31.10.2012 | У краіне

Сяргей Плыткевіч: “А на тым востраве ёсць унутранае возера – цудоўнае месца для цмока!..”

Сяргей Плыткевіч – знаны беларускі фатограф, даследчык, дырэктар выдавецтва “Рыф-тур”, якое “зубы з’ела” на ўнутраным турызме і краязнаўчай тэматыцы. Як любы прафесіянал — чалавек сур’ёзны. Таму і да ідэі скласці маршрут беларускіх цмокаў паставіўся напачатку скептычна. Але ў часе гутаркі, як кажуць, уцягнуўся!..

http://budzma.org/wp-content/gallery/plutkevich/plyt-1.jpg — Да любой ідэі, якая прапагандуе падарожжы па Беларусі, я стаўлюся пазітыўна! – кажа спадар Плыткевіч. – І хоць да цмокаў я стаўлюся крыху скептычна… Але калі чалавек паедзе па Беларусі “ў пошуках цмока”, то ключавое тут для мяне – “паедзе па Беларусі”…

Прычыны сумневаў Сяргей Плыткевіч тлумачыць па-свойму. Кажа, што яму, палешуку, бабуля нічога пра цмокаў не расказвала. А паколькі “бабулі ведаюць усё”, а бабуля не расказвала – значыцца, кажа Плыткевіч, “ёсць пытанні”. Але тут жа папраўляецца, што адназначна аспрэчваць нічога не хоча.

— У маім уяўленні беларускія цмокі павінны жыць у цяжкадасяжных, цікавых, незвычайных мясцінах, – усміхаючыся ў вусы, кажа спадар Сяргей. – Напрыклад, ёсць у Мёрскім раёне заказнік Ельня і возера Ельня – гэта самае вялікае верхавое балота ў Еўропе. Гэта гучыць як казка ці загадка… Але гэтае балота ў сваім цэнтры вышэй на метраў 5-6, чым па краях!.. На Ельні ёсць даволі такі дзікі востраў. Мясцовыя жыхары кажуць, што каля гэтага вострава ёсць схаваны замак ці палац, які сышоў пад ваду… Дабрацца туды настолькі складана, асабліва летам, што цмоку, відаць, там жылося б цудоўна!

Іншае містычна-казачнае месца, кажа Плыткевіч, – гэта заказнік “Казьяны”. Дзе на балоце, наадварот, вельмі многа маленькіх азёр цікавых формаў. Самае вялікае там возера – Рассалай, дзе таксама “вельмі цікава і загадкава…”

Працягваючы пра Паазер’е, Сяргей Плыткевіч прыгадвае Браслаўшчыну.

— Напрыклад, на возеры Струста ёсць востраў Чайчын. А на тым востраве ёсць яшчэ адно ўнутранае возера! Сам востраў можна пабачыць з гары Маяк – найлепшага агляднага пунку таго рэгіёну. Але ўнутранае возера хаваецца за расліннасцю – і да яго ўвогуле мала хто дабіраецца. Для цмока – найутульнейшае месца!..

Да сярэдзіны гутаркі паляшук Плыткевіч лагаднее і “дазваляе” беларускаму цмоку жыць і на Палессі.

— Што казаць, Палессе – гэта неверагодныя і незвычайныя мясціны. Нездарма, кажуць, там бываў Герадот – і апісаў тут мора, якое цяпер умоўна завецца “мора Герадота”… Ёсць сведчанні, што ўся гэтыя нізіна сапраўды была залітая вадой. Таму калі і быць цмокам, то абавязкова на Палессі!..

http://budzma.org/wp-content/gallery/plutkevich/ozera-2.jpgПоруч Палесся цмокаў можна пашукаць у Белавежскай пушчы.

