Антон Астаповіч – старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Таму як цмок – жывы помнік і нашай гісторыі, і нашай культуры, спадар Астаповіч можа лічыцца аўтарытэтным цмоказнаўцам. Ідэю кампаніі “Будзьма беларусамі!” скласці маршрут беларускіх цмокаў Астаповіч успрыняў з вялікім энтузіязмам і без доўгіх прадмоваў адразу скочыў “з месца ў кар’ер”.
– Калі гаварыць пра цмокаў, пра паданні пра цмокаў на Беларусі, то, мабыць, самае знакавае месца, якое мусіць быць уключанае ў турыстычныя маршруты – гэта эквівалентнае па значнасці Лох-Нэсу Лепельскае возера, – кажа Астаповіч. – Таму што даўняе паданне, а таксама цэлы шэраг гістарычных дакументаў сведчаць, што ў Лепельскім возеры ў Сярэднявеччы жыў цмок. І вельмі часта на гэтым возеры знікалі рыбакі – а потым на бераг возера цмокі выкідалі іх быццам напалову перакушаныя чаўны. Ад саміх рыбакоў не заставалася нічога. Таму з’явілася паданне, што іх паядае цмок. Дык калі цмок жыў там у XVI–XVII стагоддзі… думаю, цмокі проста так не паміраюць! Цмок жыве там і да гэтага часу. І калі ўважліва паглядзець, то можна яго нават пабачыць…
Спадар Антон прапануе адштурхнуцца ад лепельскага цмока і распрацаваць цэлы маршрут: Лепельскае возера з цмокам, цудоўны горад Лепель з гістарычнай архітэктурай і ваколіцы Лепеля – Ушаччына. На гэтым месцы Антон Астаповіч загадкава пасміхаецца – быццам зараз прадыктуе канкрэтныя адрасы цмокаў.
– А Вушаччына – гэта Быкаў, Барадулін, Броўка… Вось яны – цмокі! Хоць не магу сказаць напэўна… Дарэчы, я вось думаў: хто ў нас жывы цмок? І знайшоў! Ён, вядома, не такі, як у Сярэднявеччы, з луской і калючкамі. Усё ж такі ХХІ стагоддзе. Сучасныя цмокі – яны выкшталцоныя, рафінаваныя – цудоўныя людзі!
Змей Гарыныч з Давыд-Гарадка
Трымаючы ў руках карту Беларусі, Антон Астаповіч апускаецца з поўначы краіны на Палессе.
– Узяць, напрыклад, славянскі эпас казачны. Усе мы памятаем Змея Гарыныча. А чаму Гарыныч? Ды таму, што з рэчкі Гарынь, на якой стаіць Давыд-Гарадок! Ніхто пра гэта не думаў, але ж ляжыць навідавоку! А ў нас ёсць цудоўны беларускі паэт Леанід Дранько-Майсюк, які нарадзіўся ў Давыд-Гарадку на рэчцы Гарынь! Я лічу Леаніда Дранько-Майсюка вось такім цудоўным рафінаваным беларускім цмокам! У яго генатып самага сапраўднага Палескага цмока – яшчэ таго, сярэднявечнага.
Тут Астаповіч прызнаецца, што занадта слаба валодае беларускай міфалогіяй. Здаецца, на гэтым цмачыны маршрут мог бы і абарвацца…
– Але, наколькі я памятаю, існавала паданне пра цмока, які жыве таксама ў Жыд-возеры Жыткавіцкага раёна, – кажа Астаповіч так, нібыта ўчора праязджаў міма і бачыў цмачыную галаву. – Іншая назва – Князь-возера, а цяпер яно называецца Чырвонае… Ёсць паданні, што цмокі існавалі таксама ў Выганашчанскім возеры (Івацэвіцкі раён). Адным словам, чым бліжэй да Палесся – тым болей цмокаў!
Але не Палессем адзіным, сцвярджае Астаповіч. І неадкладна звяртаецца да класікі.
– Калі пачытаць Яна Баршчэўскага, то наш азёрны край, Паазер’е – Віцебшчына, Гарадоччына, Полаччына… Дык там не толькі цмокаў, там усякай нечысці ў азёрах хапае! Так што сапраўды – ад нізу да верху Беларусь – гэта краіна цмокаў. І цмок – наш адметны турыстычны брэнд!
“Беларускі цмок – гэта працяг антычнай гідры”
Ва ўяўленні Антона Астаповіча цмок – гэта ўсё ж нешта блізкае да рэптыліі.
– Цмок, на маё разуменне, – гэта пераходны этап: калі яшчэ з вады не выйшаў канчаткова, але ўжо па сушы ходзіць. Я цмока найчасцей звязваю з вадой, бо ён вельмі блізкі да нашых паўзуноў сучасных, а паўзуны вельмі сябруюць з вадой таксама. Я думаю, усё ж нездарма ў пазнейшую беларускую міфалогію ўвайшоў вуж. Для мяне вуж – гэта лагічны працяг старых паданняў пра цмока.
