарачковую, заградовую ці засцянковую шляхту. А вось і дарэмна.
Сёння — пагаворым пра засцянковую шляхту. Пра тых, каму не пашчасціла нарадзіцца ў доме Радзівілаў або Сапегаў. Тым не менш гэта сапраўды важная серыя нашай праграмы. Бо менавіта з гэтай шляхты найчасцей і паходзілі нашы продкі.
Катэгорыі нашага шляхецтва
Магнатэрыя. Радзівілы, Патоцкія, Сангушкі ды інш. Найбольшыя землеўладанні, гарады, фартэцыі + найбольшы ўплыў у дзяржаве. Пра іх гавораць найчасцей. І мы таксама. Ёсць пра што гаварыць: шмат успамінаў, дакументаў, фактаў, цэлыя галерэі партрэтаў...
Сярэдняя шляхта. Гэтыя тыя, хто мелі некалькі ці як мінімум адну вёску. Самі фізічна не працавалі, мелі ўплыў на палітыку праз тое, што былі пасламі на соймах і сойміках.
Дробная шляхта (заградовая, шарачковая ці засцянковая). Мелі часта адну валоку зямлі, на якой працавалі самі — так, так. Мелі права судзіць падданых, нават калі на дадзены момант сваіх падданых не было. Таксама мелі прывілеі ды права ўдзелу ў сойміках.
Урэшце, шляхта-галота. Тыя шляхціцы, якія з пэўных прычын страцілі зямлю ды працавалі на магната: фізічна або як кліентэла: гайдукі, адміністратары. Пагардліва пра галоту маглі казаць: «чапляюцца да панскай клямкі», нагадваючы пра залежны стан гэтых людзей, якія… усё адно не забываліся пра сваё паходжанне — нават калі ставалі жабракамі — бывала і гэтак...
Валокі, «паўвалочкі», «чвэрцьвалочкі»
Ужо на пачатку XVI ст. за службу, найчасцей вайсковую, звычайна давалі адну валоку — ты на сваёй зямлі, шляхціч.
Дарэчы, валока ў ВКЛ — гэта 21 гектар зямлі, як казалі тады — тры поля (калі зямля зусім дрэнная, то і болей маглі налічыць).
Дык вось, стандарт для дробнай шляхты — адна ці некалькі валокаў, да 100 гектараў.
Гучыць добра, але ты ж паспрабуй адваяваць зямлю ў пушчы, а колькі там балота ці пяску…
А далейшыя стагоддзі — гэта здрабненне маёнткаў: падзелы паміж дзецьмі. Так з’явіліся «паўвалочкі», «чвэрцьвалочкі». І ўжо ў XIX ст. тыповым маёнткам засцянковага шляхціца было — усяго пару гектараў. Ну якія там прыгонныя? Сам ідзеш за саху ды — працуеш.
То-бок, не прапівалі яны свае маёнткі ды багацці: гэта быў аб’ектыўны для старога феадальнага свету працэс здрабнення зямельных уладанняў.
Ну і для справядлівасці: Панятоўскія, Патоцкія, Касакоўскія ці Гансеўскія — усе яны мелі «заградовыя» шляхецкія радаводы. Самі далей праз працу ці фартуну дасягалі вышыняў.
Чым займалася дробная шляхта
Маёмасна і ў побыце дробная шляхта мала рознілася ад заможных сялянаў. Далёка не ўсе ўмелі пісаць: у дакумантах можна сустрэць пазнакі крыжам замест прозвішча.
Беззямельная ці малазямельная шляхта часта ішла ў «міліцыю» (не ў сённяшнім значэнні, а ў тагачасным), у гайдукі, казакі, лістаношы, розныя службы. Хто пасур’ёзней — у «кліенты» да магнатаў: людзі для розных даручэнняў.
Канешне ж — войска. Ніводная вайна без дробнай шляхты не абыходзілася — не будзем забываць, што гэта самая шматлікая катэгорыя нашага дваранства.
Не маеш каня — у пешыя аддзелы, калі ласка. Не паверыце, але абавязковы, як нам здаецца, атрыбут шляхціца — шабля — таксама мог быць не ў кожнага беззямельнага шляхцюка…
Ішоў такі на вайну з кіем ці дзідай, мо’ начальства чаго выдасць?
Падалей ад галечы дробная шляхта часам ішла ў гарады, дзе бралася за шынкарства, млынарства, кавальства ці броварства (піваварэнне). Але гэта вельмі тонкі лёд — займаючыся мяшчанскай працай, можна было страціць шляхецтва. Аёй-аёй…
Таму ішлі на хітрыкі: пакідалі на зямлі сям’ю ці звярталіся па шляхецкую атэстацыю, каб пацвердзіць паходжанне і правы. А калі не было куды вяртацца — часам у гарадах і заставаліся, ведучы свой бізнес.
«Шляхта заградовая»
Што такое «загрода»?
Фактычна — агароджаны панскі двор, які стаіць асобна ці ў засценку. Засценак — гэта шляхецкае пасяленне, такая калонія.
