Адкрываю выданне «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911–1912 гадоў» (з серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў», прэзентацыя якой адбылася ў ZНЯТА ) на першай, якая трапіла, старонцы. Чытаю пра выпадак, што адбыўся з фатографам-этнографам у мястэчку Петрыкаў. Падчас адной са сваіх этнаграфічных вандровак (а было гэта стагоддзе таму) па Беларусі Сербаў вельмі хацеў зняць Ільінскі кірмаш, куды «палешукі прыганялі сваіх валоў, цыганы прывозілі коней і дзе яўрэі таргавалі “красным товаром». Але перашкодзіла паліцыя — фатографа арыштавалі і адправілі да прыстава. Прыстаў дазволіў працягваць працу, але светлавы дзень заканчваўся, а творчы настрой быў сапсаваны.
Ды і не толькі ў паліцыі справа. Мясцовае насельніцтва, жыхары палескіх вёсак, насцярожана ставіліся да чалавека з фотаапаратам. Быў час, калі Сербаў спрабаваў вандраваць на ровары, але ад гэтай ідэі прыйшлося адмовіцца: такі транспарт быў не зразумелы палешукам, людзі зачыняліся, адмаўляліся пазіраваць дзіўнаму незнаёмцу.
Хтосьці з гасцей прэзентацыі «Беларусаў у фотаздымках» Сербава слушна заўважыў, што за сто гадоў у калектыўнай псіхалогіі беларусаў нічога не памянялася. Сербаў піша, што вельмі цяжка фатаграфаваць незнаёмых людзей, цяжка паразумецца з маладымі (са старэйшымі — прасцей, а з жанчынамі, напрыклад, прасцей завесці размову, чым з мужчынамі) і што фатографаў арыштоўваюць за працу.
Дык вось, пра Сербава. На жаль, пра гэтага чалавека вядома не так шмат. Працаваў ён настаўнікам, памёр у Мінску ў 1943 годзе, у архіве нацыянальнай акадэміі навук, дзе ён таксама лічыўся, асабістая справа адсутнічае. А між іншым, Ісак Сербаў здзейсніў некалькі грандыёзных і плённых экспедыцый па беларускіх вёсках і пакінуў пасля сябе вялікую этнаграфічную спадчыну: усяго захавалася каля 600 ягоных фотаздымкаў.
У альбоме «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911–1912 гадоў» упершыню публікуецца 442 арыгінальных этнаграфічных фатаграфій Сербава, якія захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта (Літва).
Фотаздымкі былі выкананыя ў 74-х населеных пунктах у Пінскім, Гомельскім, Слуцкім, Бабруйскім, Мазырскім, Рэчыцкім паветах. Восем населеных пунктаў былога Пінскага павета, якія наведаў Сербаў, цяпер уваходзяць у склад Украіны. У 1913 этнограф ездзіў у экспедыцыю па Драгічыншчыне, Кобрыншчыне і па вёсках сённяшняй Брэсцкай вобласці, але, на жаль, гэты матэрыял дагэтуль не знойдзены — ёсць здагадка, што фота згубіліся пад час вайны.
Паводле словаў складальніцы альбома, мастацтвазнаўцы Вольгі Лабачэўскай, Сербаў невыпадкова імкнуўся даследаваць краіну дрыгавічоў: ён лічыў, што з усіх беларускіх плямёнаў менавіта дрыгавічы, насельнікі глухіх лясоў і гразкіх балот, захавалі больш поўныя нацыянальны старажытнарускія рысы не толькі ў побыце, але ў выглядзе і характары.
Сказаць, што здымкі ўнікальныя — не сказаць нічога. Гэта вялікі гістарычны пласт, грандыёзны праект, вандроўка ў мінулае. Як выглядалі нашыя продкі, як працавалі і адпачывалі. Звычкі, святы, побыт палешукоў — усё гэта адлюстраванае ў фотаздымках і нататках Сербава.
