«Моўнае пытанне» зноў на парадку дня. А дакладней, двухмоўе. У межах Лятучага ўніверсітэта і Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» адбылася публічная дыскусія «Білінгвізм як культурная стратэгія. Шлях да росквіту ці заняпаду?» У пачатку мерапрыемства адзін з яе ініцыятараў, філосаф Ігар Бабкоў, выказаў спадзяванні, што сённяшняя размова стане «спробай разгледзець самыя розныя пазіцыі, пры гэтым не рвучы кашулі, а спрабуючы дамовіцца і ўбачыць адно аднаго». Мы сачылі за развіццём дыскусіі і натавалі самыя цікавыя высновы і думкі яе ўдзельнікаў.
Пакуль збіраліся выступоўцы, праблему двухмоўя абмяркоўвала неабыякавая публіка.
Распачаў мадэратар Ігар Бабкоў:
«Беларускае грамадства насамрэч не дзеліцца на беларускамоўных і рускамоўных. Няма такой геаграфічнай мяжы, паводле якой з правага боку сядзяць рускамоўныя, а з левага – беларускамоўныя. Такая мяжа праходзіць у свядомасці кожнага з нас. Беларускае грамадства складаецца з абсалютнай колькасці білінгваў з рознымі спосабамі карыстання гэтымі дзвюма мовамі. Людзі, якія заяўляюць, што валодаюць толькі адной мовай, складаюць абсалютную меншасць».
Перабіваючы адно аднаго, слова (на дзвюх мовах, але ў асноўным па-руску) прасілі зацікаўленыя з залы. Галоўны прэтэндэнт на «свабодны мікрафон», вядомы персанаж разнастайных дыскусій і падзей культурнага асяроддзя Мінска Леў Крывіцкі, быў першым. «Білінгвізм – натуральны стан беларускага этнасу, – пачаў аўтар кнігі «Сучасны гуманізм». – Так было ў гісторыі і так будзе заўсёды. У часы ВКЛ беларусы размаўлялі на старабеларускай мове, якая была звязаная з рускай. Там нават было оканне, хоць для беларускай мовы характэрнае аканне. Такім чынам, яны гаварылі «не кожнага», а «кождого».
«Гэта пісалі так», – пачала папраўляць публіка.
«Пісалі і гаварылі, – гнуў сваю лінію Крывіцкі. – І рабілі значна большы ўклад у развіццё рускай мовы, чым Масковія».
«Ну адкуль у вас такія звесткі?» – абуралася зала.
Вайна культур ці шматфункцыянальнасць?
Сітуацыя выходзіла з-пад кантролю, таму мікрафон аператыўна перахапіў вядоўца Ігар Бабкоў. «Беларуска-расійскі білінгвізм паўстае ў 60-70-я гады ХХ стагоддзя ў выніку раптоўнай урбанізацыі грамадства і перасялення асноўнай масы беларусаў з вёсак у гарады, – расказаў філосаф. – Пачынае фармавацца вельмі спецыфічны тып білінгвізму, які можна назваць каланіяльным. Беларускаму складніку адводзілася роля лакальнай этнаграфічнай, гэтакай мясцовай экзотыкі, а руская частка выконвала ролю ўніверсальнай культуры. У Мінску 80-х гадоў, калі ўзнікала патрэба звярнуцца да нейкіх універсальных рэчаў, ты вымушаны быў выскокваць з беларускага кантэксту. Тут варта прыгадаць Алеся Адамовіча, які пісаў па-руску і матываваў гэта жаданнем разламаць гэтую апазіцыю.
Але ў другой палове 80-х адбываецца культурная рэвалюцыя. Тое ж пакаленне «Тутэйшых» стала спробай вывесці беларускую культуру з лакальна-этнаграфічнага гета. Беларусы раптам перасталі глядзець на рускую культуру як на ўніверсальную. Свае гарызонты гэтае ўніверсальнасці спрабавала шукаць і беларуская культура. Тады ж паўстаў і міф еўрапейскасці беларускай культуры. Паспяхова гэта было ці не – пытанне іншае. А ў 90-я адбывалася тое, што Валянцін Акудовіч назваў «вайной культур». Рэшткі гэтага антаганізму, гэтай вайны дагэтуль захоўваюцца ў нашай свядомасці».
«Я вырасла ў мінскім двары, дзе гучала дзве мовы, – кажа культуролаг Юлія Чарняўская. – Гэта быў пісьменніцкі двор на Карла Маркса. Мы тады не вельмі разумелі, што гаварылі на дзвюх розных мовах. Проста з мужчынамі-пісьменнікамі размаўлялі трошкі інакш, чым з іх жонкамі і дзецьмі, але не разумелі, што з пісьменнікамі гаварылі па-беларуску, а з іх сем’ямі – па-руску. Таму вайны, пра якую казаў спадар Акудовіч, я не заўважала. Я хутчэй заўважала рознафункцыянальнасць, пра якую сказаў Ігар Бабкоў.
У 70-я і раннія 80-я можна было назіраць дзіўную рэч – агульную русіфікацыю на фоне агульнай культуры. У тыя часы вельмі лёгка было “адкасіць” ад вывучэння рускай мовы ў школе, можна было спакойна жыць у Мінску, быццам жывеш у Маскве, не звяртаючы ўвагі на беларускае. Але, напрыклад, надрукавацца на беларускай мове было значна прасцей, чым на рускай. У Мінску быў адзін рускамоўны часопіс «Нёман», каб трапіць туды, трэба было чакаць каля пяці гадоў. Менавіта таму Васіль Быкаў не мог апублікавацца ў Мінску раней, чым у Маскве, у «Новом мире».
«Рускамоўны беларускі нацыяналізм магчымы»
Наступны выступоўца, метадолаг Уладзімір Мацкевіч, раптам зазначыў, што «моўныя дыскусіі ў Беларусі вядуцца сёння на нізкім інтэлектуальным узроўні».
«А для беларусаў гэта стратэгічна небяспечнае пытанне, – сказаў Мацкевіч. – Але гэта складана растлумачыць людзям, якія разглядаюць пытанні мовы ў побытавым плане, у плане ўласнага асабістага камфорту, у плане штодзённага жыцця. Калі зірнуць на праблему з пункту гледжання гісторыі, мы пабачым небяспеку, якую сёння назіраем у выпадку з паўднёва-ўсходнімі рэгіёнамі Украіны. Нездарма ў інтэрнэце з’явіліся жарты: «Цішэй, не размаўляй па-расійску, таму што старэйшы брат прыйдзе вызваляць цябе». Сапраўды, калі расіяне ў 90-я гады пачалі велізарную праграму па стварэнні рускага свету, яны адразу мелі на ўвазе гэтую міну затрыманага дзеяння, якая павінная была выбухнуць. У Латвіі, напрыклад, гэта не міна, а штодзённыя сутычкі. Сёння латвійскія грамадзяне адмаўляюцца вучыць латышскую мову, змагаюцца за права весці стасункі толькі па-расійску. Гэта ўзводзіцца ў прынцып».
«Першая праблема, якую трэба вырашаць, – падагульніў Мацкевіч, – гэта дыстанцыяванне ад рускага свету. Мы, беларусы павінныя, як кажуць у маркетынгу, «адстроіцца» ад рускага свету. Нават калі мы выкарыстоўваем у якасці першай рускую мову. Рускамоўны беларускі нацыяналізм магчымы і нават прадуктыўны. Нацыяў-білінгваў у свеце досыць, каб мы не парыліся з гэтай нагоды.
Мы не павінныя супрацьпастаўляць беларускую мову рускай, якая з’яўляецца дзяржаўнай. У гэтым сэнсе мы гаспадары над гэтай рускай мовай. Гэта нашая руская мова. Мы можам усталёўваць у ёй свае правілы, можам пісаць тлумачальныя слоўнікі. Расія больш не суверэнная над нашай рускай мовай. І патрыятызм, і нацыянальнае будаўніцтва мы павінныя весці на абедзвюх мовах. Калі б не гістарычныя абставіны, іх магло быць і чатыры».
Беларусь фармуецца не на базе беларускай мовы, а дзякуючы дзяржаве і ўсім яе інстытутам
Слова перайшло да Валянціна Акудовіча:
«Калі мне даводзіцца пісаць тэкст па-руску, гэта перш за ўсё пакута. Па-другое, я пішу агульнай рускай мовай, а сваёй рускай мовы ў мяне няма. А ўласная беларуская мова –ёсць. У маім эсэ «Вайна культураў» гаворыцца пра тое, што са з’яўленнем беларускай свядомасці ў нас пачынаецца вайна рускай і беларускай культураў. І ў гэтай вайне найбольш цярпіць мова. Але гэта я даўно пісаў, цяпер мне такая рыторыка не надта даспадобы. За гэты час стала зразумела, што руская мова так і не змагла перамагчы беларускую, не здолела ўшчэнт разбіць ворага. І разам з тым беларуская мова не здолела так супрацьстаяць рускай, каб тая саступіла. Таму мы цяпер знаходзімся ў сітуацыі прызвычайвання рускамоўных да беларускамоўных і наадварот».
«Калі мы пачалі лаяльна ставіцца да людзей з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй, – працягнуў філосаф, – няўжо цяжэй палюбіць чалавека з рускай мовай? Пакрысе мы перасталі актуалізаваць галоўную ідэю беларускага адраджэння – ідэю пра тое, што Беларусь як нацыя можа паўстаць толькі на беларускай мове. Што, калі мы не будзем гаварыць па-беларуску, ніякай нацыі не будзе. Гэтая ідэя сёння не плённая. Ужо больш за 20 гадоў Беларусь фармуецца не на базе беларускай мовы, а дзякуючы дзяржаве і ўсім яе інстытутам – сацыяльным, палітычным. Як казаў Эрнэст Рэнан, нацыя – гэта штодзённы плебісцыт. Хочам мы гэтага ці не хочам. Мы купляем беларускія квіткі, глядзім ці не глядзім беларускае тэлебачанне, і гэта больш магутны фактар, чым мова.
Хаця асабіста для мяне мова – дом быцця. Руская мова – гэта функцыя, а беларуская мова – нашая галоўная сакральная каштоўнасць. Усё найлепшае, што было створанае на гэтай зямлі, створанае на беларускай – ад Бібліі Скарыны да Статута ВКЛ. І яна гэтай каштоўнасцю будзе заставацца, нават калі знікне. Малаверагодна, што беларуская мова будзе калі-небудзь дамінаваць. Але з іншага боку, яна мае вялікі патэнцыял генерацыі. Здаецца, ужо ўсё вынішчылі, ужо сядзяць па тых закутках як мышы і шэпчуцца – але не, зноў вылазяць».
Кожны, хто пачынае абараняць рускую мову, развязвае вайну?
«У гэтай дыскусіі я адчуваю сабе вельмі няўтульна, – паскардзіўся Уладзімір Мацкевіч, – такім вось лінгвістам сярод філолагаў. Нават не лінгвістам, а хутчэй сацыялінгвістам, палітыкалінгвістам. Яшчэ раз акцэнтую: мова – гэта не тое, што дае нам магчымасць вітацца ці прасіць кагосьці падаць шклянку вады. Мова – гэта тое, у чым існуе культура, мысленне, свет. Мова – гэта зброя, гэта прылада, якой мы гэты свет мяняем. Можна ўсхваляць мову, але давайце гаварыць пра праблему. А праблема якая? Тая ж самая вайна культураў. Калі мова сакральная, гэта падстава не для вайны культураў, а ўжо да вайны звычайнай, самай сапраўднай. Бо ўсе войны вядуцца за сакральнае, а мова – гэта сродак. Сёння ў мітрапаліта запыталіся,чаму б набажэнствы не перавесці на рускую. Ведаеце, што ён адказаў? «Гэта небяспечна – пачнецца вайна». І ён мае рацыю. Бо калі перавесці набажэнствы са старажытнаславянскай мовы на рускую, беларусы запытаюцца: чаму так?
Наступ на рускую мову павінен быць. Але калі мы пачнем гэты наступ, мы атрымаем сітуацыю з Крымам і з Паўднёва-ўсходняй Украінай. Пашырэнне выкарыстання адной мовы разглядаецца як уціск другой. І пакуль мы будзем спяваць песні і танцаваць па-дэ-дэ вакол моўнага пытання, мы будзем мець прычыны для вайны. І гэтыя прычыны мы ствараем сваімі нелагічнымі несістэмнымі выказваннямі і тэорыямі. Замест таго каб нармалізаваць сітуацыю, мы паглыбляем яе, нараджаючы рыгарыстаў беларускай мовы.
Ніякае пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ў Беларусі не можа нанесці шкоды рускай мове. Кожны, хто пачынае абараняць рускую мову, якой нішто не замінае (нават калі будзе прыняты закон аб адзінай дзяржаўнай мове – беларускай), аўтаматычна стварае прычыну для развязвання гэтай вайны».
Нагадаем, што дыскусія на тэму “Білінгвізм як культурная стратэгія” адбылася ў межах Лятучага ўніверсітэта і Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь”. За раскладам наступных мерапрыемстваў можна сачыць на сайце http://fly-uni.org/.
Кася Кірпацік, фота: Зарына Кандрацьева