Этнограф Шпілеўскі ў ХІХ ст. пісаў, што засценак ад слова «за сцяной» — зноў жа, агароджаная тэрыторыя, дзе жывуць небагатыя шляхцічы без маёнткаў.
Аўтар параўноўвае іх жыццё са старажытнымі крывічамі ці дулебамі. Нібы асобнае племя.
Усе часам з адным прозвішчам: Гануты, Кісялі, Мажэйкі, Валоткі… І гэтымі ж імёнамі называюцца і іх засценкі.
Чаму ж бедную шляхту называлі «шарачковая»?
А шарачок — гэта шэрая світка з даматканага сукна, якую насіў шляхціц, роўна як і селянін, у працоўныя дні. А вось у непрацоўныя яго часам цяжка было адрозніць ад сярэдняга ці нават заможнага шляхціча. Так, Генрыка Жавускага ў беларускім маёнтку яго бабкі вучыў грамаце збяднелы сваяк — падпрацоўваў рэпетытарам.
Дык той насіў кунтуш пад колер рэвеня, блакітны жупан, срэбны літы пояс, лакіраваныя боты ды — запінку з брыльянтам. Кашулю мяняў — двойчы ў дзень. Як на баль! То-бок, побыт вельмі часта сапраўды паўтараў сялянскі. Але — заўжды хоць нечым ды розніўся.
Дробны шляхцюк нават скот вёў пасвіць не ў лапцях лазовых, а ў чаравіках — гэта Міцкевіч пісаў.
Папулярныя ў Беларусі ды Літве лазні таксама розніліся: калі ў сялянаў дым ішоў усярэдзіну, то ў шляхты — праз комін і на двор.
Важна, што шляхта без вялікіх маёнткаў і грошай заўжды старалася трымаць марку.
Не выдавалі дачок за сялянаў — толькі за сваіх. Звярталіся адзін да аднаго «пан брат», і нават калі ў размове ці перапісцы нехта казаў «прыяцель» — маглі пакрыўдзіцца, нават вызваць на бойку.
Дамоклаў меч згубы шляхецкага статусу вельмі палохаў: калі не было чым заняцца ці дапякала крыўда, адзін аднаму мог нашкодзіць — пусціць плётку — вось ты, Матусевіч не шляхціч, а сын селяніна з мянушкай Матус… і тут ужо пачыналася масакра! Хто каго: або ў судзе, або — на шаблях.
Думкі сучаснікаў пра засцянковую шляхту
Пра засцянковую шляхту нават у ХІХ ст. былі розныя, цалкам палярныя думкі сучаснікаў.
Рамантык Уладзіслаў Сыракомля глядзеў на яе з сумам — нашчадкі магутных і авеяных славай рыцараў, маўляў, здрабнелі ды дэградавалі. Не хочуць вучыцца, займацца побытам, павышаць прыбытак з гаспадаркі… Усё лепшае — у мінулым.
А вось Адам Кіркор апісваў дробную мсціслаўскую шляхту — гэта самы ўсход Беларусі! — так: шляхціч голіць бараду, але пакідае вусы. Апранае шырокія шаравары, камзол. Гучна гаворыць, шчыры, ніколі не супраць пабіцца.
Шляхціч больш заможны, менш п’е, дужэйшы і больш рослы за селяніна. Ахвотна вучыцца, ідзе на службу: усе чыноўнікі, праваслаўнае і каталіцкае духавенства — шляхецкага роду.
Шляхцянкі апранаюцца ў белае, як снег, нават калі дома глінабітная падлога. Румяныя шляхцянкі з гарачай крывёю — яскравы аганёк на фоне шэрага беларускага краявіду.
Кім жа была насамрэч засцянковая шляхта
Засцянковая шляхта была сабой — засцянковай шляхтай. Вялікай супольнасцю са сваёй традыцыяй, адрознай і падобнай адначасна і на культуру магнатэрыі, і на сялянскую.
Фінансавая неўладкаванасць, калі за тваёй спінай няма радзівілаўскіх мільёнаў і падрыхтаваных ад нараджэння пасадаў, была праклёнам, але адначасна — дабраславеннем беднай шляхты. Бо трэба было варушыцца: здабываць веды, вучыцца, кудысьці ехаць, ваяваць, уключаць розум і волю.
Таму, уласна, ільвіная доля нашых герояў асабліва ХІХ і пачатку ХХ ст. паходзяць не з Сапегаў і Радзівілаў. Гэта Касцюшка, Каліноўскі, Міцкевіч, Багушэвіч, стваральнікі беларускай літаратуры ды першыя палітыкі.
Усё гэта нашчадкі сярэдняй, а часцей нават дробнай засцянковай шляхты. Правобраз таго самага сярэдняга класу, на якім трымаецца і дзяржава, і нацыя.
А пра тое, як Расійская імперыя пазбаўляла гэтых людзей шляхецтва, старалася вывесці ў бяспраўных сялян, як высяляла ўглыб сваёй дзікай дзяржавы сем’ямі ды цэлымі засценкамі, мы яшчэ абавязкова з вамі пагаворым.
Папярэднія выпускі гістрачынага серыяла «Сармат» глядзіце па спасылцы