Вось бабухна Параска Махнач, 70 гадоў, два аршыны тры вяршкі, у куртцы і каптуры, вёска Чурылава Гомельскага павета, 1912 год. Далей — Антось Іваноў–Шашкоў, 70 гадоў, два аршыны два вяршкі, вёска Сямёнавічы Ігуменскага павета, 1912 год. А ў гераіні вокладкі (вось ужо дзе цікавая гісторыя), жанчыне з маленькай дзяўчынкай на руках, Уладзімір Дражын (Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літоўскай Рэспубліцы і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Фінляндскай Рэспубліцы па сумяшчальніцтве) пазнаў сваю бабулю, якую памятае з дзяцінства.
Сербаў не толькі фатаграфаваў, але і падрабязна канспектаваў асаблівасці той ці іншай вёсачкі, і ў выніку атрымаліся адначасова і цікавыя дарожныя нататкі, і каштоўны этнаграфічны матэрыял.
Вось, напрыклад: «У побытавых адносінах Сямёнавічы падобныя да Чурылава, але толькі яшчэ больш адхіліліся ў бок да гарадскога жыцця. Усё старадаўняе — пабудовы, прылады, адзенне — замяняецца новым. Маладое пакаленне хутка пераймае звычкі гараджан».
Альбо нататкі з Грыцэвічаў Слуцкага павета Мінскай губерні (1912 год): «Ва ўсім тут бачна чыстата і ахайнасць як асноўная рыса насельніцтва. Нават на працу выходзяць добра і чыста апранутыя. Асабліва выдзяляюцца сваёй стракатасцю жаночыя строі з нязменным красным дзятлам, ці каптуром, які надае своеасаблівы каларыт».
«Сербаў паказаў нам, як актыўна змянялася жыццё Палесся, — каментуе Вольга Лабачэўская. — У 1905 палешукі з’язджалі на заробкі ў Амерыку, іх стыль жыцця актыўна мяняўся, мяняліся дамы, побыт. Этнограф здымаў меліярацыю ў Гомельскай вобласці. На яго фотаздымках можна ўбачыць цэрквы, якія былі знішчаныя ў савецкія часы. Ці, да прыкладу, «Дзень белай кветкі» ў 1911 годзе ў Мінску — дабрачынная акцыя па зборы сродкаў для лячэння хворых на сухоты. Людзі давалі грошы і атрымлівалі белую кветку — цікавы і малавядомы факт з жыцця горада, зафіксаваны Сербавым».
Падарожнічаў Сербаў пры фінансавай падтрымцы паўночна-заходняга аддзялення рускага геаграфічнага таварыства. Не без прыгодаў. Напрыклад, падчас аднаго з пераездаў яму не дазволілі ўзяць з сабой у вагон цягніка шкляныя негатывы — этнограф вымушаны быў здаць усё дабро ў багаж. А калі прыехаў на станцыю, аказалася, што негатывы скралі разам з тэхнікай. Спачатку з фатографа хацелі ўзяць грошы за праваленую справу. Але паднялася інфармацыйная хваля, пра гэты выпадак напісалі ў віленскіх газетах, і Сербаву набылі новую тэхніку.
«Пачаўшы працаваць з фотаздымкамі Сербава, я зразумела, што адкрываю для сябе новую сапраўдную Беларусь, — расказвае Вольга Лабачэўская. — Сербаў разбівае стэрэатыпы пра тое, што беларусы былі беднымі і ўбогімі. Вось, да прыкладу, экспазіцыя расійскага этнаграфічнага музея ў Санкт-Пецярбурзе: з усіх суседзяў (украінцаў, напрыклад, ці малдаван, што таксама недалёка ад нас) мы там паказаны самымі непрывабнымі. Нашыя цудоўныя касцюмы — іх быццам не існуе! А на фотаздымках Сербава мы бачым зусім іншы візуальны вобраз. Прыгожыя людзі з пачуццём ўласнай годнасці — і ніякіх беднасці і ўбогасці».
Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева