Адзін з самых вядомых беларускіх баскетбалістаў распавёў, з-за чаго з павагай ставіцца да людзей, якія не з’язджаюць з краіны, і чаму хоча, каб яго дочкі выраслі беларускамі.
— Аляксандр, з кар’ерай у вас скончана?
— Неяк вы зусім змрочна сказалі — «скончана». Проста прыйшоў новы этап жыцця. Першапачаткова было зразумела, што вялікі спорт давядзецца калісьці пакінуць. Так, атрымалася спантанна, рашэнне было не зусім маё. Я быў гатовы яшчэ пагуляць, але кан’юнктура рынку дыктуе сваё. Калі я не магу дастойна зарабляць, гуляючы ў баскетбол, значыць, трэба шукаць іншы занятак.
— З якімі пачуццямі прымалі рашэнне пакінуць вялікі спорт?
— Гэта быў жудасны перыяд. Мінулым летам я сур’ёзна трэніраваўся, рыхтаваўся да новага сезону, быў у выдатнай форме. А калі наступіў верасень, я па-ранейшаму быў без працы, не атрымаў прапановы, на якую мог бы пагадзіцца…
Каля 2–3 месяцаў, калі казаць вобразна, быў у смутку. Замкнуўся ў сабе, не давалі спакою думкі пра тое, як жыць далей і чым займацца. Калі ў снежні Канстанцін Мікалаевіч Шаравера, генеральны дырэктар баскетбольнага клуба«Мінск-2006», прапанаваў працаваць у клубе, заняўшы пасаду дырэктара цэнтра эканамічнага развіцця і спартыўнага маркетынгу, пытанне з занятасцю было закрытае.
— Вы нарадзіліся ў вёсцы Бароўка недалёка ад Верхнядзвінска. У адным з інтэрв’ю назвалі сябе «простым вясковым хлопцам». Чым займаліся ў вольны ад школы час?
— Бароўка — гэта вёска, якая вырасла вакол чыгуначнай станцыі. Дом стаяў літаральна за 20 метрах ад рэек, стук колаў уначы быў для мяне як калыханка.
Бацька навучыў мяне чытаць за год-два да школы, як вынік — з ранняга дзяцінства была прышчэпленая любоў да літаратуры. Я быў настолькі аўтарытэтным чытачом, што мяне нават запісалі ў дарослую бібліятэку. Ехаў у горад, набіраў там поўны партфель кніг, вяртаўся дадому і знікаў з жыцця натыдзень-другі — пакуль усё не перачытваў.
— Кім былі вашыя бацькі? У іх ростам выйшлі?
— Бацька працаваў электрыкам на мясакамбінаце, мама — медсястрой у бальніцы. Мама была крыху вышэйшая за бацьку. Усе высокія сваякі былі з яе боку.
У школе я быў нашмат вышэйшы за сваіх аднагодкаў. Бацькі асцерагаліся, што гэта не проста высокі рост, а хвароба — гігантызм. Я здаў тэсты, якія паказалі, што ніякіх адхіленняў няма. Але дактары прапанавалі прэпарат, які замарудзіць рост. Дзякуй бацькам, яны спыталі майго меркавання. Ужо на той момант мне, пры ўсіх мінусах, падабалася быць не такім, як усе. Я ім сказаў, што хачу быць высокім.
— Вашыя бацькі працягваюць жыць у вёсцы?
— Мама памерла, калі мне было 12 гадоў. Бацька ажаніўся другі раз, калі мне было ўжо 24, таму другой мамай яго жонка мне не стала. Але гэта цудоўная жанчына. Яна і яе дзеці мне як родныя. Яны жывуць цяпер у Верхнядзвінску.
Час лечыць, але бываюць моманты, калі хочацца, каб родная мама магла парадавацца маім дасягненням.
— У той жа год вы з’ехалі ў Віцебск у школу-інтэрнат.
— Гэта было проста супадзенне. Мама памерла восенню. А бліжэй да Новага года мне патэлефанаваў трэнер з Віцебска і прапанаваў займацца баскетболам. Думаю, смерць маці на мой ад’езд ніяк не паўплывала. Проста прыйшло ўсведамленне, што спорт — гэта мой шанец выйсці на іншы ўзровень.
— Як вас сустрэў горад?
— Было два цяжкія моманты: заваёўваць новыя пазіцыі ў сацыяльнай групе і размаўляць на правільнай расійскай, каб не адрознівацца ад усіх.
Я гаварыў хай сабе не на чыстай беларускай мове, а на трасянцы, але на такога чалавека глядзелі як на калгасніка. Вы ведаеце, у нас ва ўсіх буйных гарадах прынята гаварыцьпа-расійску. Гэта рэальнасць, у якой мы жывем. Або ты робішся белай варонай, працягваючы размаўляць на беларускай, або прыстасоўваешся, каб адваяваць сабе месца ў соцыуме. Мне давялося прыстасоўвацца, таму што інакш у 13–14 гадоў трэба было мець неверагодна моцную псіхіку і перакананні.
— У вас быў комплекс праз свой рост у юныя гады?
— Ён быў, але не паспеў развіцца. Я досыць хутка ўсвядоміў, што рост — гэта не праблема, а тое, чым можна ганарыцца. Праблемы з купляй адзення, абутку, нязручным праездам у грамадскім транспарце цьмянеюць у параўнанні з магчымасцямі, якія перад табой адкрываюцца.
Прыехаўшы ў Мінск, я ўжо не горбіўся і не хаваўся. Так, спачатку было цяжка, ідзеш па вуліцы, а табе кажуць: «Дзядзька, дастань верабейчыка» або «Як там надвор’е наверсе?». Гэта чапляла, я агрызаўся. А потым вырашыў, што я вышэйшы за гэта.
— Акрамя баскетбола, чым рост дапамагае?
— Вазьміце хоць бы прадстаўнічасць. Цяпер па працы мне даводзіцца часта мець зносіны з незнаёмымі людзьмі. Правіла пра першае ўражанне ніхто не адмяняў, да высокага росту дадаю абаяльную ўсмешку і ветлівы зварот. Заходзіш у кабінет і прыносіш добры настрой. Да прыкладу, у бухгалтэрыі сядзяць недурныя дзяўчаты і разумеюць — я яшчэ вярнуся толькі ў выпадку, калі іх кіраўніцтва пагодзіцца стаць нашымі спонсарамі. А хто, як не галоўны бухгалтар, можа сказаць дырэктару, што ў іх ёсць такая магчымасць? (Усміхаецца).
— Аляксандр, вы ж маглі, напэўна, спакойна пажыць некалькі гадоў і без працы пасля заканчэння кар’еры гульца.
— Не.
— Чаму?
— Ёсць дзве важкія прычыны. Адна матэрыяльнага характару: за сваю кар’еру я, на жаль, не змог зарабіць столькі, каб пасля яе завяршэння нічога не рабіць.
Іншая прычына: не магу сядзець без справы. Бяздзейна паглядзець фільмы, пачытаць, пагуляць у камп’ютарныя гульні — тыдня на гэта больш чым дастаткова, потым трэба чымсьці заняцца.
— Значыць, нават такі паспяховы баскетбаліст, як вы, не можа стаць багатым?
— У прафесійным спорце, як і ў іншых відах дзейнасці, не заўсёды якасная праца годна ўзнагароджваецца. Чаму я паехаў вучыцца ў Амерыканскі ўніверсітэт і гуляць у баскетбол за студэнцкую каманду? На той момант гэта быў самы кароткі шлях трапіць у НБА. Лігу, дзе годна ацэньваюць твае здольнасці і тваю працу. Мне не хапіла зусім няшмат. Калі б я пагуляў некалькі гадоў у наймацнейшай у свеце лізе, гэтага было б дастаткова, каб жыць на працэнты.
У Еўропе, дзе я правёў сваю прафесійную кар’еру, усё інакш. Магчыма, дзесьці былі пралікі майго агента, дзесьці — мой няправільны выбар. Але ёсць трэці немалаважны фактар — несумленных людзей хапае паўсюль. Калі б я цалкам атрымаў тыя грошы, якія мне належалі па кантрактах, то на працэнты можна было б сціпла жыць.
— Самы непрыемны выпадак, калі вас падманулі?
— Напэўна, у Польшчы. Мне не выплацілі палову гадавога кантракту, давялося судзіцца чатыры гады. З іншага боку, мы хоць і судзіліся доўга, але разабраліся, знайшлі кампраміс. Мне прапанавалі: аддаем табе палову таго, што павінныя, і разыходзімся сябрамі. Я вырашыў, што лепш узяць палову, чым чакаць невядомага выніку.
А вось калі браць турэцкія клубы, то там апошнія дзве зарплаты не выплачваліся з тлумачэннем «каманда не паказала выніку». Спрабаваў судзіцца, але ў Турцыі гэта цалкам бескарысна: усход — справа тонкая.
Пасля пераходу ў «Мінск-2006» я сказаў: гэта мой першы сезон, калі я атрымаў тое, пра што мы дамаўляліся з клубам.
Прыемнае ўражанне яшчэ засталося ад Кіпра. Хай згуляў там усяго палову сезона, але мне па кантракце выплацілі ўсё. І нават бонус за перамогу ў Кубку прывезлі проста да самалёта.
— Сваякам, сябрам дапамагалі?
— Калі падпісаў свой першы прафесійны кантракт, купіў дом бацькам. Малодшага брата адправіў у школу ў ЗША. Каледж, на жаль, ён не скончыў: атрымаў траўму на трэніроўцы, пра вялікі спорт давялося забыць. Ён і я вырашылі, што жыць лепш дома, таму праграму амерыканскай адукацыі згарнулі. Цяпер брат адзін з найлепшых у Беларусі перакладчыкаў тэхнічнай і спецыяльнай літаратуры.
— Сябрам, знаёмым грошы пазычалі?
— Давайце не будзем пра гэта.
— Хворая тэма?
— Так (усміхаецца). Скажам так: ёсць розныя людзі з розным стаўленнем да справы.