Вырашаю пацікавіцца ў Астаповіча, чаму, калі Змей Гарыныч жыве ў нашай рэчцы Гарынь, ён асацыюецца выключна з “рускім” тыпам трохгаловага цмока? Астаповіч пачынае вытанчана жангляваць геаграфічнымі паняткамі.
– Калі казаць пра басейн ракі Гарынь, то гэта Палескі рэгіён. А гэта самая сапраўдная старажытнаславянская Русь! Гэтыя землі калісьці нават уваходзілі ў Галіцка-Валынскую Русь. А чаму трохгаловы? Відаць, ёсць нешта агульнае ў славянскай міфалогіі з антычнай. Там таксама былі гады, якім адсячэш галаву – а ў іх новая вырастае… Гідра, напрыклад. Для мяне беларускі цмок – гэта якраз працяг антычнай гідры.
“Цмок таксама хоча ажаніцца, каб жонка была, есці яму варыла…”
З колькасцю галоваў у цмока, кажа Астаповіч, былі розныя варыянты. Калі цмок з Гарыні быў трохгаловы, дык ягоны калега з Лепельскага возера і з адной галавой даваў дыхту мясцовым рыбакам.
– Між іншым, ніхто так не апаэтызаваў Лепельскага цмока як Уладзімір Караткевіч у рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”! Ён нават даў апісанне лепельскага цмока. А Уладзімір Сямёнавіч выдатна валодаў гістарычным матэрыялам і паданнямі! Караткевіч нават прыгадвае, што цмокаў было шмат у Лепельскім возеры – але яны вымерлі, іх выкінулі на бераг… Караткевіч піша, што яны былі аднагаловыя, падобныя да фокаў (гэта такія цюлені), цела было з гладкай луской…
Апісаўшы цмока следам за Караткевічам, Астаповіч раптоўна заяўляе, што цмокі – наймілейшыя і найдабрэйшыя істоты. Пытаюся: а як жа з’едзеныя рыбакі і ўсё астатняе?..
– Рыбакі – гэта гатовыя браканьеры! – адсякае мае развагі спадар Антон. – Сеткамі вылоўліваюць рыбу, парушаюць прыродны баланс… А цмоку ж таксама харчавацца трэба! Калі ў цмока вылавілі ўсю рыбу, каго яму есці? Рыбакоў! А тое, што ён агнём людзей паліў… Вось уявіце. Цмок, хоць ён і не вельмі прывабны, таксама хоча ажаніцца. Каб жонка была, есці яму варыла. Скраў ён сабе нейкую там каралеўну ці Васілісу Прамудрую. А тут нейкі Іван Царэвіч прыходзіць – і пачынае ў яго набытак забіраць. Канечне ж, агнём будзеш паліць Івана Царэвіча! Яго можна зразумець, увайсці ў яго становішча. Цмокі добрыя, проста іх нельга чапаць, злаваць, крыўдзіць. А тое, што яны людзей елі… Мабыць, добрых людзей яны не елі. Мы не прачытаем, што цмок з’еў звычайнага селяніна, а прачытаем, што з’еў багатыра. А хто такія багатыры? Гэта княжацкія дружыннікі! А хто такія княжацкія дружыннікі? У той час гэта элементарныя рэкеціры, якія ездзілі па княжацкай тэрыторыі і выбівалі з сялян даніну!..
“Цмок піў нафту – і потым ёй пляваўся!”
Кажучы пра звышздольнасці цмокаў, Антон Астаповіч прыгадвае іх вялізную сілу і тое, што цмокі маглі паліць людзей агнём. Наконт агню ў Астаповіча свая тэарэма.
– Тое, што цмокі пляваліся агнём, гаворыць пра тое, што на Палессі ёсць нафта! Дзе ж ён браў агонь? Піў нафту – і потым ёй пляваўся! Дакладна нафта, а не газ, бо газіфікацыя Палесся адбылася толькі за дзейным прэзідэнтам!.. (усміхаецца)
Калі маршрут практычна складзены, Астаповіч нібыта мімаходзь прыгадвае, што гадоў 25 таму чуў ад адной старой бабці цікавую размову.
– У Асіповіцкім раёне ёсць лясное возера Лочынскае, такое кругленькае люстэрка вады – недзе метраў 500 у дыяметры. Цяпер там, можа, цмока і не знойдзеш, бо там ідзе прамысловая здабыча сапрапелі. Мабыць, спалохалі цмока, ён перасяліўся… Але тая бабуля казала, што яе бабуля апавядала, што там жыла “нейкая істота”. І нават нейкія гукі адтуль было чуваць…
І тут я прыгадваю, што Антон Астаповіч нарадзіўся якраз у Асіповічах.
P.S. Відэаверсію маршруту беларускіх цмокаў глядзіце ніжэй.
Глеб ЛАБАДЗЕНКА для budzma.org
Фота, відэа аўтара
Інфармацыйныя партнёры: