Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Сармат», прысвечанага шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.
Як шляхта ставілася да смерці? Што такое “добрая смерць”? Што чакала самагубцаў? Як правільна скласці запавет, то бок – тэстамент? Як перажывалі смерць блізкіх (мужоў, жонак, дзяцей)? Чаму помнікі, эпітафіі, труны рыхтавалі яшчэ пры жыцці? Адкуль у Беларусі помнікі-піраміды?
Вядоўца Васіль Калач — акцёр, рэжысёр, выкладчык гістарычнага фехтавання.
У адным старым народным псальме, яшчэ з XVIII ст., былі такія радкі:
Чалавек мізэрны,
Ты ёсць порах земны —
Не думай на ўроду,
Бо пойдзеш да гробу
Зьнянацку...
Дарагія шаты
Пагніюць на латы,
Ня думай на славу,
Ня возьмеш у яму
Да гробу...
Сёння — пагаворым пра смерць. Шляхецкая пахавальная традыцыя, звычаі, тастаменты ды само стаўленне да смерці, якое моцна рознілася ад сённяшняга.
Смерць суправаджала чалавека ад дзяцінства, была паўсюднаю.
Холад, голад, мор, войны. Старая з касой магла завітаць у кожную хвіліну. І чалавек меў быць падрыхтаваны: так вучылі традыцыя, царква і касцёл. Адсюль матыў танцаў смерці, вядомы ад Сярэднявечча і да часоў Барока.
Цікавы выпадак з мемуараў
Вайна і смерць — асобная тэма. Але не магу не ўзгадаць цікавы выпадак з мемуараў. Было тое на адной з бясконцых войнаў з Масковіяй.
Ян Хрызастом Пасэк з калегам Качэўскім пасля бою вырашылі адпачыць. «Пане Яне, — кажа Качэўскі, — чаго маем кулак пад галаву класці? Пакладземся замест подушкі на тым маскалі». А ляжаў паблізу тлусты маскаль пастрэляны. Я кажу: «Добра, для кампаніі». Ён з аднаго боку, я з другога. Так і заснулі. Аж калі дзень зачынаўся, там у ім штосьці грудукнула, мы абодва падскочылі. Падобна, што там яшчэ заставаўся дух...»
Такая гісторыя. Такія адносіны да смерці — амаль сямейныя.
Добрая і дрэнная смерці
Быў панятак добрай смерці. Гэта калі ты паспеў раздаць пазыкі, усіх прабачыць, блаславіць дзяцей, пацалаваць крыж. А паміраеш побач з блізкімі.
Міхаіл Казімір Рыбанька доўга апісвае, як адыходзіла яго жонка, Уршуля Радзівіл, ды падводзіць рысу:
«Вымавіўшы «Езус, Марыя!», Богу па-анёльску духа аддала, як праўдзівая хрысціянка мяне пакінуўшы на тым падоле, плачу ў вялікім смутку».
Дрэннай лічылася смерць самазабойцы. Іх целы не толькі не хавалі на могілках, але часам забаранялі нават выносіць праз дзверы.
Як тады?
Выкідвалі праз вокны. Або выцягвалі тварам уніз.
Хавалі на дарозе, пры дарозе, на якім-небудзь капцы. Тое месца пасля лічылася нядобрым.
Урачыстыя магнацкія пахаванні
Паводле размаху і пышнасці магнацкія пахаванні часам пераўзыходзілі вяселлі. Казалі часам, што цэлыя маёнткі і гаспадаркі руйнавалі не шлюбы, а акурат пахаванні.
Пра пахаванне Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбанькі чытаем, што туды з’ехалася такая колькасць родзічаў, гасцей, духавенства і манахаў розных ордэнаў, што яны наўпрост не змясціліся ў Нясвіжы. Давялося ставіць шатры па-за горадам.
Па ўсіх нясвіжскіх касцёлах службы адпраўлялі ад поўначы да позняга абеду.
«Збыткоўныя сталы, каштоўныя і пышныя, стаялі ў замку, у кляштарных сталовых і шатрах; падавалі дастаткова віна, якога хто хацеў — вугорскага, шампанскага, бургундскага...» Што казаць, Радзівілы!
Урачыстае пахаванне — гэта некалькі эпізодаў: вынас цела, працэсія, прамовы, укладанне ў фамільны склеп ці падзямеллі касцёла. У прамовах аратары пералічвалі заслугі памерлага, а таксама прашчураў яго роду.
Калі паміраў дзяржаўны саноўнік — ламалі ля труны кап’ё, булаву ці іншы атрыбут улады. Калі апошні з роду — ламалі герб. Памінкі, канешне.
Калі памёр дзед Юльяна Нямцэвіча, памінкі «пачалі ў абед і скончылі позна ноччу. Келіхамі пілі за мёртвага, пілі і плакалі, плакалі і пілі. Віно расчульвала сэрцы і зноў іх суцяшала».
Часам памінкі сканчаліся сапраўднымі бойкамі — тады ўваслед за нябожчыкам на той свет адпраўлялі некага з гасцей: каб распавёў памерламу, як яго паміналі, хто прыйшоў, што пілі-елі, што казалі... цікава ж!
Напісанне тастамента
Важнай справай было напісанне тастамента — запавету.
Часам, бывала, захварэў чалавек і ўзяўся адразу пісаць, на ўсялякі выпадак. Гэта не проста юрыдычны дакумент, але апошняя воля. Калі аўтар адукаваны, начытаны, то тастамент будзе дасканалым у плане мовы, з прыслоўямі на лаціне, зваротамі да Святога Пісьма і Статута ВКЛ. Часам у канцы прыдатак: «пісана рукой маёй уласнай» — гэта было важна.
Напрыклад, канцлер Аставій Валовіч быў чалавекам з добрай адукацыяй ды спецыфічным пачуццём гумару. Пісаў, што не трэба яго хаваць з шыкам, бо ж не на вайну ідзе. Таксама не трэба надта ўпрыгожваць коняў, якія павязуць труну — тыя не паскардзяцца, а Богу гэта ўсё абыякава.
Дарэчы, згодна з даследчыкам Дзянісам Лісейчыкавым, мова 90% тастаментаў магнатаў і найбольш уплывовых людзей ВКЛ XVI ст. — старабеларуская. І толькі пад канец XVI ст. з’яўляецца, а пасля і дамінуе польская.
Па тастаменце таксама можна казаць пра канфесію памерлага: калі няма ўзгадкі св. Тройцы — значыць, пратэстант.
Праз тастаменты добра адсочваюцца адносіны ў сям’і.
Асноўныя спадкаемцы — сыны ці сын, калі ён адзіны. Калі пара бяздзетная, то сужэнцы пераказваюць майно адно аднаму. Але бываюць выключэнні.
У тастаменце Васіль Пятровіч Загароўскі нічога не пакінуў жонцы Кацярыне Чартарыйскай. Больш за тое, яна не мела права падыходзіць блізка да маёнтка і выхоўваць яго дзяцей. Бо... збегла з дому за два гады да таго — благая жонка.
Ці — Стэфан Якамовіч. Той пісаў, што жонка не дапамагала яму падчас хваробы, таму не толькі нічога не пакінуў ёй, але і забараніў блізкім пра тую клапаціцца.
Як перажывалі смерць блізкіх
Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька, якога мы ўжо згадвалі, цяжка перажываў смерць першай жонкі, сам доўга хварэў пасля яе скону. Але ўжо праз паўгады чакаў дазволу на новы шлюб. Доўга заставацца ўдаўцамі — асабліва мужчынам — было не прынята. Норма, калі шлюб другі ці трэці, ды яшчэ з вялікай розніцай ва ўзросце.
Смерць дзяцей у той час была частай з’явай. Таму калі дзіцёнак паміраў у зусім малым узросце, а ў сям’і застаюцца яшчэ дзеці — боль быў меншы. Часта пісалі: «Бог узяў», і на гэтым усё. А вось калі паміраў дарослы нашчадак, асабліва старэйшы сын — гэта была вялікая бяда.