— Растлумачце, чаму вы з братам думаеце, што жыць трэба ў Беларусі, а не ў ЗША.
— Мне не хацелася б, каб мае дзеці выраслі амерыканцамі. У цэлым гэтая маладая амерыканская культура… У Беларусі мне падабаецца, што атрымліваецца з маіх дзяцей. Маёй старэйшай дачцэ 10 гадоў, малодшай — 5. У Амерыцы ўжо праз два гады яны ідэальна загаварылі б па-ангельску, праз чатыры забыліся б мову, а да паўналецця сталі б амерыканкамі. А мне хочацца, каб яны былі беларускамі. З нашай культурай, з нашай мовай, усім тым добрым і дрэнным, што ў нас ёсць.
— Што вас радуе і засмучае ў сённяшняй Беларусі?
— Няма чаго і адказаць, каб не закрануць надзённыя тэмы. Але па натуры я аптыміст, таму адзначу наступнае: мяне радуе доўгі і, спадзяюся, непахісны аптымізм людзей. Я з вялікай павагай стаўлюся да людзей, якія тут працуюць і імкнуцца зрабіць нешта карыснае не толькі для сябе, але і для краіны ў цэлым.
— На вашай старонцы ў Фэйсбуку выкладзена некалькі цікавых малюнкаў. Вашы?
— Не. Я малюю трошкі, але свае працы не выкладваю. А чаму фонам для старонкі я паставіў малюнак гнязда — даведаецеся ў канцы жніўня — пачатку верасня. Я ўзяў яго са старонкі «Будзьма разам!», ён мне падабаецца і шмат значыць для мяне.
— З кампаніяй «Будзьма разам!» вы завочна знаёмыя?
— Не, я прыйшоў да Алены Макоўскай і Ніны Шыдлоўскай, мы добра пагутарылі, абмеркаваўшы магчымыя шляхі ўзаемадзеяння. Мы можам быць карыснымі адно аднаму. Было б цікава папрацаваць з арганізацыяй, якая прасоўвае нашы культурныя і гістарычныя каштоўнасці, падтрымлівае беларускую мову.
Баскетбольны клуб «Мінск-2006» беларускі. У мяне ёсць прафесійныя меркантыльныя (чытай — маркетынгавыя) інтарэсы — прыцягнуць большую ўвагу да клуба, залучыць на нашыя гульні людзей, якія, магчыма, раней нават не задумваліся пра баскетбол, запоўніць трыбуны «Мінск-арэны». Магчыма, мы зможам арганізаваць нейкія сумесныя акцыі.
— Якое ў вас стаўленне да беларускай мовы?
— Гэта мая першая і родная мову. На жаль, я яе прызабыў, а тры гады ў Польшчы нанеслі па ёй моцны ўдар. Калі я з Аленай і Нінай спрабаваў размаўляць па-беларуску, часам пераходзіў на польскую. Але спадзяюся аднавіць навыкі, я ім ужо сказаў: буду размаўляць з вамі на роднай мове.
Беларуская — наша родная мова. Няхай не адразу, а праз 10, 15, 20 гадоў, але сітуацыя павінная вярнуцца да таго, каб беларусы размаўлялі па-беларуску.
— Вы сказалі, што ў юнацтве адчувалі сябе не такім, як усе…
— Я заўсёды сябе так адчуваю. Я гэтым не ганаруся і лічу гэта нармальным. Кожны чалавек павінен усведамляць сваю ўнікальнасць! Я не прыхільнік поп-культуры і не люблюпоп-музыку. У мяне свая філасофія, сваё стаўленне да жыцця, свае перакананні і погляды, якія, магчыма, адрозніваюцца ад агульнапрынятых.
— У чым сэнс жыцця, на вашую думку?
— Напэўна, галоўнае — гэта самарэалізацыя. Для кожнага чалавека яна свая: хтосьці рэалізуецца праз творчасць, хтосьці праз дзяцей.
— А вы праз што рэалізуецеся?
— Дзеці ў мяне ёсць, дом пабудаваў. Хочацца зрабіць нешта для беларускага баскетбола. Калі б не ён, так і жыў бы ў сваёй вёсцы, быў бы мясцовым трактарыстам або бібліятэкарам.
— Вы лічыце сябе добрым бацькам?
— Адназначна. Чаму? Бачылі б вы маіх дачок (смяецца). У выхаванні дзяцей найлепшы спецыяліст — мая жонка. Яна былы гулец валейбольнай нацыянальнай зборнай, стала хатняй гаспадыняй, выхоўвае двух анёлаў з рожкамі, але знаходзіць час для навучання, заканчвае курсы дызайну інтэр’ераў. Часам, калі ў зносінах з дзецьмі маё цярпенне пачынае вычэрпвацца, а тон размовы павышацца, яна кажа: пачакай, я іх лаю, няхай у іх тата добры будзе.
— Жонку чымсьці здзіўляеце?
— Імкнуся. Гэтым летам было дзесяць гадоў нашага вяселля, я падарыў невялікі пярсцёнак з каменьчыкам. Яна не чакала.
Руслан Гарбачоў, Салідарнасць