Афлайнавае ток-шоу, арганізаванае кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, адбылося 1 снежня ў Берасці. Ток-шоу прайшло пад назвай “Беларускае – самае маё?” і было прысвечанае пытанням культурнага жыцця горада і ўзаемаадносінам грамадства, творцаў і ўладаў. Ток-шоу стала лагічным працягам ток-шоу ў Магілёве і прэзентавала новы вектар дзейнасці кампаніі – адкрытую пляцоўку для грамадскай дыскусіі.
“Даўно не сустракаўся з такой колькасцю землякоў”, – зазначыў у пачатку філосаф Анатоль Ляўковіч, адзін з запрошаных экспертаў. Сваёй тэзай філосаф зрабіў выказванне Францыска Скарыны пра тое, што ў час жыццёвых выпрабаванняў кожны народ мусіць узняць сцяг нацыянальных каштоўнасцяў, але адразу заклікаў не забываць пра гармонію нацыянальнага і агульначалавечага. Безумоўнай назваў філосаф праблему самаідэнтыфікацыі, калі “беларус не ведае, што ён беларус”. Гэтая думка добра характарызавала паказаны перад пачаткам шоу відэазапіс апытання на вуліцах Берасця, дзе пераважная большасць гараджанаў не ведала нікога з берасцейскіх творцаў.
Мастак Аляксандр Грыгор’еў параўнаў сучаснага творцу з графам Монтэ-Крыста, у якога, аднак, засталіся яшчэ сябры і падтрымка. Як пазітыўны прыклад асэнсавання ролі мастацтва ён прывёў знаёмага начальніка міліцыі, які кожнага кандыдата ў свой аддзел просіць назваць трох любімых мастакоў. “Калі б на выставы прыходзіла кіраўніцтва, то ўсе пайшлі б. Калі б на культурныя мерапрыемствы прыходзіў губернатар, за ім ішла б уся вертыкаль і, натуральна, падцягваліся б астатнія”, — рэзюмаваў мастак.
Дыскусія стала больш дынамічнай пасля выказвання Юрыя Стыльскага, лідара рок-гурта “Дай Дарогу!” пра тупіковую мадэль зносін мастакоў і апарату. З палымянай прамовай і болем за стан культуры (“Страшна за культуру!”) выступіў гумарыст Сяргей Пятрухін і сарваў першую авацыю вечара. Арганізатар канцэртаў Зміцер Назараў падзяліўся досведам паспяховай арганізацыі святаў беларускасці і канцэртаў у супрацы з мясцовымі ўладамі, а яго калега Уладзіслаў Філіпаў прапанаваў выдаваць ганарары артыстам-фанаграмшчыкам ксеракопіямі грошай.
Каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі” Ніна Шыдлоўская казала пра тое, што да гэтага часу масавая свядомасць атаясамлівае беларускую культуру з фальклорам, не бачачы яе сучасных праяваў. Пагадзіўся з ёю Аляксандр Грыгор’еў, дадаўшы, што ў Беларусі сапраўды мала хто ведае сучаснікаў, а вось на Захадзе вельмі цэняць беларускіх творцаў.
“Працягваць грукацца ва ўсе дзверы! Папулярызаваць сучасную беларускую культуру і рупіцца пра яе важнасць і значнасць”, – падвёў вынік вечару Зміцер Кісель, вядоўца ток-шоу. Многія прысутныя ў гэты вечар знайшлі аднадумцаў, якіх нават не ведалі раней. Шмат для каго адкрыццём стаў той факт, што з мясцовымі ўладамі можна і варта супрацоўнічаць. Культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” абяцае працягнуць ток-шоу па гарачых тэмах у іншых рэгіёнах краіны.
Алесь Плотка, фота – Аляксандр Ждановіч