— Падчас маіх фотападарожжаў здараліся дзіўныя моманты, якія не ведаю, з чым звязваць… Здараецца, калі пачынаеш блукаць… Я ж даволі вопытны падарожнік – ведаю, што пры гэтым кола, якое ты “наразаеш”, складае крыху больш за кіламетр. Гэта тлумачаць тым, што ў кожнага чалавека адна нага карацейшая за другую. А на балоце ў Белавежскай пушчы я пачаў раптам хадзіць па колу – і радыюс склаў усяго метраў 200. Проста я здымаў – і запомніў канкрэтныя кадры: што гэтае дрэва я ўжо бачыў! Разумееце, я ўжо 30 гадоў хаджу па лесе – мне вельмі цяжка заблукаць. Я не хачу сказаць, што там сядзеў цмок і мяне кружыў, але…

Сяргей Плыткевіч мяркуе, што раскруціць брэнд Цмока можна было б не горш за пастаўскага Зюзю Паазерскага. Зюзя стаў ужо сапраўднай турыстычнай зоркай – фактычна на энтузіязме неабыякавых краязнаўцаў! На думку спадара Сяргея, у нацыянальным паркуПрыпяцкі” запраста магла б быць рэзідэнцыя беларускага Цмока! Прычым, каб турыстаў не падвозілі на аўтобусе да дзвярэй – а па-сапраўднаму, на чаўнах дабірацца!

Днямі Сяргей Плыткевіч наведаў Альбу, што пад Нясвіжам – даўнія радзівілаўскія ўладанні.

http://budzma.org/wp-content/gallery/plutkevich/plyt-9.jpg— Там і да сёння захавалася сетка з васьмі каналаў у выглядзе сонейка, закладзеная ячшэ Пане Каханку. У цэнтры “сонейка” – востраў, з усіх бакоў аточаны вадой. Некалі на ім стаяла вытанчаная альтанка Радзівілаў. А сёння на гэты зарослы дзікі востраў проста так летам не дабярэшся… Абапал каналаў растуць магутныя дубы… Чароўнае месца!.. Мяркую, тут можа жыць толькі шляхетны цмок! А ўлічваючы, што Нясвіж побач – гатовы турыстычны “цмачыны” пункт!

А вось у Наваградку на гары, мяркуе Плыткевіч, цмок не змог бы жыць. Бо гара – гэта такое святое месца. Ды і занадта адкрытае, няўтульнае для цмока. А вось у наваградскіх падзямеллях цмок мог хавацца запраста… Ці ў Тураве, дзе з зямлі крыж расце…

Да цмачынага маршруту Сяргей Плыткевіч дадае і Чарнобыльскую зону. Кажа, з іншых мясцін у апошнія 25 гадоў цмокі маглі перабрацца сюды.

— Там ёсць такая агромністая закінутая вёска Арэвічы ў Хойніцкім раёне. Я там нядаўна быў ужо ў прыцемках, побач могілкі, цені паўсюль… А як яшчэ сава пачала ўгукаць – ажно халадок па скуры ідзе. Падыходзячае месца для цмока!..

Сяргей Плыткевіч лічыць, што раскручваць цмока як турыстычны сімвал – вельмі перспектыўна. Калі разглядаць цмока як літаратурнага героя нашых казак, то адразу напрошваюцца алюзіі да літаратурнага героя Гашака – бравага жаўнера Швейка, вобраз якога проста запаланіў турыстычную Прагу. Альбо казачныя героі Андэрсэна, якімі напоўнены дацкія гарады…

— Думаю, што ёсць  яшчэ адзін падвід нашых цмокаў – нацыянальныя цмокі. У нас жа шмат стагоддзяў жывуць людзі іншых нацыянальнасцяў… Яўрэйскі цмок, безумоўна, жыве ў Бабруйску, татарскі – у Іўі, рускі – у стараверскай Ветцы, польскі – у каралеўскім Гродна

Апісваючы цмока ў сваім ўяўленні, Сяргей Плыткевіч называе дакладную колькасць галоваў: дзве.

— Для мяне цмок – такі добры ўдаўчык. Чамусьці не тры галавы, а дзве. Бо трохгаловы Змей Гарыныч – “занадта рускі”, у нашага не магло быць тры галавы! Ён і дзвюма абыходзіўся! Мне ён уяўляецца добрым, лагодным… Думаю, яго павінны любіць жанчыны, бо калі ў яго дзве галавы…

Прапануем вашай ўвазе таксама відэаверсію маршрута беларускіх цмокаў ад Сяргея Плыткевіча!


Глеб ЛАБАДЗЕНКА, для budzma.org

Фота, відэа аўтара. Фота азёраў – Сяргея Плыткевіча

 

Інфармацыйныя партнёры:


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика