Скептыкам, якія лічаць, што ў Беларусі няма ні прэс-фатаграфіі, ні прэс-фатографаў, прыйшоў час перагледзець свае погляды. Прэзентацыя доўгачаканага альбома, у які ўвайшлі працы фіналістаў першага конкурсу «Прэс-фота Беларусі — 2010», адбылася 3 сакавіка ў галерэі «Ў».
Такую колькасць прэс-журналістаў можна ўбачыць хіба што на значных для краіны мерапрыемствах. Пацешна было назіраць, як фатографы фатаграфавалі фатографаў.
Сяргей Міхаленка
Кароткую гісторыю з’яўлення конкурсу і стварэння фотаальбома «Прэс-фота Беларусі» расказаў яго ідэйны натхняльнік, кіраўнік фотапартала «Zнята» Сяргей Міхаленка:
«Прыемна бачыць, што сабралася столькі людзей. Чарговым разам пераконваешся, што прэс-фатаграфія цікавіць не толькі фатографаў і більд-рэдактараў, але і публіку, якой цікавая сама фатаграфія.
У 2010 годзе адбыўся першы поўнамаштабны конкурс прэс-фатографаў Беларусі. Больш за дзевяноста фатографаў з усёй краіны даслалі свае працы. Вельмі прыемна, што ўзялі ўдзел не толькі мінчукі. У лік пераможцаў увайшлі прадстаўнікі розных рэгіёнаў краіны, што таксама радуе і сведчыць пра тое, што прэс-фатаграфія жывая не толькі ў сталіцы, але і развіваецца па сваіх законах у рэгіёнах.
На мой погляд, цяпер прэс-фатаграфія — значны напрамак фатаграфіі. Гэта дакументалістыка, якая адлюстроўвае і паказвае ўсё тое, што адбываецца ў нашым свеце, горадзе, краіне і за яе межамі. Менавіта прэс-фатаграфія будзе тым матэрыялам, які будуць вывучаць людзі праз дзесяць, дваццаць, пяцьдзясят гадоў.
Конкурсы праводзіць у нашай краіне не так проста, як бы сумна гэта ні гучала. Але прыемна, што знаходзяцца людзі, гатовыя займацца такімі праектамі ў вольны ад працы час».
Юлія Дарашкевіч
У сваю чаргу, адзін з арганізатараў конкурсу «Прэс-фота» Вадзім Заміроўскі («БелГазета») расказаў пра змены, унесеныя сёлета:
«Мы паслухалі вашыя рэкамендацыі і пажаданні, і з’явілася новая намінацыя “Народныя традыцыі”, серыі здымкаў цяпер аддзеленыя ад адзінкавых, ёсць змены і ў шэрагу тэхнічных умоваў.
Вадзім Заміроўскі
Летась па выніках конкурсу мы правялі дзевяць выставаў: у Беларусі, Польшчы, Украіне, Расіі. Выставы — гэта выдатна, але яны маюць непрыемную ўласцівасць — сканчацца. А вось кніжка, якую мы сёння прэзентуем, застанецца надоўга. Яе выхад — гэта тое, што з гісторыі ўжо нікуды не сыдзе. Пройдуць гады, людзі будуць меркаваць пра нашае сённяшняе жыццё па гэтых здымках. Бо фотакор — па-свойму летапісец. Мы ў пачатку гісторыі, бо раней такіх выданняў не было».
Алена Кушнір
Больш падрабязна пра каталог расказала яго рэдактар, таксама пераможца конкурсу Юлія Дарашкевіч:
«Гэты каталог — перш за ўсё своеасаблівы зрэз прафесійнага майстэрства беларускіх прэс-журналістаў, таму што такі альбом выходзіць упершыню. І ўпершыню ў ім сабрана столькі аўтараў. Трыццаць чатыры! Яны вельмі розныя: і маладыя аўтары-пачаткоўцы, і аўтары з вялікім прафесійным стажам, якія працуюць у прафесійных агенцыях, ёсць журналісты з недзяржаўных газетаў, ёсць журналісты з дзяржаўнай прэсы. Таму, гэты каталог — рэч сапраўды ўнікальная, бо шмат аўтараў, шмат розных поглядаў. Альбом атрымаўся вельмі разнастайным, як мне падаецца, можа быць, стракатым, але, я лічу, што кожны знойдзе ў ім тое, што яму падабаецца».
Марына Бацюкова
А пераможца конкурсу ў намінацыі «Навіны» Васіль Фядосенка (Reuters) назваў выхад каталогу значнай падзеяй у фатаграфічным жыцці краіны і падкрэсліў:
«Работа прэс-фатографа ў тым і палягае, каб трохі варушыць і бударажыць грамадскасць даступнымі нам сродкамі».
Васіль Фядосенка
Самым пацешным момантам цырымоніі, без сумневу, стаў аўкцыён. Кошт асобніка кнігі падняўся ўтрая. Шчаслівай уладальніцай альбома з аўтографамі, дыска і пацалунка ад вядоўцы Змітра Вайцюшкевіча стала Алена Кушнір. У сваю чаргу, Зміцер парадаваў публіку песнямі. Прысутныя, хоць і не падпявалі (інтэлігенцыя!), але слухалі ўважліва.
«Я люблю, калі фатаграфія гаворыць, калі яна жывая. Вось гэтыя здымкі ў большасці сваёй жывыя і сапраўдныя. Гэта — погляд з боку. Каталог «Прэс-фота» — карціна, якая дапаможа адкрыць усім астатнім нашу краіну. Таму для мяне кайф удзельнічаць у сённяшнім мерапрыемстве», — падзяліўся ўражаннямі музыка.
Нагадаем таксама, што прыём працаў на конкурс «Прэс-фота Беларусі — 2011» скончыцца праз тыдзень. Як сказаў пра гэта Вадзім Заміроўскі, «хто яшчэ не даслаў свае працы на конкурс, але збіраецца гэта зрабіць — не адкладайце на апошні дзень».
Афіцыйны сайт конкурсу — pressphoto.by