Учора ў інстытуце імя Гётэ адбылася прэзентацыя новага рамана Альгерда Бахарэвіча “Шабаны”. Кніга выйшла ў выдавецтве “Галіяфы”. Імпрэза амаль цалкам складалася з чытання выбраных месцаў з кнігі самім аўтарам, відэазвароту рэдактара рамана Сяргея Шупы, якога не пусцілі ў Беларусь “родныя памежнікі”, але самае цікавае пачалося падчас сесіі пытанняў да аўтара.
Ужо за пятнаццаць хвілінаў да пачатку адна з самых прасторных залаў, у якія яшчэ пускаюць пісьменнікаў, была запоўненая цалкам. Тым, хто прыйшоў пазней, а такіх было нямала, давялося стаяць. Цікава, што з прадстаўнікоў старэйшага пакалення літаратараў не прысутнічаў амаль ніхто. Намі быў заўважаны толькі знаны і шанаваны мадэрніст Алесь Разанаў, што сімвалізуе.
Пачалася прэзентацыя з кароткай прамовы прадстаўніцы Інстытута імя Гётэ Веры Дзядок, якая павітала гасцей і “падвяла тэарэтычную базу” пад выбар пляцоўкі для выступу Альгерда Бахарэвіча. Паколькі амаль ніхто з прысутных яшчэ не паспеў прачытаць раман, які толькі за дзень да гэтага выйшаў з тыпаграфскага варштату, яна пераказала адзін з фрагментаў, у якім расказваецца, што нямецкая мова ледзьве не зрабілася моваю слэнгу ў Шабанах, бо яе вывучалі ўсе тамтэйшыя шкаляры. Аднак Вера Дзядок далікатна абмінула іншыя, не такія прывабныя для “афіцыйнага сяброўства культур” моманты рамана, напрыклад, сцэну, у якой адзін з герояў уступае ў сэксуальныя зносіны з нямецкай нацыянальнай стравай.
Пасля гаспадыні слова ўзяў выдавец Зміцер Вішнёў, які павіншаваў усіх з новым выдатным раманам і адзначыў, што “Альгерд расце як літаратар”. Гаварыў адзін з заснавальнікаў Бум-Бам-Літу нядоўга, саступіўшы месца відэазвароту Сяргея Шупы. Надзіва, і гук і відэа, як для літаратурных імпрэзаў, былі проста ўзорнай якасці.
Зайграла жвавая нямецкамоўная песня, потым сціхла, і Альгерд Бахарэвіч, нічога не пракаментаваўшы, пачаў чытаць раман з першай старонкі. Пакуль ён чытаў, на вялікім экране за ягонай спінай дэманстраваліся фотаздымкі Шабаноў і працоўнага раёна Гамбургу, дзе пісьменнік жыве цяпер. Гэта былі звычайныя дэпрэсіўныя фотакарткі, якія так любяць рабіць фатографы-пачаткоўцы: на іх пераважалі масты, шэрыя бетонныя дамы, адзінокія птушкі, рэкі з розных ракурсаў, завадскія коміны. Асабліва шмат было чамусьці старых пакрышак, паламаных фатэляў і тапаграфічных картаў. Альгерд чытаў амаль узорна: здавалася, што даецца яму гэта дастаткова лёгка, беручы пад увагу звычайную каструбаватасць яго маўлення; можна было падумаць, што ён дагэтуль сам захоплены магіяй свайго новага твора або проста доўга рэпетаваў.
Публіка рэагавала добра, але з вялікай павагай: нават смех у месцах, дзе і трэба было смяяцца, людзі стрымлівалі, пырскаючы ў кулакі, быццам было ў смеху было штосьці непрыстойнае. Магчыма, на гэта ўплываў дэманічна падсвечаны настольнаю лямпаю твар Альгерда Бахарэвіча. Пісьменнік нагадваў злога дэмана, які можа саслаць у духоўныя Шабаны кожнага, каму не спадабаецца кніга. Чытаў аўтар без мікрафона, і часам гукі ад фотаапаратаў карэспандэнтаў моцна заміналі слухаць.
Альгерд Бахарэвіч чытаў фрагменты рамана, паміж якімі рабіў невялічкія паўзы. Тады грала любімая музыка аўтара і музыка, якую ён пісаў у маладосці, калі яшчэ граў у гурце “Правакацыя”, рэпетуючы ў лазні ў Лагойску. Было гэта ў тыя часы, калі, па словах аўтара “чарнілы былі смачныя”. Часам паказвалі фотаздымак Альгерда з тых часоў: голы па пояс, жылісты і хударлявы, ён нагадваў маладога Ігі Попа – так што з першага позірку было няясна, гэта Ігі Поп падобны да Бахарэвіча ці Бахарэвіч да Ігі Попа.
Публіка паступова разагравалася і пачынала жвавей рэагаваць на жарты, якія аўтар шчодра рассыпаў па кнізе. Аднак, натуральна, вытрымаць амаль дзве гадзіны, слухаючы прозу, дастаткова цяжка. Таму калі ў зале запалілі святло, усе ажывіліся і з радасцю пачалі задаваць пытанні.
Асабліва публіцы прыйшоўся даспадобы прафесар Савіцкі – мужчына сталага веку, які доўга фармуляваў пытанне, ажно так, што сам заблытаўся, але сутнасць яго зводзілася да таго, што гэта не пытанне, а абвінавачанне аўтара ў непавазе да класікаў, праяўленай у “Гамбургскім рахунку”. Пытанне скончылася фразай: “Можа, я неадукаваны…”, чым імгненна скарыстаўся прысутны ў залі “хлопец з аўтазу” Віктар Марціновіч, які адказаў на тыраду “прафесара”, пачаўшы са словаў “Так, вы неадукаваны…” і скончыўшы абаронай Альгерда Бахарэвіча. Сутнасць прамовы зводзілася да таго, што сп. Бахарэвіч – першы, хто адважыўся і правёў “літаратурную санацыю”, аддзяліўшы пісьменнікаў камуністычных ад проста пісьменнікаў. Людзей паважнага веку ў аўдыторыі было шмат, і размова пра эсэ сп. Бахарэвіча магла доўжыцца бясконца, але гаспадыня вечара Вера Дзядок паклала ім канец, сказаўшы, што дзеля гэтага будзе адмысловая прэзентацыя “Гамбургскага рахунку”.
Аднак “старая гвардыя” выкруцілася і прапанавала выкінуць з рамана адзін з фрагментаў, у якім апісваецца забойства мачыхаю пасынка – маўляў, сцэна занадта крывавая. На што Альгерд Бахарэвіч зазначыў, што гэта ўсяго толькі пераклад на беларускую мову казкі братоў Грым. Праўда, адна з кабетаў паважнага веку расказала, што яна перадала нейкую з кніг Бахарэвіча жанчыне, якой “далі 25 гадоў ГУЛАГу”, і той спадабалася. Задавалі Альгерду і пытанні што да яго эміграцыі, ён даваў адказы, якія мы ўжо атрымалі ад яго ў гэтым інтэрв’ю. Пыталіся і пра перакладчыцкую дзейнасць, якой таксама займаецца Альгерд, на што ён адказваў, што не адчувае сябе перакладчыкам і займаецца гэтым толькі калі выпадае добрая нагода. Падзяліўся Альгерд і тым, што калісьці пісаў вершы і нават прачытаў першыя радкі аднаго з іх: “Я каньяку напіўся са сняжынак, // мая душа паехала ў трамваі…” “Поўная графаманія!” – скептычна пракаментаваў аўтар уласную юначую творчасць. Задавалі Альгерду і пытанні ў духу “давайце пачэшам языкамі”, якія датычылі мінскіх раёнаў, у тым ліку і Шабаноў.
Гучалі таксама і пытанні пра сюжэт і стылістыку рамана, аднак пераказваць іх разам з адказамі бессэнсоўна, не расказаўшы, пра што ж сам раман.