Той самы Радзівіл Рыбанька, калі памёр яго 17-гадовы сын Януш, запісаў:
«Кавалер быў зусім дарослы, вучоны і здатны Айчыне служыць... асіраціў нас, бацькоў сваіх... мы з жонкай былі ў такой роспачы, што мала не памерлі з жалю і, каб нам абаім крыві не пусцілі, пэўна б не жылі».
Вось тут вельмі цікава, бо тагачасная медыцына была слабой у плане нервовых хваробаў ды дэпрэсіяў. Таму пасля балючых смерцяў блізкіх шляхцічы часам пісалі ў дыярыушах пра роспач або «няведама якую хваробу», якой не маглі даць рады лекары. Ці «самлеў без прычыны» — а прычынай быў боль па памерлым блізкім.
Тое самае, што і зараз. Чалавечае.
Як рыхтаваліся да смерці
Людзі думалі пра смерць загадзя. Будавалі і паднаўлялі фамільныя склепы — каб спачываць разам са сваімі: «дзе родзічы ляжаць».
Часам пісалі ў запаветах — «пахаваць пры капліцы бацькі», ці побач з жонкай/мужам, якія адышлі раней. Чалавек мог удакладніць, па якім абрадзе яго адспяваць: «водлуг закона греческого» ці «обычаем збору евангеліцкого».
Загадзя маглі рыхтаваць і труну. Да часу смерці яна магла чакаць у кляштары або нават у доме шляхціча, напоўненая зернем.
Адкладзеныя грошы з пазнакай «на маё пахаванне» — таксама норма.
Або — замовіць надмагілле майстру, а паэту — эпітафію.
Дарэчы, ад часоў Напалеона ў нас пайшла мода на піраміды і абеліскі як помнікі. Цікава ж самому выбраць, зацвердзіць. Дзіўна?... Не. Практычнае і цвярозае стаўленне да працэсу.
Пераказвалі грошы касцёлам і цэрквам. Пахаванні ў храме і на храмавай тэрыторыі розніліся. Усярэдзіне — прэстыжней! Але — заплаці. Крыштаф Мірскі завясціў бернардынскаму кляштару 5000 злотых за пахаванне ў сцяне друйскага касцёла.
Ян Корсак Горскі — 20 тысяч 200 злотых за пахаванне пад алтаром глыбоцкага касцёла. А вось за месца на могілках пры тым жа касцёле Разалія Корсакава дала ўсяго 500 злотых. Немалыя грошы. І гэта ж зусім не сталіца!
Здараліся і канфузы. У 1724-м езуіты выкралі цела Адама Кісяля з базыльянскай капліцы, каб пахаваць у сваім касцёле і атрымаць гешэфт.
Грошы на «ратунак душы», дарэчы, чалавек часам ахвяраваў не толькі храмам і манастырам, але і жабракам — людзям божым.
Усе мы чулі пра парадны сармацкі партрэт. Але быў яшчэ пахавальны сармацкі партрэт, які выстаўляўся пры труне — асобны жанр мастацтва.
А вось вяршыня пахавальнай культуры — раскошныя рыцарскія надмагіллі. Часам для іх вырабу запрашалі нават замежных майстроў. На старадаўніх барэльефах рыцыры і героі нібыта і не паміралі: наўпрост спяць...
У сваіх тастаментах шляхта часам прасіла пахаваць: пад грушкаю, на горцы, у бярозавым гаі. Пятро Магіла нават пісаў у 1646 годзе, маўляў, нельга хаваць людзей у полі, гэта дзікунства!
Значыць, была папулярная практыка, калі з ёй змагаліся. Вось яна, шляхецкая душа, якую не замкнеш у касцёльных мурах. Хочацца свабоды нават пасля смерці.
Папярэднія выпускі гістрачынага серыяла «Сармат» глядзіце па спасылцы.