Запрашаем на адкрыццё выстаўкі
славутых выцінанак Вячаслава Дубінкі
“Я проста ў далёкай вандроўцы…”,
прысвечаную памяці знакамітага майстра
Народжаны ў старажытным і вольналюбівым Слуцку, Вячаслаў Дубінка быў і застанецца унікальным для Беларусі творцам. Гэты шчодра надзелены разнастайнымі талентамі, магутным жыццёвым аптымізмам і неадольнаю прагаю падарожжаў чалавек стаў сябрам чатырох творчых саюзаў: журналістаў, пісьменнікаў, мастакоў і народных майстроў.
Ягоныя газетныя нарысы і публіцыстычныя артыкулы пазнаваліся з першых словаў. Ягоныя прасякнутыя незнішчальным гумарам і адметныя сакавітай слуцкай гаворкаю кнігі “Паплач ля роднае крынічкі”, “Не плач, душа мая”, “Браты святой ночы”, “Сіндыкат Мані Дулі” не толькі працягваюць чытацца, але і маглі б стаць літаратурным “грунтам” для авантурных кінасерыялаў.
Фотамастакі лічылі яго і сябрам свайго творчага саюза – усё ніяк не мог сабрацца занесці дакументы ў прыёмную камісію. Яе вердыкт быў вядомы наперад, бо Вячаслаў Дубінка доўгія гады працаваў фотакарэспандэнтам “Звязды”, стаў аўтарам фотаальбомаў “Нясвіж”, “Брэст”, “Магілёў”, “Бабруйск”.
Але найбольшую вядомасць прынесла Вячаславу старадаўняе мастацтва выцінанкі. Менавіта ён вярнуў беларускую выцінанку з нябыту і стварыў яе цэлую сучасную школу. Ягоныя выцінанкі шмат разоў экспанаваліся ў Беларусі і за мяжой. У нас на памяці поспех нядаўніх выставаў у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры і ў музейным комплексе “Дудуткі”.
Выцінанкамі Вячаслава Дубінкі не раз ілюстраваліся кнігі. Шмат хто з беларускіх дзяцей мае цудоўна аздобленую майстрам кнігу Артура Вольскага “Жывыя літары”. Ажылі і самі творы Вячаслава Дубінкі. На іх аснове рэжысёр-мультыплікатар Міхась Тумеля здымае цыкл фільмаў “Беларускія прымаўкі”. Першыя з іх ужо здабылі ўзнагароды на міжнародных конкурсах і фестывалях.
Вячаслаў Дубінка глядзеў на жыццё заўсёды крыху здзіўленымі незамглёнымі вачыма дарослага дзіцяці. У сваім апошнім інтэрв’ю ён сказаў, што жыве, кожны дзень чакаючы дзіва. Цяпер з дзівам, падараваным ягоным унікальным талентам, сустрэнемся мы самі. На вялікі жаль, без майстра. Але хіба сапраўдны талент памірае?..
Адкрыццё выстаўкі адбудзецца 6 кастрычніка а 17-й гадзіне
па адрасе: вул. М.Багдановіча, 7а (Траецкае прадмесце).
Выстаўка будзе доўжыцца да 24 кастрычніка
Тэлефон для даведак: 8 (017) 334-07-61