Дык пра што сам раман? Легенда, якая склалася калісьці вакол Шабаноў, ужо знікае, і раён гэты не выглядае такім ужо сатанінскім. Сучасныя падлеткі не зразумеюць цымусу фразы: “Для улыбкі так важны не хадзіць у Шабаны”. Можна было б падумаць, што Альгерд Бахарэвіч акурат і вярнуўся да гэтай легенды, спрабуючы яе рэанімаваць. Але “майстар з Нямеччыны пусціў кісларод” – ён абсалютна па-новаму глянуў на гэты міф і дэканструяваў яго, зыходзячы з пазіцыяў нашага сучасніка.
Кампазіцыйна раман складаецца з дзвюх сюжэтных лініяў. Адна – апавяданне пра Сіманенку, у дзявоцтве Зяблік, маладую жанчыну, у якой знік муж і якая яго шукае і нават “паказвае сіські” дзеля гэтага. А другая лінія – серыя эсэ, у якіх аўтар прэпаруе Шабаны, іх легенду і аналізуе феномен Шабаноў у свеце. Лінія сплеценыя дастаткова арганічна і па цікавасці не саступаюць адна адной.
Пераказваць і аналізаваць эсэ дастаткова бесперспектыўна – іх трэба прачытаць. Адзінае, што можна сказаць, – сп. Бахарэвіч напраўду вучыцца ў майстроў-мадэрністаў працы са словам, віртуозна жанглюючы імі і знаходзячы новыя сэнсы ў самых звычайных на першы погляд літарах. Датычыць гэта і лініі Сіманенка-Зяблік.
Сам сюжэт апавядання пра знікненне дастаткова просты: малады мужчына выходзіць вынесці смецце ў тапачках і знікае. Яго жонка пачынае шукаць яго. Адно што пошукі гэтыя – нейкія пластыкавыя і зводзяцца да напісання заявы ў “паліцыю”. Далей падзеі развіваюцца неяк самі па сабе – вакол галоўнай гераіні, якая ў пачатку аповеду падаецца васковай лялькай, патрэбнай Альгерду Бахарэвічу толькі для таго, каб віртуозна гуляцца з ёю словамі, нібы ў тэніс са сценкаю. На месцы мужа ўзнікае яго брат, які жыве з ёй пад адным дахам (да канца няясна, ці з’яўляюцца яны палюбоўнікамі), брат гэты мастак, які займаецца “мастацкай дэканструкцыяй”, ці, гаворачы па-простаму, разбівае сякераю лядоўні, тэлевізары і іншыя хатнія прыстасаванні (характар выпісаны лепш, чым характар галоўнай гераіні, а галоўнае – больш дасціпна).
А калі і мастак знікае – з’язджае ў Нямеччыну – яго месца займае яшчэ адзін, самы малодшы брат Сіманенкі-які-знік-першы. Трэба зазначыць, што вобразы негалоўных герояў у Бахарэвіча атрымаліся больш яскравымі, чым вобраз галоўнай гераіні. Бо другасныя постаці з’яўляюцца на імгненні і не патрабуюць развіваць іх характары. З вобразам галоўнай гераіні адбываецца дзіўная рэч: яе “пластык” ужо пайшоў шчылінамі, і здаецца, што яна вось-вось разаўецца ў асобу, але гэтага да канца, на жаль, не адбываецца. Крыху прыадкрываючы сюжэт, скажам, што яна ўсё ж знаходзіць мужа, але не ў тым сэнсе, у якім пра гэта думаецца адразу.
У прыватнасці, Руся з грута “Шума” расказала нам, што прыйшла “проста паслухаць”, бо цікавіцца гукамі, яна хацела паслухаць, як гавораць сучасныя беларускія аўтары, але падчас прэзентацыі яна захапілася самой прозай і паабяцала набыць раман.
Рэзюмуючы, можна сказаць, што адбылася не проста прэзентацыя рамана – адбылася прэзентацыя Альгерда Бахарэвіча як аднаго з найлепшых беларускіх пісьменнікаў, хай працэс гэты заняў не адзін вечар. Але па колькасці прысутных, па цікаўнасці да яго творчасці з боку прэсы, па тым, колькі часу ён даваў аўтографы, можна смела сказаць, што менавіта Альгерд Бахарэвіч з’яўляецца адным з лакаматываў, якія цягнуць нашую літаратуру наперад.
Андрэй Адамовіч, фота Зарына Кандрацьева.